На мінулым тыдні прадаўцу коўзанскага магазіна Ганне Яблонскай надарылася зусім нечаканая, але прыемная камандзіроўка ў Віцебск. Яна была запрошана на абласную ўрачыстаць з нагоды Дня кааперацыі. На ёй атрымала Ганаровую грамату Белкаапсаюза. А начальнік упраўлення ў ліку Пастаўскага філіяла Алёна Дзеравянка адзначана Ганаровай граматай абласнога спажыўтаварыства.
Для Ганны Яблонскай сёлета гэта не першая ўзнагарода. Па выніках мінулага года коўзанскі магазін прызнаны найлепшым у раённым спаборніцтве сярод сельскіх магазінаў спажыўкааперацыі. На раённым сходзе, які адбыўся ў сакавіку, прадаўцу ўручылі пераходны вымпел, яе фотаздымак быў занесены на раённую Дошку гонару. У 2018 годзе жанчына заахвочвалася каштоўным падарункам і грашовай прэміяй, у 2021-м — Ганаровай граматай Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства.
Між тым, пры агульным 36-гадовым стажы работы Ганна Антонаўна ў гандлі ўсяго 9 гадоў. Працоўны шлях яна пачала ў 1989 годзе закройшчыцай 4-га разраду варапаеўскага Дома быту. За старанную працу неаднойчы атрымлівала граматы, каштоўныя падарункі, фотаздымак заносіўся на Дошку гонару райбыткамбіната.
— Але чаму памянялі сферу дзейнасці? — пацікавілася я ў жанчыны пры сустрэчы з ёй у магазіне.
— Змяніліся сямейныя абставіны, — адказалаяна. — Скасаваўшы шлюб, я вярнулася з Варапаева ў свае Навасёлкі. Бацькі ўжо не было ў жывых, маці хварэла. Ёй патрэбна была мая дапамога, мне — яе падтрымка. Яшчэ чатыры гады ездзіла на работу ў Варапаева, а потым з’явілася магчымасць уладкавацца прадаўцом у коўзанскі магазін, які ўсяго за чатыры кіламетры ад Навасёлак. Летам дабіраюся на веласіпедзе, на працягу навучальнага года — з дзецьмі на школьным аўтобусе.
Як ужо гаварылася вышэй, вызначаецца Ганна Антонаўна і на новым месцы. Прывяду радкі з характарыстыкі на яе: «За час работы ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства мае толькі станоўчыя водзывы як з боку кіраўніцтва, так і з боку пакупнікоў. Добразычлівая і камунікабельная, здольная самастойна прымаць рашэнні ў цяжкіх сітуацыях і несці адказнасць за вынік сваёй дзейнасці. Заўсёды ў тэрмін выконвае пастаўленыя задачы, мае багатыя практычныя веды па сваёй спецыяльнасці. Карыстаецца заслужанай павагай калег». Пакупнікі таксама адзначаюць стараннасць, ветлівасць і добразычлівасць прадаўца, прызнаюцца, што заўсёды прыемна зайсці ў магазін па пакупкі.
Спажыўкааперацыя зараз перажывае не лепшы час. Многія магазіны гэтай сістэмы не вытрымалі канкурэнцыі і закрываюцца не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў райцэнтры. Коўзанскі трымаецца на плаву, нягледзячы на яго блізкасць да горада, кожны месяц выконвае даведзены план. I ў гэтым несумненная заслуга прадаўца.
— Безумоўна, хацелася б атрымліваць больш разнастайнага тавару, — гаварыла Ганна Яблонская. — Але самае неабходнае ў магазіне ёсць. Гэта малочная і мясная прадукцыя, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, напіткі і іншае. Прымаем заяўкі ад вяскоўцаў. Асабліва часта заказваюць тарты напярэдадні розных свят.
У суботу і нядзелю ў магазіне выхадныя. У гэтыя дні Ганне Антонаўне хапае дамашніх спраў. Але яна знаходзіць час і на тое, кааб паехаць у Полацк, дзе жыве з сям’ёй яе дачка Надзея. Яна — піяністка, выкладае свой прадмет у Наваполацкім музычным вучылішчы. А найбольшая радасць для Антонаўны — сямігадовая ўнучка Ульянка. Нацешыўшыся з малой, жанчына кожны панядзелак з добрым настроем зноў становіцца за прылавак, каб і тавар адпусціць пакупнікам, і падарыць ім ветлівае слова, усмешку.
Фаіна Касаткіна

