Как на Поставщине будет проходить летнее оздоровление детей, рассказала Марина Танона

Общество

Да канікулаў у школьнікаў яшчэ месяц, а ўжо сёння вядома, як на Пастаўшчыне будзе праходзіць летняе аздараўленне дзяцей.

Падрыхтоўка да яго пачалася ў студзені, калі ўстановы адукацыі сталі высвятляць у бацькоў вучняў, хто з іх жадае адпра­віць дзіця ў лагер. Да 1 красавіка сфарміравалі пералік лагераў, якія будуць працаваць на тэрыторыі раёна. Інфармацыя пра іх: месца знаходжання, кошт пуцёўкі, колькасць дзяцей, працягласць змены — размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Такім чынам, гэтым летам у раёне расчыняць свае дзверы 17 дзіцячых аздараўленчых лагераў, якія прымуць 783 хлопчыкаў і дзяўчынак. 631 дзіця зможа адпачыць і ўмацаваць здароўе ў дзённых лагерах, у тым ліку 45 — у лагеры працы і адпачынку. 20 школьнікаў правядуць 15-дзённую змену ў кругласутачным палатачным лагеры на базе в/ч 74384 у Азёрках, 132 — у кругласутачным лагеры на базе АДРАЦ «Ветразь».

Как на Поставщине будет проходить летнее оздоровление детей, рассказала Марина Танона

— З кожным годам патрабаванні да арганізацыі дзіцячых аздараўленчых лагераў становяцца ўсё больш жорсткімі, асабліва ў плане бяспекі дзяцей, — расказвала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона. — Сёлета адбыліся істотныя змены ў заканадаўстве. Перш за ўсё, стаў іншым падыход да выдачы дазволаў на адкрыццё лагераў. Калі раней акты іх гатоўнасці падпісвалі некалькі асоб за тыдзень да адкрыцця, то зараз у раёне створана спецыяльная міжведамасная камісія, куды ўваходзяць кіраўнікі ўсіх структур, якія адказваюць за бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагеры. Акты будуць падавацца спачатку ў раённае, а затым у абласное прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, і толькі тады можна будзе атрымаць дазвол на адкрыццё.

Таксама з гэтага года ўсе аздараўленчыя лагеры, акрамя спартыўных, атрымалі да сваёй назвы прыстаўку «выхаваўчы», паколькі даўно рэалізуюць адпаведныя праграмы. Дзеці ў іх павінны не толькі аздараўлівацца, але і атрымліваць нейкія карысныя веды, займацца праектнай дзейнасцю. Таму на Пастаўшчыне павялічыцца колькасць профільных лагераў. Да экалагічнага «Следапыт», духоўна-маральнага «Дружба» і ваенна-патрыятычнага «Абаронца Айчыны» дабавіцца яшчэ адзін экалагічны лагер — у раённым цэнтры дзяцей і мола­дзі, які аб’яднае вучняў з розных школ горада. Упершыню пачне работу аздараўленчы лагер на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У ім будуць з карысцю бавіць час і набірацца сіл 7 выхаванцаў гэтай установы, якія раней не мелі магчымасці аздаравіцца.

Што да кошту знаходжання дзяцей у лагерах, то па традыцыі большая яго частка датуецца дзяржавай. У звычайным дзённым лагеры бацькоўская даплата складзе сёлета ўсяго 17 рублёў. Пры гэтым ад яе, у адпаведнасці з заканадаўствам, вызваляюцца дзеці са шмат­дзетных сем’яў. У кругласутачным лагеры на базе в/ч 74384 даплата будзе 65 рублёў. У «Ветразі» — ад 300 рублёў за дзіця ва ўзросце 6—10 гадоў да 308 рублёў 55 капеек за 14—17-гадовых падлеткаў. Тым не менш ахвотных трапіць у лагер на базе цэнтра ўжо каторы год больш, чым ён можа прыняць. Расце і працэнт непаўналетніх, ахопленых летнім аздараўленнем. Застаецца спадзявацца, што надвор’е гэтым летам будзе спрыяць паўнацэннаму адпачынку дзяцей.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.