Константин Юхнович проводит обследование военных и населения с помощью передвижного флюорографического кабинета

Приграничье

Штогод з канца красавіка і да пачатку ліпеня і з верасня да пачатку лістапада большую частку часу старшы прапаршчык Канстанцін Юхновіч праводзіць у службовых камандзіроўках — калясіць па вайсковых часцях уздоўж Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь з краінамі Еўрасаюза і Украінай. Ён — начальнік перасоўнага флюараграфічнага кабінета аддзялення дыспансерызацыі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы.

Ваенную форму Канстанцін Раманавіч апрануў 13 гадоў назад, хоць да гэтага не марыў пра кар’еру вайскоўца. Са школьнай парты — а вучыўся ў Казлоўшчынскай СШ — хацеў быць медыкам. Пасля 11 класаў паступіў у Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж на спецыяльнасць «Лячэбная справа. Фельчар-акушэр». Атрымаўшы дыплом, вярнуўся на Пастаўшчыну. Год адпрацаваў у цэнтральнай раённай бальніцы на розных пасадах: у мужчынскім аглядавым кабінеце, аддзяленнях гемадыялізу і хуткай медыцынскай дапамогі. А затым даведаўся, што шпіталь шукае спецыяліста-мужчыну ў перасоўны флюараграфічны кабінет.

— Запісаўся на прыём да камандзіра часці. І ён быў гатовы прыняць мяне на работу ў той жа дзень, але ў мяне не было тэрміновай ваеннай службы, каб заняць пасаду, — расказваў Канстанцін Юхновіч. — Вырашыў адслужыць у арміі, нягледзячы на тое, што мне не абяцалі трымаць месца. У маі 2012 года прызваўся ў пагранвойскі. Службу праходзіў у розных атрадах. Пачынаў у Смаргонскай пагранічнай групе. Прысягу прымаў у Брэсце. Пазней камандзіравалі ў Гродна. Пасля гэтага вярнуўся ў Смаргонскую групу, трапіў на заставу «Лынтупы». Там быў санінструктарам: займаўся медыцынскім забеспячэннем ваеннаслужачых. І, як усе, хадзіў у нарады на граніцу. Праз 10 месяцаў аформіўся на кантракт і ўладкаваўся ў шпіталь.

Константин Юхнович проводит обследование военных и населения с помощью передвижного флюорографического кабинета

Сюды малады фельчар прыйшоў у званні старшага сяржанта. З таго часу даслужыўся да старшага прапаршчыка, не раз заахвочваўся камандаваннем Дзяржпагранкамітэта, начальнікам шпіталя і кіраўніцтвам райвыканкама, аб’ездзіў усю Беларусь.

— Я праводжу флюараграфічнае абследаванне асабовага складу органаў пагранічнай службы, членаў іх сем’яў, а таксама цывільнага персаналу, — працягваў суразмоўца. — Штогод разам з начмедам шпіталя складаю графік перамяшчэння кабінета на год, які зацвярджаецца ваенна-медыцынскім аддзелам Дзяржпагранкамітэта. І строга па ім выязджаю ў часці, дзе мяне ўжо чакаюць. Так, зараз рыхтуюся адправіцца ў Брэсцкую пагрангрупу. Буду абследаваць ваеннаслужачых і іншы кантынгент непасрэдна ў часці, якая размяшчаецца ў горадзе, а таксама на пастах і заставах на граніцы.

Такія камандзіроўкі доўжацца ад 5 дзён да 3 тыдняў. Калі быў кавід, Канстанцін Раманавіч праводзіў у іх, як правіла, месяц. Па яго словах, складанасць не толькі ў тым, што доўга не бывае дома (а між тым мужчына — шматдзетны бацька, мае трох дачок 14, 9 і 4 гадоў). Правёўшы некалькі гадзін у машыне, пасля прыбыцця на месца трэба адразу пачы­наць работу.

Вярнуўшыся ў Паставы, Канстанцін Юхновіч перадае ўсе зробленыя здымкі ўрачу, які апісвае іх, а затым адпраўляе назад, у часці. Калі няма камандзіровак, працуе яшчэ і ў рэнтген-кабінеце: у 2014 годзе прайшоў курсы перападрыхтоўкі па спецыяльнасці «Рэнтген-лабарант». Таксама ўжо 4 гады выязджае ў Дунілавіцкі сацыяльны пансіянат «Троіцкі» для флюараграфічнага абследавання яго пастаяльцаў — гэту паслугу шпіталь аказвае сацустанове ў якасці бясплатнай дапамогі. Для выездаў маюцца два спецыяльна абсталяваныя аўтамабілі. Адзін пастаўскія ваенныя медыкі атрымалі ў 2007 годзе, другі, 2012 года выпуску, ім перадалі пасля расфарміравання шпіталя ў Снове.

…Пакуль галава сямейства знаходзіцца дзесьці на граніцы, дома яго чакаюць пяць любімых жанчын — маці, якая працуе малодшай медыцынскай сястрой па доглядзе хворых у хірургічным аддзяленні шпіталя, жонка і дочкі. Яны — на­дзейны тыл вайскоўца.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.