Каждую первую субботу июня опустевшая деревня Петровичи оживает: здесь из разных уголков собираются земляки

Общество

Кожную першую суботу чэрвеня апусцелая вёска Пятровічы, што на Полаўшчыне, ажывае: на сваёй малой радзіме збіраюцца з розных куточкаў землякі.

Ідэя арганізаваць сустрэчу былых аднавяскоўцаў належала ўраджэнцу вёскі Пятру Курыловічу, які працаваў у рэдакцыі райгазеты. Першую запланавалі на чэрвень 2017-га. А ў сакавіку таго ж года жыццё Пятра Пятровіча раптоўна абарвалася. Але яго мара ажыццявілася: сустрэча аднавяскоўцаў адбылася, хоць і з адценнем вялікага жалю пра яго — дачасна спачылага таленавітага земляка і выдатнага арганізатара.

З таго часу, за выключэннем пандэмічнага 2020-га, былыя аднавяскоўцы збіраюцца ў Пятровічах штогод. Найперш узяліся за добраўпарадкаванне могілак. Варапаеўскі сельскі Савет паклапаціўся пра спілоўванне на іх старых дрэў. Але работы заставалася вельмі многа: трэба было ставіць новую агароджу, бо старая прыйшла ў непрыгод­насць, выразаць кусты, касіць траву. Нашчадкі тых, хто знайшоў тут вечны спачын, адкрылі рахунак на збор сродкаў на гэта. Кожны пералічваў столькі, колькі мог. За сабраныя грошы нанялі людзей, падключыліся да добраўпарадкавання і самі. Аляксандр Бункевіч з Маладзеч­на прывёз металічныя трубы, перасоўную электрастанцыю, узялі ў арэнду зварачны апарат. Літаральна за дзень абгара­дзілі могілкі, устанавілі вароты і металічны крыж, вырабіць які дапамагло Полаўскае лясніцтва. Людзі ўбачылі, як змяніўся агульны выгляд святога месца, і сталі добраўпарадкоўваць магілы родных і блізкіх. Нягле­дзячы на тое, што могілкі старыя (апошняе пахаванне тут з’явілася ў 1977 годзе), дзякуючы намаганням дружных былых вяскоўцаў выглядаюць яны годна.

Каждую первую субботу июня опустевшая деревня Петровичи оживает: здесь из разных уголков собираются земляки

Адразу землякі прыязджа­юць на тое месца ў раёне чыгуначнага пераезда, дзе збіраліся, калі жылі ў вёсцы. Потым накіроўваюцца да рымкаўскай царквы, дзе іх хрысцілі, да будынка былой белькаўскай школы, дзе вучыліся, адтуль — на могілкі. Памаліцца разам з імі за душы памерлых, асвяціць магілы прыязджалі айцец Пётр з Шаркаўшчыны, потым — айцец Яўстафій з Варапаева.

Аддаўшы даніну памяці продкаў, прама на прыродзе (а ў дрэннае надвор’е — у альтанцы ў Абалоні) накрываюць стол і ў сяброўскай грамадзе вяртаюцца ва ўспамінах у тыя Пятровічы, у якіх яны нараджаліся, раслі і сталелі.

— Наша вёска была мнагалюдная і маладая, — расказваў мне Дзмітрый Курыловіч. — У розныя гады ў ёй адначасова расло 70 дзяцей. — Толькі ў адной сям’і Васіля Клімава іх было 11. Мала ў каго было па двое, у большасці — па трое-чацвёра. Як весела нам жылося! Завадатарамі ўсіх гульняў выступалі мой старэйшы брат Пеця, Ія Васілеўская і Ліда Дзіковіч. Кожнае лета на імправізаванай сцэне, збітай з дошак, мы ладзілі канцэрты: спявалі, танцавалі, чыталі вершы, выконвалі акрабатычныя нумары, пад кіраўніцтвам Олі Громавай ставілі сцэнкі. Ля нашай вёскі хадзіў цягнік, была станцыя, мы любілі бавіцца на чыгуначным пераездзе, лавіць у Дзісенцы рыбу, купацца. Кінамеханік перасоўнай кінаўстаноўкі Леанід Дзіковіч прывозіў фільмы і дэманстраваў іх у доме Бункевічаў. Адзін раз на месяц прыязджаў чыгуначны вагон-клуб. Для чыгуначнікаў і іншых вяскоўцаў чыталі лекцыі, паказвалі кінафільмы. Дзеці заўсёды дапамагалі бацькам у працы: пасвілі кароў і авечак, якіх у вёсцы было вельмі многа, палолі градкі, нарыхтоўвалі сена, збіралі грыбы, брусніцы і журавіны, якія здавалі на нарыхтоўчы пункт і мелі за іх кішэнныя грошы.

