Вуліца Азёрная ў райцэнтры спалучае ў сабе дзень учарашні і сённяшні. Па адзін яе бок стаяць сціплыя домікі, якія гараджане называюць фінскімі. Узведзены яны яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя для вайскоўцаў лётнай часці, што дыслацыравалася ў нашым горадзе. А па другі бок вуліцы за апошні час выраслі шыкоўныя асабнякі.
Звярнула ўвагу на тое, што ля гэтых асабнякоў, за рэдкім выключэннем, толькі газоны. Ні кветак, ні агародаў няма. Ну што ж, сучасна і не надта клопатна. Але як радасна, калі позірку адкрываецца квітнеючы куточак! Такі я ўбачыла на Азёрнай якраз ля дома мінулага стагоддзя. І стала ўгаворваць гаспадыню, Вольгу Куцуху, папазіраваць ля кветак для здымка ў газету. Але Вольга Раманаўна адмовілася: «Не трэба мяне адну фатаграфаваць. Што я адна, без мужа, тут зрабіла б? А ён на рабоце…» Вырашылі ўзяць здымкі з сямейнага архіва.
Вольга і Дзмітрый Куцухі жывуць у гэтым двухкватэрным доме 40 гадоў. Ім не пашанцавала на суседзяў, і другая палова дома пастаянна пустуе. А сваю яны абуладкавалі па-гаспадарску: зрабілі рамонт, уставілі шклопакеты, падвялі газ, прыбудавалі веранду, нават цагляныя сцены пафарбавалі. Гаспадыня ўзгадвае, што некалькі дзесяцігоддзяў назад у нашай раёнцы быў артыкул пад назвай «Азёрныя трушчобы», у якім гаварылася пра тое, які непрыглядны выгляд мелі некаторыя дамы па гэтай вуліцы. Сёння карціна іншая. Хаця варта сказаць, што далёка не ўсе гаспадары дбаюць пра парадак і прыгажосць ля свайго жылля так, як Куцухі.
— Я толькі падумаю, што трэба зрабіць, а Дзіма ўжо бярэцца за справу, — хваліць мужа Вольга Раманаўна. — Узяць той жа кветнік: устанавіў бардзюрчыкі, паміж імі паклаў плітку, па якой можна хадзіць у тапачках і не забрудзіць іх.
На агародзе, што праз дарогу, таксама адмысловы парадак. Сваімі рукамі гаспадар пабудаваў там невялікі домік, альтанку, дзе прыемна адпачыць пасля працы на зямлі або прыняць гасцей.
Найбольшая любоў гаспадыні — кветкі. У агародчыку ля дома раскашуюць ружы, хрызантэмы, рамонкі, астры, львіны зеў, петуніі, бальзамінкі і інш. Шмат кветак і ў падвясных гаршках.
— Нічога асаблівага ў гэтым няма, — гаворыць Вольга Куцуха. — Мы з Дзімам з таго пакалення, якое любіць працаваць на зямлі. Толькі пажаніўшыся, здымалі жыллё ў Паставах, дык і ля яго садзілі агародніну і кветкі, дапамагалі бацькам упраўляцца з гаспадаркай.
Так, яны з дзяцінства загартаваныя вясковай працай. Олі было ўсяго сем гадоў, калі памёр бацька і маці засталася з чатырма дзецьмі. Гадаваць іх дапамагала свякроў. Жылося цяжка і бедна, але да прыгажосці цягнуліся. Ля бацькоўскага дома ў вёсцы Кавалі, што недалёка ад Лукашова, заўсёды раслі кветкі. Ёсць яны там і сёння. Хоць маці даўно памерла і ў доме ніхто не жыве, ён не закінуты — павага да роднага куточка перадалася наступным пакаленням.
Але вернемся на Азёрную.
— Ад Оліных кветак не адвесці вачэй, — гаварыла яе былая суседка Алена Бандарэнка, якая даўно жыве ў Віцебску, але часта прыязджае ў бацькоўскі дом на Азёрнай. — А якая яна выдатная гаспадыня! Якія смачныя стравы гатуе, дзеліцца рэцэптамі з іншымі, вельмі гасцінная. Згуртоўвае сваіх дзяцей і ўнукаў, дапамагае ім. І мне шмат дапамагла, калі цяжка хварэла мая мама.
У Вольгі Куцухі і прафесія гуманная — яна медык, працуе медсястрой па функцыянальнай дыягностыцы ў раённай паліклініцы. Агульны медыцынскі стаж жанчыны складае 46 гадоў. Сёлета хацела пакінуць работу, але ўсё ж падоўжыла кантракт. Так што цалкам акунуцца ў дамашнія клопаты ёй пакуль не ўдаецца.
Фаіна Касаткіна




