Уявіце сабе раніцу, праведзеную на ўлонні прыроды: смачны сняданак, прыгатаваны на вогнішчы, свежае паветра, якое напаўняе лёгкія… Такі адпачынак даступны кожнаму, трэба толькі выбраць правільны кірунак. Найлепшы час для пачатку прыгод або іх планавання — май, бо гэты месяц у краіне праходзіць пад знакам аграэкатурызму. Чым могуць здзівіць турыстаў сядзібы Пастаўшчыны, карэспандэнту «ПК» расказала спецыяліст раённага турінфацэнтра Алеся Гіль.
— У нашым раёне сёння працуе 28 аграэкасядзіб, кожная з якіх прапануе шырокі спектр паслуг, — распавядала Алеся Гіль. — Некаторыя з іх — сапраўдныя старажылы і многія гады запрашаюць да сябе, расказваюць пра гісторыю нашага краю. Іншыя адкрыліся адносна нядаўна, але ўжо паспелі заваяваць сэрцы турыстаў унікальнымі ідэямі і крэатыўнымі прапановамі.
Па словах спецыяліста, папулярнасць аграэкатурызму ў нашым раёне расце, бо гэты від адпачынку садзейнічае не толькі захаванню нацыянальных традыцый, але і ўмацаванню здароўя.
— Гаспадары сядзіб Пастаўшчыны штогод папаўняюць скарбонку паслуг новымі іх відамі і творча падыходзяць да арганізацыі адпачынку сваіх гасцей, — працягвала Алеся. — Напрыклад, у аграсядзібе «Ля Блакітных азёр» госці могуць паспрабаваць незвычайную працэдуру — сон на пчолах у апідоміку. Яна, несумненна, падорыць незабыўныя эмоцыі і палепшыць самаадчуванне. У гэтай жа сядзібе можна атрымаць асалоду ад адпачынку ў традыцыйнай японскай драўлянай купелі з падагрэвам — фурака, якая выкарыстоўваецца для купання і расслаблення. Пакаштаваць нацыянальныя стравы Арменіі прапануюць у сядзібе «Должа стайл», а традыцыйныя літоўскія — у «Доме ля возера Балдук». У «Паўлікінай хатцы» гасцей чакаюць майстар-класы па стварэнні духмяных свечак з натуральнага воску, а таксама па чаранкаванні туй. «Трабутишки» пазнаёмяць усіх ахвотных з мастацкім каваннем, якое, упэўненая, нікога не пакіне абыякавым. Кантакт з хатнімі жывёламі можна атрымаць у сядзібах «Задзівь» і «Чудный хутор». А для вялікіх кампаній, якім хочацца адсвяткаваць сямейныя святы альбо карпаратывы, прадуманы прасторныя і ўтульныя залы ў аграсядзібах «Гармония», «Лучайскі куток», «Местачковая карчма» і «Охотничья». Там усё абсталявана максімальна сучасна, і ў той жа час цэны на паслугі даступныя.
Па словах Алесі, новы віток папулярнасці адпачынку ўдалечыні ад шумных і шматлюдных гарадоў наступіў у перыяд пандэміі.
— У паслякавідную «эпоху» ўсё больш папулярным становіцца фармат падарожжаў для «індывідуалаў» ці сямейны, — працягвала суразмоўца. — Для такіх катэгорый адпачывальнікаў практычна ў кожнай сядзібе ёсць спартыўны і турыстычны інвентар. Трэба адзначыць, што гаспадары ўсіх аб’ектаў старанна распрацоўваюць і аўтарскія маршруты падарожжаў, бо з пункту гледжання гісторыі і архітэктуры Пастаўшчыне ёсць чым ганарыцца.
Крысціна Рубель

