Пасля некалькіх дажджлівых дзён у выхадныя ўсталявалася сонечнае надвор’е. Палі крыху падсохлі — і зноў закіпела работа на збожжавых палетках і сенажацях. З Генадзіем Лютынскім у нядзелю пабывала на Камайшчыне і Лынтупшчыне. Трактары з касілкамі касілі травы другога ўкосу, грабілкамі зграбалі зялёную масу ў валкі, і праз пэўны час на поле заязджаў прэс-падборшчык. Пасля яго заставаліся белыя «зефіркі» сенажу ў стрэйч-плёнцы.
Рупіліся і камбайнеры, хаця з-за пераўвільготненай глебы разагнацца магчымасці не было.
— Пакуль убіраем на лынтупскіх землях, — расказваў дырэктар ААТ «Янавіца-агра» Андрэй Купран. — Тут у асноўным пяскі. І то буксуем. А пераедзем на ніжэйшыя — і такая валакіта будзе!
На полі за Казнадзеюшкамі першым сустрэлі New Holland Максіма Адзінца з малочнага завода. Далей, практычна каля самай граніцы з Літвой, працавалі вопытныя мясцовыя камбайнеры Аляксандр Тамілін, Віталій Паўкштэла і Аляксандр Шляга. Яны не па адным дзясятку гадоў убіраюць збажыну. Камбайны ў іх не старыя. Аляксандр Шляга на сваім селёта выехаў першы раз. Вялікай нагрузкі яму пакуль не дае — абкатвае. І ўсё ж праблемы ўзнікаюць. Не паспелі мы з Генадзіем Лютынскім даехаць да райцэнтра, як Андрэй Купран паведаміў, што ў новым камбайне «забарахліла» электроніка. Тэхніка на гарантыі, таму звязаліся з глыбоцкім райаграсэрвісам, адкуль тэрмінова выехалі спецыялісты.
Адразу за камбайнамі на трактары з прэс-падбошчыкамі рулоніць салому механізатар Уладзіслаў Лапун.
На адвозцы збожжа з поля да сушылкі задзейнічаны на ўласных машынах гаспадар сялянска-фермерскай гаспадаркі Уладзімір Іванковіч, індывідуальны прадпрымальнік Віктар Жукоўскі, а таксама па чарзе вадзіцелі ДЭУ-33 Вадзім Нікітчанка і Ігар Турла.
Пакуль гутарыла з удзельнікамі жніва, вадзіцель Уладзімір Дзісько са сталовай у Палессі прывёз абед, які прыгатавалі Нэлі Дубіновіч і Лілія Паршукова. Механізатары хутка перакусілі і заспяшаліся ў кабіны камбайнаў. Пасля азімага ячменю на чарзе — ячмень яравы, пшаніца, іншыя культуры.
Генадзій Лютынскі, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:
— Нягледзячы на розныя сюрпрызы надвор’я, ураджай у нашым раёне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Віцебшчыны вырас нядрэнны. Але ўбраць яго хутка не дазваляюць дажджы. Марнуюцца час і збожжа. Найбольшы аб’ём жніва ў ААТ «Камайскі-агра». Мясцовым камбайнерам на New Holland дапамагае Васілій Чабуранаў з малочнага завода. У панядзелак к вечару з жыткавіцкага аграсэрвісу прывезлі гусенічны камплект вытворчасці «Гомсельмаш». Іх паставяць на камбайн Івана Трацяка — праходнасць тэхнікі палепшыцца. З Аршанскага раёна на днях на дапамогу прыбудзе камбайн на гусенічным хаду. Вырашчанае імкнёмся ратаваць усімі сіламі.
Анна Анішкевіч


