У адзін з нядаўніх дзён дворык за рэдакцыяй і суседні ўчастак запаланілі навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера, якія пад кіраўніцтвам настаўнікаў выйшлі на пленэр. Яго тэматыка — гарадскія архітэктурныя будынкі, таму і зацікавіў будынак нашай установы.
— Выбіраем у горадзе розныя лакацыі, — расказвала дырэктар школы мастацтваў Жанна Курдо.— Самыя любімыя — каля Дома рамёстваў, касцёла, царквы. Двойчы ездзілі ў «Ветразь». Адміністрацыя гэтага аздараўленчага цэнтра выдзяляла свой аўтобус. А мы падорым «Ветразю» выставачныя работы з яго відамі. Малявалі ў Манькавічах і на малочным заводзе. У Манькавічы юных мастакоў запрасіў былы навучэнец нашай школы Віталій Улыбін, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Пачаставаў рабят гарбатай, арганізаваў для іх забаўляльную праграму.
Самыя яркія работы атрымліваюцца ў Ангеліны Партуновай, Сашы Лашчоткі, Соф’і Унтан, Кіры Храпавіцкай, Дашы Шаламавай, Леры Падгайскай, Сцёпы Шамовіча, Вадзіма Цёплага, Соні Шылей і іншых. Усе малююць на прыродзе з асаблівым стараннем.
Незабыўныя ўражанні засталіся ва ўдзельнікаў пленэру ад спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі». На гарадскім стадыёне ладзілася выстава работ навучэнцаў школы на спартыўную тэму. На сайце «Вытокаў» ішло па іх галасаванне гледачоў. Тры з 25 прадстаўленых работ адзначаны ўзнагародамі. Гэта работы Паліны Кліменкі, Вікторыі Васілеўскай і Эвеліны Врублевіч. Адметна, што падарункі атрымалі не толькі яны, але і ўсе навучэнцы школы мастацтваў, якія былі на свяце.
— Пленэры кожны год доўжацца з 1 па 17 чэрвеня, — гаварыла Жанна Уладзіміраўна. — Сёлета вельмі перашкаджалі дажджы. Але як толькі распагоджвалася, навучэнцы выходзілі на прыроду і натхнёна малявалі. Работы ў іх атрымліваліся сонечныя.
Фаіна Касаткіна






