У вёсцы Жалязоўшчына, што ў Навасёлкаўскім сельсавеце, жылі працавітыя, гаспадарлівыя, гасцінныя, майстравітыя і таленавітыя людзі. Яны заўсёды вызначаліся асаблівай згуртаванасцю. Можа, таму, што большасць вяскоўцаў былі паміж сабой сваякамі: Чарняўскія, Шаколы, Скрыпко. Тут спраўлялі вялікія і гучныя вяселлі. А танцы ладзіліся ў старой вяскоўкі Марыі Міхасёнак, хату якой жартам называлі жалязоўшчынскім домам культуры. Калі да каго прыходзіла бяда, прыхіналіся ўсе.
Ішлі гады, паступова пусцела вёска: маладыя абсталёўваліся ў гарадах ці іншых населеных пунктах, старыя знаходзілі свой спачын на могілках у Лукашове, Міхнічах, Захараўшчыне. Цяпер у Жалязоўшчыне пражывае крыху больш за дзясятак чалавек. Сярод найстарэйшых — Надзея Слядзеўская, Галіна Дунец, Станіслаў Скрыпко, Станіслава Пястун. Сапраўднай хуткай дапамогай для вяскоўцаў у любым выпадку з’яўляецца старэйшына Лілія Кукоўская. Нядаўна ў прасторным і прыгожым двары яе дагледжанага дома панавалі весялосць і ажыўленне — тут сабралася шмат гасцей. А запрасіла іх загадчыца Лукашоўскага сельскага клуба Людміла Мелец, якая сама родам з Жалязоўшчыны, і там да нядаўняга часу жыў яе бацька.
— У рамках абласнога праекта «Насустрач новым магчымасцям» сумесна з работнікамі дунілавіцкага клуба, навасёлкаўскай бібліятэкі, наведвальнікамі пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН у Жалязоўшчыне зладзілі мерапрыемства «Я тут жыву, і гэты край мне дарагі», — расказвала Людміла Мелец. — Арганізавалі кніжную выставу і выставу народных вырабаў. На свята сабраліся не толькі мясцовыя, прыехалі і тыя, чые дзяцінства і маладосць прайшлі ў Жалязоўшчыне. Рады былі вітаць сясцёр Таццяну, Наталлю, Зою Чарняўскіх (у дзявоцтве), брата і сястру старэйшыны вёскі, а таксама прадстаўнікоў родаў Шаколаў, Казакоў, Валодзькаў, Яноўскіх, Захаравых і іншых.
Усіх прысутных са святам вёскі павіншавала справавод Навасёлкаўскага сельвыканкама Ганна Урбель. Выдатнаму настрою спрыялі музыка і песні. Іх дарылі Марыя Грыбоўская, Уладзімір Стубайла, Леанід Касарэўскі, Зінаіда Сінгх, Ірына Смолка, Іна Русецкая, Алеся Кісялёва. Госці ім падпявалі і танцавалі. Пасля канцэртных нумароў былі пасядзелкі «Мы за чаем не сумуем». Успаміналі мінулае і тых, хто ўжо адышоў у вечнасць, расказвалі пра сябе, дзяцей, унукаў, праўнукаў. Доўга і весела святкавала ў той дзень Жалязоўшчына. Усе, хто быў на свяце, удзячныя Людміле Мелец за яго арганізацыю, а самадзейным артыстам — за музычныя падарункі. Свята атрымалася такім, як і задумвалася, — вясёлым і кранальным. Кожны быў рады сустрэчы з малой радзімай і дарагімі землякамі.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Ірына Смолка

