Поставчанка и долгожительница Вера Яхимович старается искать позитив во всём

Общество

Жанчына ў любым узросце застаецца жанчынай. Жыхарцы райцэнтра Веры Мікіцічне Яхімовіч — 96 гадоў, але як толькі яна ўбачыла ў маіх руках фотаапарат, адразу ж папрасіла сваю памочніцу: «Таня, падвядзі мне бровы і падай памаду — вусны я намалюю сама». Апранутая ў прыгожы світар, на пальцах — пярсцёнкі, у вушах — завушніцы. Хоць на подыум выходзь!

Але якраз з хадой у жанчыны вялікія праблемы. Яна інвалід I групы і рухаецца толькі з дапамогай спецыяльных хадункоў. Што, між іншым, не перашка­джае ёй заставацца аптымісткай.

— Я паставіла перад сабой задачу дажыць да 100 гадоў, а далей — як Бог дасць, — казала мне. — Дзякуй нашаму ўчастковаму ўрачу Жанне Юркевіч, якая прапісала мне добрыя таблеткі ад ціску і звужэння сасудаў. П’ю іх — і адчуваю сябе добра, а раней жа неаднойчы выклікала «хуткую».

Вера Мікіцічна жыве адна. У прасторным доме ёсць усе выгоды: газавае ацяпленне, санвузел. У агародзе цвіце бульба, у садзе наліваюцца сокам яблыкі і вішні, спее маліна.

— Хутка будзем з Таняй варыць з яе варэнне для масквічоў, — заўважае Мікіцічна.

Поставчанка и долгожительница Вера Яхимович старается искать позитив во всём

У Маскве жыве яе дачка Валя. Другая дачка, Тамара, — у Швянчонісе. У абедзвюх ёсць дзеці, унукі. Да маці прыязджаюць не часта, а вось на відэасувязі з ёй кожны дзень. Хацелі б і да сябе забраць, але хіба яна пакіне родныя сцены? Тым больш што мае вялікую падтрымку ў асобе Таццяны Мартыненкавай, якая аформлена ад сацыяльнай службы па доглядзе яе як інваліда I групы.

— Таня для мяне нібы трэцяя дачка, — гаварыла ўдзячная бабуля. — Яна дапамагае мне ва ўсім. А вось ежу гатую сама, я ў ёй непераборлівая, але асабліва люблю дранікі.

За плячыма ў Веры Мікіцічны доўгае і нялёгкае жыццё. Нарадзілася і вырасла ў мнага­дзетнай сям’і на Смаленшчыне. Падчас Вялікай Айчыннай іх вёску спалілі. Пэўны час жылі ў зямлянцы ў лесе, галадалі. Пасля заканчэння вайны прыехала да сястры ў Швянчоніс, а пазней — у Паставы, дзе жыў брат. Тут і замуж выйшла.

— Мой муж Віктар працаваў старшынёй калгаса «Шлях да камунізму» з цэнтрам у Целяках, я там загадвала бібліятэкай, — успамінала доўгажыхарка. — Яго збіраліся перавесці на павышэнне ў Мінск. Перад тым паехаў паправіць здароўе ў санаторый, а вярнуўся — і праз тры дні раптоўна памёр. Усяго 40 гадоў яму было.

У другі раз замуж Вера Мікіцічна не выйшла. Усю сваю любоў і клопат аддала дочкам. Ганарыцца, што абедзве атрымалі добрую адукацыю: адна скончыла педінстытут, другая — Цырклішскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які ў свой час заканчвала і яна.

Так, Вера Яхімовіч мае дыплом агранома і шмат гадоў працавала ў Пастаўскай раённай насеннай інспекцыі, адкуль і на пенсію выйшла.

— Акрамя Ліды Зямчонак, ужо нікога, з кім разам працавала ў інспекцыі, няма ў жывых, — з сумам гаварыла мая суразмоўца. — А з Лідай мы перазвоньваемся. Цяжка ёй, беднай: пахавала сына, муж ляжыць нерухомы пасля інсульту.

Без чаявання Вера Мікіцічна мяне не адпусціла. Сказала: калі не сяду за стол, то пакрыўджу яе. На развітанне наказала: «Як паспеюць у маім садзе папяроўкі — прыязджайце! Ведаеце, якія яны смачныя! А мне так хочацца каго-небудзь пачаставаць…»

Хіба ўсё гэта не пацвярджэнне добразычлівасці доўгажыхаркі?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.