По ул. Ленинской сняли старые заборы. Что делать: ставить самим или установит ЖКХ?

Общество

— Навошта здымаюць агароджы?

— Вось і добра, нарэшце не будзе гэтага стар’я!

— Чула, што паставяць з металапрофілю…

Такі дыялог дзвюх жанчын я пачула на  мінулым тыдні на вуліцы Ленінскай, калі камунальшчыкі здымалі па ёй старыя агароджы, грузілі іх у машыну і звозілі. А потым у рэдакцыю пазваніла чытачка «ПК» і пацікавілася, калі замест знятых агароджаў будуць устанаўліваць новыя.

Па кампетэнтны каментарый я звярнулася да дырэктара УП ЖКГ Пастаўскага раёна Фёдара Тананы. Вось што ён патлумачыў:

— Агароджы па Ленінскай былі ўстаноўлены яшчэ ў 2006 годзе, калі горад рыхтаваўся да рэспубліканскага свята — Дня беларускага пісьменства. Амаль за два дзесяцігоддзі яны страцілі належны выгляд і не толькі не ўпрыгожвалі горад, але і псавалі агульную карціну. Таму было прынята рашэнне зняць іх. У мінулым годзе агароджы прыбралі па вуліцы 17 Верасня, на чарзе — Вакзальная.

По ул. Ленинской сняли старые заборы. Что делать: ставить самим или установит ЖКХ?

А зараз пра тое, што найбольш хвалюе гараджан: калі з’явяцца новыя?

— Сіламі камунальшчыкаў за сродкі раённага бюджэту, якія вельмі абмежаваныя, агароджы ўстанаўлівацца не будуць, — праінфармаваў Фёдар Танана.— Гаспадарам дамоў давядзецца паклапаціцца пра гэта самім.

Такая навіна не спадабаецца многім. Большасць жыхароў цэнтральных гарадскіх вуліц — Чырвонаармейскай, Савецкай, Вакзальнай, 17 Верасня, Ленінскай — не мелі клопатаў з агароджамі ля сваіх дамоў. Іх ставілі, фарбавалі, рамантавалі камунальшчыкі. На гэта выдаткоўваліся немалыя сродкі з раённага бюджэту. Але настаў час, што іх даводзіцца эканоміць. Ды і людзей трэба прывучаць быць гаспадарамі, а не спажыўцамі. Скажыце, якая розніца паміж жыхарамі ўскраінных і цэнтральных вуліц? Яе няма. Дык чаму першыя разлічваюць толькі на сябе, ставячы агароджы, добраўпарадкоўваючы тэрыторыю ля дамоў, а другія разлічваюць на прывілеі ад дзяржавы?

Нагадаю, што 16 мая бягучага года Урад Беларусі прыняў пастанову №267, якой скарэкціраваны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. У адпаведнасці з імі, уласнікі абавязаны ўтрымліваць у тэхнічна спраўным стане дамы і гаспадарчыя пабудовы, агароджы, абкошваць траву, выконваць санітарныя нормы. Калі, як не ў Год добраўпарадкавання, якім 2025-ы аб’яўлены ў краіне, варта найлепшым чынам праявіць сябе?

Перш чым пісаць гэты матэрыял, праехала па Ленінскай. Ля большасці дамоў агароджы ёсць, бо ў свой час былі ўстаноўлены самімі гаспадарамі. Яны розныя — прыгажэйшыя і багацейшыя, больш сціплыя, месцамі — такія, што патрабуюць замены. Там, дзе пралёты знятыя, адкрываюцца воку розныя карціны. Ля адных дамоў — акуратныя газоны, паса­джаны кветкі, ля іншых — зараслі травы.

І вось што думаю: замест таго каб спадзявацца на кагосьці, бясконца крытыкаваць камунальшчыкаў (хоць і ёсць за што), лепш самім навесці парадак ля свайго дома: скасіць траву, пасадзіць кветкі, а трэба — і агароджу паставіць. Не абавязкова дарагую. Можна нават «жывую» — з дэкаратыўных кустарнікаў. Было б жаданне!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.