Згуртаванасць – галоўная сіла — так лічаць энергетыкі Пастаўскага РЭС.
У ноч з 9 на 10 ліпеня па Быхаўскім, Шклоўскім і Магілёўскім раёнах Магілёўскай вобласці прайшлася моцная навальніца са шквалістым ветрам, парывы якога дасягалі 23 метраў у секунду. Яна пакінула пасля сябе сур’ёзныя разбурэнні: павырываныя з каранямі дрэвы, пашкоджаныя дамы і лініі электраперадачы, што прывяло да масавага адключэння электраэнергіі больш чым у 1 300 населеных пунктах. Справіцца з наступствамі стыхіі ўласнымі сіламі мясцовым энергетыкам было немагчыма. Таму ім на дапамогу прыбылі 75 аварыйных брыгад і столькі ж адзінак спецтэхнікі з іншых раёнаў электрычных сетак рэспублікі.
— У тыя дні наш калектыў таксама перайшоў на ўзмоцнены рэжым работы, — расказваў начальнік Пастаўскага РЭС Мікалай Ожэль. — На шчасце, стыхія Пастаўшчыну абмінула: за суткі паступіла толькі 6 заявак, якія датычалі адключэння электраэнергіі. Улічваючы няпростую сітуацыю, якая склалася ў пацярпелых раёнах Магілёўшчыны, кіраўніцтвам РУП «Віцебскэнерга» было прынята рашэнне аб накіраванні туды персаналу з розных раёнаў для аказання дапамогі ў правядзенні аварыйна-аднаўленчых работ. 10 ліпеня зборная брыгада майстроў Андрэя Літынскага і Аляксандра Юркаўлянца разам з вадзіцелем Аляксеем Пашкевічам адправілася ў Шклоўскі раён.
Дарога ў адзін бок складае 350 кіламетраў. Дабраўшыся на месца, электраманцёры Уладзіслаў Амбрасовіч, Славамір Варнела, Андрэй Раманоўскі, Павел Пяткевіч і Яніс Балсан пад кіраўніцтвам Андрэя Літынскага на працягу ночы мянялі паваленыя апоры, ухілялі абрывы правадоў, рабілі ўсё для таго, каб як мага хутчэй ліквідаваць пашкоджанні і даць мясцоваму насельніцтву электрычнасць.
Мікалай Ожэль, начальнік Пастаўскага РЭС
— Такія камандзіроўкі для нашых работнікаў — справа звыклая. Незалежна ад вобласці і раёна мы — адна энергасістэма Беларусі. І калі ў калег здараецца бяда, спяшаемся на дапамогу, бо згуртаванасць — галоўная сіла. Аб’екты бываюць розныя, але спраўляемся. У нас вопытныя спецыялісты. Алгарытм дзеянняў у іх адпрацаваны да аўтаматызму. Ухіліўшы за ноч пашкоджанні ў Шклоўскім раёне, брыгада адправілася на дапамогу работнікам Магілёўскіх сельскіх сетак. Управіўшыся і там, 12 ліпеня хлопцы вярнуліся дадому. Я шчыра ўдзячны кожнаму, хто на гэты раз быў у камандзіроўцы і паспяхова справіўся з пастаўленымі задачамі.
Анна Анішкевіч

