У Сергея Чукина большое подсобное хозяйство и он занимается тем, что любит и что приносит пользу

Общество

Раней за сонца

Як ні шкада, а пусцеюць сялянскія падвор’і, сёння мала хто з вяскоўцаў трымае скаціну. У пажылых на гэта не хапае сіл, маладзейшыя не жадаюць абцяжарваць сябе клопатамі нават пра свінчо і курэй. Ну а пра тое, каб трымаць карову, і гаворкі няма. Вось і ў Сяргеевічах яшчэ 30 гадоў назад было 120 кароў, а зараз толькі 4. Тры з іх — на падвор’і 47-гадовага Сяргея Чукіна. Акрамя таго, у яго хлявах трое свіней, авечкі, куры.

— Як спраўляецеся з такой вялікай гаспадаркай? — пытаюся ў мужчыны, ведаючы, што ён зай­маецца ёй у вольны ад работы на ферме СП «Дунілавічы-агра» час.

— Прывык, — сціпла ўсміхаецца ў адказ. — Рана ўстаю — а палове чацвёртай. Распальваю пліту, кармлю скаціну, даю кароў і выводжу іх на пашу, а ў шэсць я ўжо на ферме. Паспяваю ўправіцца і вечарам.

У Сергея Чукина большое подсобное хозяйство и он занимается тем, что любит и что приносит пользу

Гаспадар вырастае змалку

Да нашай з Сяргеем размовы далучаецца яго маці Ірына Рыгораўна, якой 82 гады. Узгадвае, што хлопчык змалку цягнуўся да жывёлы, а не да цацак. А калі падрос, стаў дапамагаць ёй на ферме. У жывёлагадоўлі Рыгораўна адпрацавала з 18 гадоў да выхаду на пенсію. Спачатку была свінаркай, потым даглядала цялят, а муж падвозіў на ферму кармы.

Лагічна, што і іх сын вырашыў набыць прафесію, звязаную з жывёлагадоўляй. Пасля 9 класаў ён па накіраванні калгаса «Ра­дзіма» паступіў у Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум на аддзяленне «Заатэхнія». У 1996 годзе вярнуўся ў гаспадарку з дыпломам, і яго назначылі вет­урачом на сяргеевіцкую ферму. Работы маладому спецыялісту хапала, бо кола яго абавязкаў не абмяжоўвалася фермай: ездзіў лячыць жывёлу і на прыватных падвор’ях, а яе тады яшчэ трымалі нямала.

— З таго часу і па сёння, за выключэннем паўтара года, што служыў у арміі, на ферме і працую, — канстатаваў Сяргей. — Зараз — ветфельчарам і падлікоўцам жывёлы.

Выпрабаванні хваробамі

Чукіны перажылі столькі, што і каню не павезці. А Ірына Рыгораўна пакорліва кажа: «Дзякуй Богу за ўсё, што маем». Толькі вельмі маркоціцца, што летась, за некалькі дзён да Новага года, памёр муж.

— Яны заўсёды былі разам і падтрымлівалі адно аднаго, як маглі дапамагалі мне, — расказваў сын. Абое — інваліды I групы. Мама зусім не бачыць, тату аднялі нагу, і ён чатыры гады карыстаўся інваліднай каляскай. 11 гадоў назад і мама перанесла цяжкую аперацыю. На шчасце, яе зрабілі своечасова.

У Сергея Чукина большое подсобное хозяйство и он занимается тем, что любит и что приносит пользу

Трапіў пад хірургічны нож і Сяргей. Восем гадоў назад яму зрабілі аперацыю на страўніку, але няўдала. Пачаўся перытаніт, і жыццё мужчыны павісла на валаску. Правялі яшчэ тры апе­рацыі.

— Ледзьве не памёр мой сынок, — дрыжыць голас маці. — Званю ў бальніцу, а доктар не дае ніякай надзеі. «Маліцеся Богу», — толькі і казаў. І мы маліліся.

Распаласаваны Сяргей цэлы месяц праляжаў у рэанімацыі пад кропельніцамі, без ежы. Харчавацца пачынаў з некалькіх лыжак курынага булёну. А зараз ён ужо можа есці ўсё, але невялікімі порцыямі і часта.

А як без гаспадаркі?

Здаецца, вярнуўшыся да жыцця амаль з таго свету, варта было б як мага больш аблегчыць яго. Але Сяргей так не ўмее. Кажа, што са здароўем у яго зараз усё добра, ёсць сілы і жаданне працаваць. Ды і памочніца з’явілася: пяты год з ім жыве Юлія ­Аўдзеенка, якая таксама працуе на ферме — даяркай.

— Я рада, што ў Сярожы ёсць жанчына, — дзялілася яго маці. — Малюся, каб усё у іх было добра. Я ўжо нічым не магу дапамагчы сыну, а жаночыя рукі вельмі патрэбныя ў доме. Ды і весялей удваіх. Прашу сына, каб змяншаў колькасць жывёлы, але пакуль не робіць гэтага.

Ідзём з гаспадаром да кароў, якія пасвяцца адразу за хатай на лужку, абгароджаным электрапастухом.

— Вось Мілка. Яна джэрсейскай пароды, купляў у Мосары, — «знаёміць» ён мяне са сваімі рагулямі. — Побач яе дачка Сірэна. Назваў так таму, што пасля нараджэння яна была пранізліва-галасістая. Крыху далей — Кішэньчык, бо яе целасклад мне падаецца падобным на кішэнь. Цялушку гэтым летам будзем пакрываць. А дзве каровы даюць у гэтыя дні 40 літраў малака. Колькі трэба, пакідаем сабе, астатняе здаём дзяржаве, яго кожную раніцу забірае ад нас малакавоз.

Не само ўсё робіцца

Сяргей проста, лёгка і з такой любоўю расказвае пра сваю гаспадарку, што не адчуваецца ніякай яго заклапочанасці. Але ж не само ўсё робіцца на падвор’і — клопатаў тут хапае. Толькі ўявіце, колькі кармоў патрабуецца жывёле. Адна карова з’ядае за зіму 4 тоны сена. А іх дзве і трэцяя — цялушка. Ды яшчэ авечкі, якіх і па 15 трымалі ў сезон. А свінні, куры… Таксама знахо­дзіцца месца і ежа для 10 катоў і 8 дварнякоў. Дарэчы, сабачкі невялікія прыгожыя і вельмі пільныя вартаўнікі. Як толькі хто набліжаецца да дома, адразу ж раздаецца звонкі брэх. Гаспадар ахвотна раздарыў бы частку сабак, каб хто пажадаў іх мець.

Усіх корміць зямля. Сёлета на адным гектары растуць зерневыя, на 25 сотках — бульба, на васьмі — буракі. Што да пашы, то яе хапае. Для нарыхтоўкі сена кіраўнік СП «Дунілавічы-агра» выдзяляе касілку і грабілку. Справіцца з работай Сяргею дапамагаюць швагер Віктар Янушкоўскі, пляменнікі Дзяніс і Ілья. А ён шчодра дзеліцца з імі прадукцыяй са свайго падвор’я.

Многія не разумеюць, навошта Сяргею Чукіну такая вялікая ўласная гаспадарка. Але гэта яго ніколькі не хвалююе, і ён працягвае займацца тым, што любіць і што прыносіць карысць. Няхай жа Бог і надалей дае сілы гэтаму адкрытаму, шчыраму працавітаму чалавеку.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.