Жнівень — час прыходу на прадпрыемствы, у арганізацыі і ўстановы маладых спецыялістаў. Вось і калектыў УАЗ «Пастаўская ЦРБ» папоўніўся 7 выпускнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
— Да нас прыйшлі чатыры урачы, два сярэднія медыцынскія работнікі і ўпершыню за многія гады — спецыяліст па суправаджэнні праграмнага забеспячэння, — расказваў намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя Міхаіл Рабіза. — Дзмітрый Анціпін — пастаўчанін, выпускнік факультэта інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай. На яго мы спецыяльна адправілі заяўку ва ўніверсітэт, паколькі патрабаваўся праграміст. Асабліва ўлічваючы тое, што хутка будзе ўведзены ў строй новы корпус цэнтральнай раённай бальніцы, аснашчаны ў тым ліку сучаснай камп’ютарнай тэхнікай.
Што да ўрачоў, то ўсе яны атрымалі першыя працоўныя месцы ў нашым раёне пасля праходжання інтэрнатуры. Ураджэнка вёскі Норыца, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Лячэбная справа» Надзея Якімовіч пачала работу ўрачом агульнай практыкі ў Парыжскай бальніцы сястрынскага догляду. Яшчэ адна выпускніца ВДМУ, урач агульнай практыкі Дар’я Сянько, будзе весці прыём пацыентаў у паліклініцы. Дзяўчына родам з Магілёўскай вобласці, у Паставы прыехала ўслед за мужам-ваеннаслужачым.
Адразу двума маладымі спецыялістамі папоўніўся калектыў стаматалагічнага аддзялення ЦРБ. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта на работу сюды накіраваны наш зямляк, стаматолаг-хірург Юрый Шолах і жыхарка Мінска, стаматолаг-тэрапеўт Кацярына Хрол. Абое яны вучыліся па мэтавых дагаворах, якія заключылі з упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Мэтавае накіраванне брала пры паступленні і Надзея Якімовіч.
Выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа фельчар-акушэр Вікторыя Іўчанка і медсястра Арына Іваніцкая працаўладкаваны адпаведна ў аддзяленне ўрачоў агульнай практыкі і неўралагічнае аддзяленне цэнтральнай райбальніцы. Абедзве дзяўчыны мясцовыя, нарадзіліся і выраслі на Пастаўшчыне.
Гаворачы пра кадравае пытанне, Міхаіл Рабіза адзначыў, што праблема недахопу ўрачоў некаторых спецыяльнасцей, якая востра стаяла ў ЦРБ некалькі гадоў назад, у апошні час практычна вырашана. Сёння не хапае толькі хірургаў, але яны прыйдуць у наступным годзе. Двое будучых маладых спецыялістаў, якія завяршылі вучобу, ужо размеркаваны да нас і зараз праходзяць інтэрнатуру ў Віцебску.
А вось з сярэднімі медыцынскімі работнікамі не ўсё так добра: вялікая патрэба ў іх не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы ў цэлым. Ёсць надзея, што ў бліжэйшыя 2-3 гады і гэта праблема будзе знята дзякуючы вялікай прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі. Так, толькі сёлета кіраўніцтва Пастаўскай ЦРБ заключыла 6 мэтавых дагавораў з выпускнікамі агульнаадукацыйных устаноў раёна, якія паступілі ў медыцынскія каледжы.
Алена Шапавалава

