— Яна і да ста дажыве, — дайшлі да Веры Юльянаўны Каравацкай словы, сказаныя пра яе кімсьці з аднавяскоўцаў з Камай. На што яна пажартавала:
— Памыляюцца. Я запланавала 120! Няхай зайздросцяць!
А на мінулым тыдні ёй споўнілася 90. Дзень нараджэння атрымаўся вельмі насычаным. У першай яго палове павіншаваць імянінніцу прыехалі старшыні раённага савета ветэранаў і Камайскага сельскага Савета Ганна Літвіновіч і Генадзій Урбанайць, былая калега Людміла Трацяк, загадчык мясцовага стацыянарнага сацыяльнага пункта ТЦСАН Анастасія Бейнер, карэспандэнт раёнкі. З Падзякай старшыні райвыканкама, кветкамі, невялічкімі падарункамі. У 6 гадзін вечара ў касцёле адбылася Імша за яе здароўе, якую ксёндз Яцэк правёў вельмі кранальна. А затым родныя і блізкія сабраліся за святочным сталом, пра які паклапаціліся нявестка і ўнук юбіляркі. Эмоцый было цераз край! Віноўніца ўрачыстасці расчулілася так, што не магла заснуць да раніцы.
У яе працоўнай кніжцы ўсяго два запісы аб прыёме на работу: загадчыцай Навасёлкаўскай бібліятэкі, у якой адпрацавала амаль 10 гадоў, і сакратаром Камайскага сельскага Савета (на гэтай пасадзе знаходзілася 30 гадоў, аж да выхаду на пенсію). Усе, хто ведае Веру Юльянаўну, адзначае, што яна была на сваім рабочым месцы вельмі ўважлівай да людзей, спакойнай, ураўнаважанай. Умела працаваць і з дакументамі, пры патрэбе заставалася звышурочна. За час яе сакратарства ў сельскім Савеце змянілася сем старшынь, і з кожным яна знаходзіла агульную мову.
У жыцці Веры Юльянаўны хапіла і радасці, і гора. Пахавала адзінага роднага сына, якому было ўсяго 28. У Камаях жывуць унук і нявестка, якія заўсёды падтрымліваюць. Сынам яна лічыць і Аліка, якога, выйшаўшы замуж за ўдаўца, выхоўвала з 12-гадовага ўзросту. А сёння ён ужо на пенсіі. Нягледзячы на клопаты пра сваю сям’ю, кожны дзень наведваецца да Юльянаўны, дапамагае ва ўсім. І яна бясконца ўдзячная за гэта.
Што да юбілею, то самы дарагі падарунак, які атрымала імянінніца, — гэта вялікі плазменны тэлевізар. А яшчэ — мноства кветак, якія яна вельмі любіць. І самае галоўнае — любоў ад родных, пашану ад аднавяскоўцаў, павагу ад прадстаўнікоў улады.
Фаіна Касаткіна