Каждую первую субботу июня опустевшая деревня Петровичи оживает: здесь из разных уголков собираются земляки

Тагачасныя хлопчыкі і дзяў­чынкі сёння ўжо дзядулі і бабулі. Любоў да малой радзімы яны перадаюць сваім дзецям, унукам і праўнукам. Прыязджаюць з імі ў Пятровічы не толькі са свайго і з суседніх раёнаў, але і з Полацка, Віцебска, Мінска, Калінінграда, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Сярод удзельнікаў такіх сустрэч — Святлана і Ірына Кукштэль, Вольга Аляхновіч, Анатолій Захарка, Ія Васілеўская, Лена Рагуцёнак, Іван і Дзмітрый Курыловічы, Лёля і Галя Гінько, Наташа Вайцяшонак і іншыя.

Найстарэйшай жыхаркай Пятровіч была Антаніна Дзянісаўна Болт, якая пражыла 94 гады, апошнія з іх — у старэйшага сына ў Мінску. Там і пахаваная. Яе сын Уладзімір скончыў Ваенную медыцынскую акадэмію, кандыдат медыцынскіх навук, служыў на атамнай падводнай лодцы. Зараз чытае лекцыі ў медуніверсітэце. Сёлета ў яго не атрымалася прые­хаць на сустрэчу, але вельмі яркія ўспаміны засталіся ад мінулагодняй (прыязджаў разам з жонкай), якімі і падзяліўся са мной у тэлефоннай размове.

— 50 гадоў не бачыўся з некаторымі землякамі, не адразу і пазнаў кожнага. Але такой радаснай была сустрэча! Безумоўна, і настальгія падступала, бо не пазнаць нашы Пятровічы — зусім апусцелі. З 36 дамоў засталіся толькі 4, і ў тых ніхто не жыве. Адпачылі з жонкай на Нарачы, плануем і сёлета. А якімі смачнымі дранікамі карміла нас Марына Курыловіч! — расказаў Уладзімір Болт.

У далёкім 1970-м пакінула родную вёску Лідзія Дзіковіч, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу.

— Сёлета мы прыехалі ў Пятровічы на дзвюх машынах з мужам і сям’ёй нашай старэйшай дачкі Лены, якая кожнае лета праводзіла тут у бабулі і дзядулі, — дзялілася Лідзія Леанідаўна. — Таксама прыехаў з Калінінграда з сям’ёй мой родны пляменнік Андрэй Дзіковіч, які таксама летнімі канікуламі бавіўся ў бабулі з дзядулем. У мяне і дзяцей найлепшыя ўспаміны пра вёску. Сустрэчы з землякамі — вельмі значныя падзеі ў жыцці: яны вяртаюць у дзяцінства і маладосць, саграваюць сэрца.

Пасля кожнай з іх застаюцца і дакументальныя сведчанні — мноства фотаздымкаў. А Іван Курыловіч стварае на іх аснове кранальныя відэафільмы. Не сумняваюся, што іх неаднойчы пераглядаюць не толькі тыя, хто пазнае сябе на кадрах, але і хто па тых або іншых абставінах не змог прыехаць у самы родны на зямлі куточак.

У кожнай сяброўскай бяседзе землякоў гучаць песні пра вёсачку, сяброўства, каханне, Радзіму.

— А давайце ў наступным го­дзе запросім у Пятровічы Анатоля Ярмоленку! — загарэўся хтосьці марай пад песню «Землякі» гэтага таленавітага аўтара, што гучала ў запісе за сталом. — Вось паспяваем дык паспяваем з ім!

— Галоўнае, каб такія сустрэчы працягваліся, — пастанавілі ра­зам. — Не стане нас — будуць прыязджаюць дзеці, унукі. Хоць вёсачка знікае, сяброўскае брацтва землякоў мацнее!

Вось бы так гуртаваліся выхадцы з усіх нашых вёсачак!

Фаіна Касаткіна
Фота даслаў Дзмітрый Курыловіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.