Чэмпіянат Беларусі па футболе
Першы блін камяком
ФСК «Паставы» — ФК «Міёры» — 3:8
Першая сустрэча на абноўленым гарадскім стадыёне для абедзвюх каманд, як і летась, стала апошняй репетыцыяй маючага адбыцца кубкавага фіналу. Рашаючы паядынак паміж пастаўчанамі і міёрцамі за абласны трафей Кубка рэгіёнаў Беларусі пройдзе ў суботу, 19 ліпеня, у Наваполацку.
Гульня ў мінулую нядзелю выклікала вялікі інтарэс. Падтрымаць нашых прыйшло 327 гледачоў, сярод якіх кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік. З Міёр таксама прыехала адчувальная група падтрымкі і ўзрадавалася, што іх каманда пачала гульню актыўна, з пазіцыі сілы.
Пастаўчане ў сустрэчы з вельмі моцным сапернікам гулялі спачатку асцярожна, з пяццю абаронцамі на задняй лініі. Гэта тактыка напярэдадні прынесла ім поспех у кубкавым турніры ў Віцебску. Але міёрцы ў адрозненне ад «Газавіка» пачалі атакаваць не па цэнтры, а з абодвух флангаў. Праз чвэрць гадзіны барацьбы пад спякотным сонцам нашы абаронцы сталі не паспяваць за хуткімі форвардамі, і гэтым скарыстаўся расійскі легіянер Дзмітрый Кручанюк, які трапна стрэліў у вугал варот гаспадароў — 0:1. Пасля прапушчанага гола наша каманда загуляла агрэсіўней, і толькі майстэрства варатара майстра спорту Ігара Даўгялы выратавала гасцей у выніку ўдару Андрэя Вілейты. Неўзабаве галкіпер саперніка адбіў у скачку стрэл з пенальці Кірыла Каралёнка. Няўдача дэмаралізавала пастаўчан, і ў канцы тайма яны тройчы прапусцілі мяч у вароты.
Пачатак другога тайма атрымаўся яшчэ больш драматычным. На 48-й хвіліне варатар пастаўчан Аляксей Бяляўцаў, які шмат разоў выратоўваў каманду, зноў адбіў пенальці. Аднак капітан міёрцаў Ігар Чарняўскі першым апынуўся на дабіванні мяча — 0:5. На гэтым непрыемнасці не скончыліся, бо вызначыўся снайпер саперніка Назар Іваноў. У крытычнай сітуацыі нашы змагаліся да канца і пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў змаглі тройчы накіраваць мяч у сетку. Спачатку нападаючы Андрэй Вілейта завяршыў прыгожую камбінацыю. Затым навічок Аляксандр Кучараў бліскуча прабіў штрафны ўдар у абыход сценкі. А ў канцы матча яшчэ адзін гол прэстыжу правёў абаронца Уладзімір Камісарчук.
Нягледзячы на паражэнне ад значна лепш укамплектаванага саперніка, стадыён праводзіў з поля апладысментамі гуляўшых у той дзень Бяляўцава, Пучынскага (Кучарава), Рогача (Галяша), Голубева (к), Кундру (Ясюковіча), Звяругу (Цыўнеля), Камісарчука, Касенку (Маршына), Вілейту (Курыловіча), Жылевіча (Р. Зелянкевіча), Каралёнка.
Іншыя матчы ў нашай групе «А» завяршыліся без нечаканасцей: «Полацк-2019»—«Гарадоцкія львы» — 5:1, «Газавік» (Віцебск)—«Ніва» (Талачын) — 4:0.
Пасля кубкавага фіналу ў нядзелю, 27 ліпеня, пастаўчане дома пазмагаюцца з ФК «Сянно». Пачаўся другі круг першынства і ў іншых падгрупах, дзе былі зафіксаваны наступныя вынікі: ФК «Чашнікі»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 4:1, «Ураджай» (Віцебскі раён)—ФК «Лепель» — 3:3, «Чырвоны барэц» (Орша)—ФК «Глыбокае» — 1:1, ФК «Лёзна»—«Партызан» (Ушачы) — 2:1, ФК «Шаркаўшчына»—ФК «Докшыцы» — 3:3. Спадзяёмся, што кубкавы фінал для ФСК «Паставы» стане больш удалым.
Уладзімір Шык

