27 июля жительница д. Полхуны Юзефа Ивановна Милош отметила 95-летие

Общество

27 ліпеня жыхарка в. Палхуны Лынтупскага сельсавета Юзэфа Іванаўна Мілош адзначыла 95-годдзе.

Наведацца да юбіляркі карэспандэнту «ПК» парэкамендавала сацыяльны работнік Людміла Ахрановіч, якая яе абслугоўвае:

— Пабачыце, якая Іванаўна прыгожая, як акуратна ў яе дома і ля дома, колькі кветак! І пагаварыць з ёй цікава: памятае ўсё, мае добры слых і зрок.

Музыка, песні, успаміны

З чаго пачынаць гутарку, як не з юбілею, калі я прыехала да імянінніцы на трэці дзень пасля яго.

— Вельмі прыгожае свята падрыхтавалі для мяне дзеці і ўнукі, хораша віншавалі, — радасна дзялілася віноўніца ўрачыстасці. — Музыка і песні гучалі на ўсё наваколле, і я спявала разам з усімі (у маладосці мела добры голас). Было весела. А колькі падарункаў мне навезлі!

На вонкавай сцяне дома яшчэ красаваўся вялізны плакат «С юбилеем!», на сталах і падаконніках стаялі падораныя букеты, у руках Іванаўна трымала новенькі мабільны тэлефон, гардэроб папоўніўся новай сукенкай. На свята сабраліся самыя родныя: дзеці, унукі, сястра, пляменнікі. Непаўторныя моманты еднасці, павагі і любові да юбіляркі захаваюцца на відэа, фотаздымках і ў памяці ўсіх удзельнікаў урачыстасці.

27 июля жительница д. Полхуны Юзефа Ивановна Милош отметила 95-летие

Рашылася ў адзін момант

Гэтак жа мнагалюдна і весела было ў хаце, і калі Юзэфа і Ян Мілошы адзначалі залатое, а потым і брыльянтавае вяселле. На жаль, у 2015 годзе жыццё гаспадара раптоўна абарвалася.

— 63 гады мы пражылі ў любові і згодзе, — расказвала Юзэфа Іванаўна. — Муж быў добры, спагадны, працавіты, не піў і не курыў, шанаваў мяне, даражыў дзецьмі і клапаціўся пра іх.

А пажаніліся яны зусім неспадзявана. Абое з адной мясцовасці, працавалі ў калгасе, бачыліся на вечарынах, але ёй падабаўся і адказваў узаемнасцю іншы хлопец. Аднак, калі Юзэфа на некаторы час паехала да дзядзькі ў Рыгу, ён ажаніўся з другой дзяўчынай.

— Ян у дзяцінстве асірацеў, выхоўваўся ў нядобрасумленных апекуноў. Каб пазбавіцца ад беднасці, вырашыў паехаць у Комі АССР на заробкі, — расказвала Іванаўна. — Завітаў да нас развітацца з маімі братамі, з якімі сябраваў. Мама загадала мне правесці яго да веснічак. У двары ён доўга не адпускаў маю руку і сказаў: «Калі б ты выйшла за мяне замуж, то нікуды не паехаў бы». Я адказала: «Выйду!»

Пажаніўшыся, яны здымалі хацінку ў чужых людзей, а з гадамі з дапамогай братоў пабудавалі сваю. Працавалі на ферме ў калгасе, трымалі шмат скаціны на сваім падвор’і.

27 июля жительница д. Полхуны Юзефа Ивановна Милош отметила 95-летие

Карані — чэшскія

Цікаўлюся паходжаннем не характэрнага для нашай мясцовасці прозвішча Мілош. Дачка Юзэфы Іванаўны Марыя расказвае:

— Мой прадзядуля быў чэх. Ён гандляваў соллю, прывозіў яе і на Лынтупшчыну. Пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, закахаўся ў яе і застаўся. Так і пачаўся наш род. Я пасля скасавання шлюбу вярнула сабе дзявочае прозвішча Мілош і ганаруся ім.

Марыя, выйшаўшы замуж за свайго земляка, з 1986 года жыве ў літоўскім Вісагінасе (раней ён называўся Снечкус). Муж па камсамольскай пуцёўцы будаваў там атамную электрастанцыю. У Вісагінасе асталяваўся і яе родны брат Генадзій (працуе вахтавым метадам у Германіі). Чужымі яны сябе ў гэтым горадзе не адчуваюць, паколькі большасць яго насельніцтва — беларусы і рускія. Але наведвацца да маці з-за цяжкасцей пры перасячэнні Дзяржаўнай граніцы стала складана, таму і не могуць рабіць гэта часта. А вось тэлефануюць ёй пастаянна, дачка — увогуле кожны дзень, прычым на дамашні тэлефон, бо маці сэнсарных не прызнае, карыстаецца кнопкавым мабільнікам. Дачцэ тэлефонныя перамовы каштуюць каля 100 еўра за месяц. Але для яе спакой маці даражэйшы за грошы.

І імпартная касметыка

Расказваючы пра падарункі, Юзэфа Іванаўна расчыніла шафу, каб паказаць новую сукенку, якую ёй прывезла на юбілей дачка. Нельга было не ўхваліць багаты гардэроб доўгажыхаркі.

А Марыя расказала, што дорыць маці і касметыку, прычым толькі імпартную. Маці ёй карыстаецца.

— Люблю прыгожае і каб усюды быў парадак, — прызналася Іванаўна. — Мне шмат дапамагае сацыяльны работнік Люда Ахрановіч, але і сама памаленьку рухаюся: прыбіраю ў хаце, даглядаю пакаёвыя кветкі і тыя, што ў агародчыку — а іх шмат, праполваю агародніну, гатую стравы. А найвялікшае маё багацце — дзеці і ўнукі. Дзякаваць Богу, усе яны ўдалыя, усе хінуцца да мяне.

Гэта асабліва ярка бачылася на святкаванні юбілею. А ён дадаў шмат станоўчых эмоцый не толькі імянінніцы, але і ўсім яе гасцям.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.