Не ў бункер, а ў аптэчку найперш заглядвае прафсаюзны лідар аграрыяў Пастаўшчыны пры наведванні сельгаспрадпрыемстваў.
Як толькі стартавала ўборка зерневых, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч узяў пад пільны кантроль бяспеку працы ўдзельнікаў жніва, захаванне імі працоўнай дысцыпліны, арганізацыю гарачага харчавання, забяспечанасць спраўнымі вогнетушыцелямі, аптэчкамі і напаўненне апошніх лекавымі прэпаратамі. Асноўная мэта маніторынгаў — прасачыць за тым, каб усё спрыяла работнікам у галоўнай справе — уборцы ўраджаю. У выпадку выяўлення парушэнняў кіраўнікі гаспадарак атрымліваюць ад раённага прафсаюза рэкамендацыі, у якіх указаны тэрміны ўхілення недахопаў.
У аўторак разам з Васіліем Катовічам я накіравалася ў ААТ «Ярэва-агра». Едучы дарогай з Мажэек на Ярэва, на полі каля Родзяў палюбаваліся саспелым ячменем. На частцы плошчы ляжалі тоўстыя валкі саломы, у многіх месцах ўчасткі былі моцна парэзаныя коламі тэхнікі, частка збажыны стаяла на корані. Камбайнераў знайшлі за Свілэлямі. Там жа быў і дырэктар сельгаспрадпрыемства Раман Вырвіч.
— Ні ў мяне, ні ў камбайнераў няма ніякага задавальнення ад першых дзён жніва, — гаварыў дырэктар. — Ля Родзяў вырас добры ячмень, а ўбраць немагчыма: камбайны садзяцца, разоў 20 за дзень прыходзілася іх буксіраваць. Пакінулі той участак і пераехалі на гэта поле. Думалі, тут сушэй. Ды дзе там!
Не ў лепшым настроі былі і камбайнеры Аляксандр Гінько, Дзяніс Зубаў, Юрый Шарко. Васілій Катовіч пацікавіўся ў іх, ці смачна кормяць, праверыў напаўняльнасць аптэчак, тэрмін прыгоднасці лякарстваў і вогнетушыцеляў, напомніў пра захаванне правілаў тэхнікі бяспекі.
— Уборка зерневых і зернебабовых — асабліва напружаная пара для работнікаў сельскай гаспадаркі, — гаварыў Васілій Катовіч. — На ёй задзейнічана энерганасычаная тэхніка, напружана працуюць зернесушыльныя комплексы. Я ў першую чаргу цікаўлюся захаваннем правіл супрацьпажарнай бяспекі, аховы працы. Прадукцыйнасць мае немалаважнае значэнне пры ўборцы вырашчанага ўраджаю і налічэнні заработнай платы, але галоўнае — каб удзельнікі жніва былі здаровыя, не здараліся выпадкі вытворчага траўматызму.
У ААТ «Ярэва-агра» два камбайны служаць другі сезон, трэці — дванаццаты. У мінулым годзе гаспадарка набыла новыя аптэчкі. Іх напаўняльнасць адпавядае патрабаванням. Два гады яшчэ могуць служыць і вогнетушыцелі.
Камбайнеры падчас размовы раз-пораз з хваляваннем паглядвалі на неба, якое зацягвала чорная хмара.
— Хай бы яна абмінула нас, — гаварылі. — Можа, крыху падцягнула б і не патрэбны быў трактар для буксіроўкі камбайнаў, шпарчэй пайшло б жніво.
Анна Анішкевіч

