Светлана Олихвер рассказала, как ее родные пережили военное лихолетье

История

Наступствы Вялікай Айчыннай вайны мы адчуваем і сёння, бо ніхто і ніколі не заменіць людзей, што загінулі тады, не паспеўшы стварыць сем’і, нарадзіць дзяцей. Адлюстраваннем гісторыі цэлай краіны можа быць лёс адной асобна ўзятай сям’і. Пра тое, як прайшлося ваеннае ліхалецце па лёсах яе родных, па просьбе рэдакцыі расказвае былая настаўніца ляхаўшчынскай школы, актыўная ўдзельніца народнага хору ветэранаў Святлана Аліхвер:

— Мой тата Лука Любчанка 1921 года нараджэння скончыў педагагічнае вучылішча і працаваў настаўнікам у Крупіцах Мінскага раёна. Адтуль яго прызвалі на тэрміновую службу ў Туркестанскую ваенную акругу. На працягу года быў курсантам-радыстам, а з 7 ліпеня 1941 года па май 1945-га ваяваў у складзе дзеючай арміі. Вайну сустрэў у 20-гадовым узросце і прайшоў яе франтавымі дарогамі ад Масквы да Кёнігсберга. Пачынаў радавым, потым з’яўляўся начальнікам сувязі батальёна, завяршыў вайну ў званні старшага лейтэнанта. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За абарону Масквы», «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй». Ваяваў на Заходнім, Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах начальнікам радыёстанцыі, камандзірам радыёўзвода. Бачыў маршала Георгія Жукава. Удзельнічаў у вызваленні заходніх раёнаў Беларусі.

Я нарадзілася праз 8 гадоў пасля заканчэння вайны і магу толькі ўявіць, якімі балючымі былі ўспаміны пра той час для маіх бацькоў, дзядуляў і бабулі. Напэўна, таму і расказваць пра выпрабаванні яны не любілі. Калі стала вядома пра вызваленне Віцебска 26 чэрвеня 1944 года, тата напісаў ліст на радзіму з надзеяй, што хто-небудзь з землякоў жывы і зможа штосьці раска­заць пра яго родных. Гэты першы трохкутнічак і сёння ляжыць у маім альбоме, а яшчэ — некалькі яго пісьмаў з фронту бацькам, напісаных хімічным алоўкам. Чытаеш іх і думаеш, што тады жыло ў душы маладога хлопца, які тры страшныя гады нічога не ведаў пра сваю сям’ю: боль, трывога, надзея? На шчасце, яго родныя выжылі, а недалёкую ад іх вёску Дуброва фашысты спалілі разам з жыхарамі, як і пастаўскія Альцы. Бацькаву сястру Ірыну акупанты вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля Перамогі яна вярнулася дадому. А маці ад усяго перажытага ў вайну цяжка захварэла і памерла.

Светлана Олихвер рассказала, как ее родные пережили военное лихолетье

У пасляваенны час жылося невыносна цяжка, і тады вельмі дапамог афіцэрскі атэстат. Па грошы, якія паступалі на татаў рахунак у ваенкамат, яго бацька хадзіў пехатой за 40 кіламетраў. Пасля дэмабілізацыі тата працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, скончыў Магілёўскі педінстытут. За выдатную працу ў якасці дырэктара школы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР.

Мая мама Ядвіга Валянцінаўна ў чэрвені 1941-га скончыла сярэднюю школу. Збіралася паступаць на вучобу, марыла стаць настаўніцай, як і старэйшы брат. Прыйшлося многае перажыць пад акупацыяй. Нават за невялікае непадпарадкаванне акупанты жорстка каралі. І маю маму за нейкую правіннасць яны паставілі да сцяны і стралялі, але паверх галавы: відаць, хацелі толькі запу­жаць. Зразумела, ­стрэс не дадаў ёй здароўя. А жонку мамінага брата, які быў на фронце, застрэлілі на парозе дома. Асірацела дачушка, якой быў усяго годзік. Дзяўчынку выгадавалі дзядулі, бабулі, цёткі. У маёй бабулі на фронце загінулі два сыны: адзін — на граніцы ў Брэсце, другі — пры вызваленні Прыбалтыкі. З дзяцінства памятаю, як у хвіліну маўчання, якую кожны раз 9 мая аб’яўлялі па радыё, пад стук метранома яна плакала па іх, а побач з ёй і я не магла стрымаць слёз.

Калі аб’явілі, што ўсіх будуць вывозіць у Германію, вяскоўцы стараліся хоць што-небудзь з маёмасці закапаць у зямлю, спа­дзеючыся вярнуцца. Але паліцаі схованкі раскапалі і забралі ўсё дабро. Гэта было перад самым вызваленнем Віцебска. Маіх землякоў давезлі ў вагонах-цялятніках да станцыі Бігосава ў Верхнядзвінскім раёне, а неўзабаве прыйшло вызваленне. Людзі вярнуліся дадому і ўбачылі жудасную карціну разбурэння. Вёска, адкуль вывезлі сям’ю маёй мамы, была знішчана. Людзям прапанавалі пасяліцца на ўскраіне Віцебска, каля цагельнага завода. Але яны вырашылі вярнуцца дадому і адбудоўвацца. Там і школа тады была ў зямлянцы. Пасля вызвалення мама працавала настаўніцай і завочна вучылася. Чарніла рабілі з нарасцяў на лісці дуба. Пісалі на газетах, там, дзе ёсць белае поле. Вучням гатавалі чай, і мама пякла для іх хлеб. На ўроках спеваў іграла на гітары.

Гады вайны адбіліся на здароўі маіх родных. Адна бабуля рана памерла, другая да канца жыцця гаравала па сваіх загінулых сынах. Бацька моцна хварэў, з-за чаго яму на некаторы час нават прыйшлося пакінуць настаўніцкую работу і лячыцца. Мама і тата рана пайшлі з жыцця. Безумоўна, вайна аказала свой страшны ўплыў на іх здароўе.

Дзень Перамогі для мяне — найвялікшае свята, свята радасці за сённяшні мірны дзень і горычы па ахвярах Вялікай Айчыннай. Мы прыходзім да помнікаў, абеліскаў, памятных месцаў, звязаных з гераізмам нашага народа, і нельга забывацца, што гэта былі такія ж самыя людзі, як і мы, маладзейшыя ці старэйшыя за нас, сённяшніх. У адным з маіх вершаў ёсць такія радкі:

Помніце! Загінулі тут людзі,

Не паспеўшы ўсцешыцца з жыцця.

Будзем помніць!

І прыходзіць будзем.

Не даруе Вечнасць забыцця.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.