Летась у сакавіку жыхары вёскі Сурвілішкі — 85-гадовы Іосіф і 86-гадовая Людміла Пашкевічы — былі аднымі з герояў рэдакцыйнага праекта «Вёсачка». У мінулы аўторак сямейная пара зноў «засвяцілася», але ўжо на папулярным YouTube-канале, зняўшыся ў першым кліпе беларускага гурта «Добрыя людзі». Пра падрабязнасці здымачнага працэсу карэспандэнту «ПК» расказала жонка роднага ўнука Пашкевічаў — Ганна Цыбулёнак, якая там асабіста прысутнічала.
— Сутнасць кліпа заключаецца ў тым, што ўдзельнікі гурта імкнуцца рабіць людзям дабро. Менавіта такую назву носіць і сама песня, — расказвала Ганна Цыбулёнак. — Яны прыехалі да бабулі з дзядулем, выканалі пасільную работу на прысядзібным участку, частковы рамонт хаты, а затым з’ехалі, пакінуўшы пасля сябе добрыя справы і светлыя ўспаміны.
Ганна паведаміла, што яшчэ ў пачатку вясны прадзюсар музычнага гурта Яўгейній Алейнік звярнуўся да старшыні Камайскага сельскага Савета Генадзія Урбанайця з просьбай знайсці для здымак кліпа маляўнічае месца, дагледжаны вясковы дом і сямейную пару шаноўнага ўзросту. Той і назваў сям’ю яе мужа — бабулю з дзядулем.
У красавіку прадзюсар і дзве ўдзельніцы калектыву наведалі Сурвілішкі. Агледзеўшы тэрыторыю, аднагалосна вырашылі, што гэта ідэальнае месца для будучай відэаздымкі. Вярнуцца паабяцалі ў наступным месяцы.
— Надышоў май — цішыня. Мы некаторы час знаходзіліся ў нявызначанасці, мяркуючы, што планы маглі памяняцца, — працягвала Ганна. — Аднак ужо другога мая сітуацыя рэзка змянілася.
Першымі, па словах суразмоўцы, прыбылі два будаўнікі, якія па дамоўленасці з прадзюсарам узялі на сябе асноўную работу па рамонце дома — падрамантавалі падмурак і канёк на даху. (Не артыстам жа гэта выконваць!) Следам даставілі неабходныя будматэрыялы і абсталяванне, уключаючы будаўнічыя рыштаванні. Апоўдні прыбыла ўся здымачная каманда разам з прадзюсарам і чатырма ўдзельнікамі гурта «Добрыя людзі».
Ганна расказала, што на здымкі кліпа яны адправіліся ўсёй сям’ёй як група падтрымкі: свёкар, свякроў і яна з мужам. Аднак узнікла праблема: у той дзень бабуля знаходзілася ў бальніцы. Пачуўшы гэта, прадзюсар сур’ёзна занепакоіўся: без бабулі здымкі страцілі б сэнс.
— Вырашылі дзейнічаць рашуча: муж аператыўна забраў прама з бальніцы бабулю, якой толькі што адкапалі кропельніцу, і даставіў яе на здымачную пляцоўку. І «кіно» пачалося!
Кадры кліпа сабралі ўвесь вясковы «ансамбль». Там і бабуля з дзядулем, і каларытныя хаткі, і бусел у гняздзе… Аня ўспамінае, што ўся вёска ахвотна адгукнулася на дапамогу: хтосьці даў каня з возам, хтосьці — карову з цяляткам. Прыгажосць прыроды таксама адыграла важную ролю: камера з дапамогай квадракоптара «лавіла» прыгожыя лугі, спакойнае люстэрка мясцовага возера і драўляны самаробны пірс, на якім заліхвацка прытанцоўвалі сталічныя хлопцы і дзяўчаты.
— Нам было вельмі займальна назіраць за працэсам здымак, — працягвала Ганна. — Усе ўдзельнікі аказаліся простымі, добразычлівымі і адкрытымі людзьмі. Пастаянна дзякавалі за дапамогу ў арганізацыі, шчыра захапляліся вясковай прыгажосцю і гасціннасцю. Да 18 гадзін калектыў працаваў над кліпам. За дзень уся работа была зроблена! Паспяхова адыграўшы сваю ролю, наша бабуля Люся ў прыўзнятым настроі зноў адправілася ў палату.
Цікавым аказаўся і той факт, што адна з салістак гурта — Ангеліна Пушкар — мае глыбокія карані ў нашых краях: яе бацька родам з Пастаў. Дзядуля Ангеліны, Цімафей Пушкар, памёр. Бабуля Раіса прысвяціла сваё жыццё рабоце бухгалтара на хлебазаводзе, які знаходзіўся непадалёк ад гарадскога рынку. Сёння яна жыве разам з дачкой у Падмаскоўі. Дзядзька Віктар працаваў намеснікам начальніка аддзела міліцыі, а пазней узначаліў службу аховы прыроды раёна. Ён і цяпер пражывае ў райцэнтры. Сям’я беражліва захоўвае дом бабулі і дзядулі, рэгулярна наведвае родныя мясціны.
Гэта гісторыя паказвае, як важна аб’ядноўвацца дзеля агульнай справы. А наколькі выдатным можа аказацца творчы працэс удалечыні ад гарадской мітусні, вы зможаце ўбачыць самі, адкрыўшы старонку YouTube з кліпам на песню «Дабро» гурта «Добрыя людзі». Запэўніваю: ногі самі панясуць вас у скокі, а сэрца пры гэтым напоўніцца цеплынёй і жаданнем рабіць добрыя ўчынкі.
Крысціна Рубель










