Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх адбылося на базе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.
Месца яго правядзення выбрана невыпадкова: за два тыдні ў камісію з аддзела міліцыі райвыканкама паступіла 14 матэрыялаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па правілах дарожнага руху, здзейсненых навучэнцамі дадзенай установы.
У тым, што гэтыя хлопцы любяць тэхніку і актыўна ёй цікавяцца, няма сумнення. Пасля дасягнення 16-гадовага ўзросту яны здалі экзамены на катэгорыю А1 і атрымалі права кіравання матацыклам з вызначаным аб’ёмам рухавіка. А вось тое, як кіруюць, выклікае нямала пытанняў. Юныя матацыклісты дапускаюць на дарогах шмат парушэнняў. Самыя распаўсюджаныя —няправільны абгон і перавышэнне хуткасці руху.
Або як вам такая карціна, калі юны кіроўца едзе па гарадской вуліцы на матацыкле, не трымаючыся рукамі за руль?
— Чаму дазволілі сабе такое? — пытаюцца ў яго члены камісіі і атрымліваюць адказ, нібыта ад малога дзіцяці:
— Пасля доўгіх пакатушак у галаву стукнула адпусціць руль. Больш такое не паўторыцца.
З мэтай прафілактыкі на камісію былі запрошаны не толькі парушальнікі правілаў дарожнага руху, але і іншыя навучэнцы каледжа, хто мае правы кіравання матацыклам, а таксама іх бацькі.
Зразумела, што двухколавы транспарт набылі для сваіх дзяцей бацькі. А зараз не маюць спакою, калі тыя садзяцца за руль. Мамы і таты дзяліліся на камісіі:
— На машыне ездзіў за сынам-матацыклістам, назіраў, як ён кіруе, указваў на памылкі, вучыў.
— Кожны раз адпускаем з цяжкай душой. Неаднаразова адбіралі матацыкл.
— Колькі ні прасілі ездзіць акуратна, не дайшло.
Рамантыка двух колаў — неад’емная частка жыцця моладзі. Аднак ні на хвіліну нельга забываць пра тое, што матацыкл — самы небяспечны від транспарту. Хуткасць ён можа развіваць даволі высокую, а вось абарона ў вадзіцеля і пасажыра мінімальная. Небяспека дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў заключаецца ў тым, што ў адрозненне ад аўтамашыны нават нязначнае сутыкненне матацыкла прыводзіць да таго, што вадзіцель і пасажыр атрымліваюць сур’ёзныя траўмы. Як сведчыць статыстыка, 80% ДТЗ з удзелам матацыклістаў заканчваецца цяжкімі траўмамі або смерцю.
— Бацькі набываюць для вас матацыклы, а вы не павінны засмучаць іх сваімі паводзінамі на дарогах, — звярнуўся да юных кіроўцаў старшыня камісіі па справах непаўналетніх Станіслаў Чымбург. — Яны чакаюць вашага вяртання дадому жывымі і здаровымі. Уключаючы матор матацыкла, уключайце і галаву. Строга захоўвайце правілы дарожнага руху. Толькі гэта гарантуе вам бяспеку і захавае жыццё.
Большасць парушэнняў здзейснена па арт. 18.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне правілаў эксплуатацыі транспартных сродкаў) і арт. 18.13 (невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання дарожнага руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў або іншых правілаў дарожнага руху). Па іх прадугледжваецца адказнасць у выглядзе штрафу ў размеры ад 2 да 10 базавых велічынь і пазбаўленне права кіравання транспартам да года.
Штраф на непаўналетніх парушальнікаў правілаў дарожнага руху не накладваўся. І толькі дзякуючы станоўчым характарыстыкам адміністрацыі навучальнай установы пяць навучэнцаў каледжа пазбаўлены права кіраваннем матацыклам не на найбольшы тэрмін, а на 3 месяцы. Яшчэ два непаўналетнія кіравалі матацыклам, не маючы вадзіцельскіх правоў. У адносінах да іх распачата індывідуальная прафілактычная работа, якая будзе весціся на працягу года.
Лета — самы спрыяльны для матацыклістаў час. І самы небяспечны. Пра гэта трэба памятаць кожнаму, хто збіраецца нават у недалёкую дарогу на сваім двухколавым транспарце.
- Пры кіраванні матацыклам абавязкова трэба выкарыстоўваць моташлем і не перавозіць пасажыраў без шлема.
- Нельга кіраваць матацыклам на адным коле ці не трымаючыся за руль.
- Трэба захоўваць скорасны рэжым і дыстанцыю.
- Неабходна пазбягаць небяспечных манеўраў і быць уважлівым да іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Фаіна Касаткіна

