Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

Спорт и туризм

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе

ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

Трэнерскі штаб саперніка непакоіўся, што ў іх ігракоў не будзе патрэбнага настрою на гульню пасля нядаўняга пераканаўчага поспеху ў Паставах. Аднак паядынак выклікаў большы інтарэс, чым леташні ў Полацку. На матч прыйшло каля трохсот гледачоў, трэць з якіх прыехала з Міёр. У нашых была меншая група падтрымкі, але яе было чуваць на працягу ўсёй захапляльнай сустрэчы. Пастаўчане далі бой фаварыту і былі блізкія да заваявання ганаровага трафея.

Праўда, спачатку міёрцы — а фактычна зборная вобласці — прадказальна пабеглі вялікімі сіламі наперад, але грашылі недакладнымі ўдарамі пры завяршэнні атак. Наша каманда гуляла самааддана, вытрымала стартавы націск, а потым стала адказваць вострымі камбінацыямі. Пасля падач двух небяспечных вуглавых пастаўчане на 32-й хвіліне маглі выйсці наперад. Лічаных сантыметраў не хапіла цэнтрфорварду Кірылу Каралёнку, каб замкнуць прастрэльную галявую перадачу. Яшчэ пару разоў надзейна згуляў варатар саперніка Ігар Даўгяла. Перад свістком на перапынак ужо міёрцы двойчы ўпусцілі моманты вызначыцца.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

У другім тайме сапернік правёў некалькі замен, выпусціў на поле мэтра беларускага футбола, майстра спорту Антона Мацвеенку. Накал барацьбы яшчэ павялічыўся, ля варот абедзвюх каманд было горача. Дзеючы ўладальнік Кубка стаў нервавацца за канчатковы вынік, бо на 63-й хвіліне толькі майстэрства галкіпера выратавала фаварыта ад узяцця варот пасля ўдару Уладзіміра Камісарчука. Міёрцы ў канцоўцы выйшлі наперад пасля вуглавога намаганнямі свайго вопытнага бамбардзіра з 1-й лігі Яўгена Лебедзева. Але нашы знайшлі ў сабе сілы адыграцца на 80-й хвіліне. Гол-шэдэўр атрымаўся ў 19-гадовага апорніка пастаўчан Аляксандра Звяругі, які абыграў апекуна, развярнуўся і з 25 метраў стрэ­ліў пад перакладзіну — 1:1.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

Асноўчы час завяршыўся баявой нічыёй, і, у адпаведнасці з рэгламентам, для вызначэння пераможцы прызначылі два дадатковыя таймы па 15 хвілін. У канцоўцы сапернік з-за сямі замен выглядаў больш свежым і дамогся свайго. На 102-й хвіліне адскок мяча дапамог расійскаму легіянеру Паўлу Іванову, які пакаціў мяч у пустыя вароты — 1:2. Да гонару пастаўчан, яны змагаліся да канца. Ужо ў 4-м тайме рэзервовы нападаючы Ігнат Курыловіч пры розыгрышы штрафнога трапна стрэліў галавой у дальні вугал. Але галкіпер міёрцаў не дазволіў перавесці сустрэчу да серыі пенальці. Трэці мяч перад фінальным свістком уляцеў у нашы вароты ў становішчы «па-за гульнёй», бо бакавы суддзя пад спякотным сонцам таксама стаміўся і гэтага не заўважыў.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

У безнадзейным становішчы пастаўчане яшчэ двойчы сур’ёзна патрывожылі саперніка і заслужылі апладысменты стадыёна за годную гульню ў фінале. На ўрачыстай цырымоніі камандзе ФСК «Паставы» ўручылі ганаровы дыплом і сярэбраныя медалі футбалістам Бяляўцаву, Маршыну, Голубеву (к, Врублеўскаму), Рогачу, Касенку (Пучынскаму), Камісарчуку, Звяругу, Кундру, Жылевічу, Вілейту (Ясюковічу), Каралёнку (Курыловічу), галоўнаму трэнеру Васілю Грантоўскаму. Камандзе Міёр ганаровы трафей уручылі назаўсёды, бо яна выйграла абласны Кубак трэці раз запар. Восенню міёрцы пазмагаюцца за Кубак рэгіёнаў і мараць пра выхад на еўрапейскі турнір UEFA.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 1:1 (дадатковы час – 0:2)

Пастаўчане вяртаюцца да барацьбы ў чэмпіянаце краіны ў 2-й лізе. На сваім полі яны правядуць пяць матчаў, найбліжэйшы — 27 ліпеня з ФК «Сянно». У мінулую нядзелю адбылося некалькі сустрэч на Віцебшчыне, якія завяршыліся наступным чынам: ФК «Лепель»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 1:1, «Дрывяціч» (Браслаў)—ФК «Шуміліна» — 3:2, «Ніва» (Талачын)—ФК «Сянно» — 0:0.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.