У іншай прафесіі сябе не ўяўляю — так сказала мне прадавец дунілавіцкага магазіна фірменнага гандлю «Паставы-гарадок» Наталля Свілёнак.
Калі ў дзяцінстве яе сяброўкі гулялі ў магазін, «прадаючы» цацкі, цукеркі, пячэнне, якія прыносілі з дому, і разлічваліся за пакупкі лісточкамі з дрэва, то Наташа, лічы, вырасла за прылаўкам сапраўднага магазіна. Яе мама Раіса Насевіч загадвала адным з магазінаў у Варапаеве, і дзяўчынка праводзіла там шмат часу, ёй гэта падабалася. Скончыўшы школу, нават не вагалася з выбарам прафесіі — паступіла ў Полацкае гандлёвае вучылішча. А пасля вярнулася ў роднае Варапаеве і амаль 30 гадоў прысвяціла гандлю, апошнія 10 загадвала «Родным кутом».
— У апошні час працаваць там было сумна, — расказвала Наталля. — Пакупнікоў мала, таму што асартымент тавараў бедны. І я задумалася над тым, каб памяняць работу. І тут таваразнаўца малочнага завода Валянціна Хаткевіч, з якой я знаёмая яшчэ з гадоў вучобы ў вучылішчы, прапанавала перайсці ў малочны магазін. Так апынулася ў «Паставы-гарадку». Напарніцай ў мяне Наталля Шпак. З ёй разам працавалі ў «Родным куце».
Калі хто думае, што работа ў прадаўца нескладаная, то памыляецца. Трэба пастаянна папаўняць асартымент тавараў, сачыць за тэрмінамі іх рэалізацыі, рабіць заяўкі пастаўшчыкам, выкладваць вітрыны, весці дакументацыю і абавязкова памятаць пра пакупнікоў — выконваць іх пажаданні. Для Наталлі Свілёнак гандаль — не проста работа, а яшчэ і сустрэча з людзьмі. Да кожнага чалавека яна знаходзіць індывідуальны падыход: стараецца і малым дагадзіць, і старых не пакрыўдзіць.
— Памяшканне магазіна хоць і маленькае, але ўтульнае, — расказвала Наталля. — У нас вялікі выбар тавараў. Я ўжо добра вывучыла запыты вяскоўцаў, ведаю, хто што найчасцей купляе. Стараюся заказваць усё неабходнае. Летам да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі. Тады расшыраю асартымент тавараў, якія падабаюцца дзецям. У нашым магазіне таксама набывае прадукты для сваіх сталовых сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». Канкурэнцыя ў гандлі цяпер немалая, нават у Дунілавічах. У наш магазін людзей прываблівае якасная малочная прадукцыя гандлёвай маркі «Паставы-гарадок».
А яшчэ, на маю думку, вялікую ролю адыгрывае камунікабельнасць прадаўцоў. Важна, каб чалавек пайшоў з магазіна не толькі з пакупкамі, але і ў добрым настроі. Гэта гарантыя таго, што ён зноў сюды прыйдзе.
Па выніках работы за мінулы год калектыў магазіна «Паставы-гарадок» кіраўніцтвам малочнага завода быў прызнаны адным з найлепшых. А напярэдадні Дня работнікаў гандлю, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю ліпеня, Наталля Свілёнак была запрошана ў Віцебск на ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята. Там з рук начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ірыны Ляўковіч атрымала Ганаровую грамату ўпраўлення.
— Было нечакана і, вядома ж, прыемна, — дзялілася ўражаннямі Наталля. — І не толькі мне, але і мужу, сыну, дачушцы. А асабліва маме, якая, адпрацаваўшы ўсё жыццё ў гандлі, ведае, якая няпростая гэта справа.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Юлія Ожаль

