Любімая мая тэма — вёска і вяскоўцы. А сёння ёсць і важная нагода пагаварыць пра тое, што іх хвалюе. На нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу звярнуў на гандлёвае абслугоўванне сельскага насельніцтва.
У ліку асноўных праблем у гандлі Прэзідэнт назваў нязручныя для насельніцтва графікі работы магазінаў і маршрутаў аўтамагазінаў, бедны асартымент, наяўнасць пратэрмінаваных тавараў. Яшчэ большую незадаволенасць выклікае ў людзей закрыццё магазінаў.
Вострая гэта праблема і на Пастаўшчыне. Толькі ў першым паўгоддзі бягучага года ў раёне закрыта 17 магазінаў, якія належалі Пастаўскаму філіялу Віцебскага аблспажыўтаварыства. Прычым не толькі ў невялікіх вёсках, але і ў аграгарадках і райцэнтры. Прычыны гэтага не толькі ў змяншэнні колькасці насельніцтва, цяжкім фінансавым становішчы філіяла, але і ў абавязковай лічбавізацыі гандлёвых кропак. Як адзначыў на нарадзе Прэзідэнт, патрабаванне атрымання лічбавых подпісаў і маркіроўкі тавараў было неабдуманым і стала для невялікіх сельскіх магазінаў цэлым квэстам. Вось і ў нашым раёне гэта так выбіла з каляіны некаторых прадаўцоў, што яны звольніліся з работы. А кадраў у кааператараў і так не хапае.
Закрыты 2 магазіны ў Варапаеве, а таксама ў Андронах, Кураполлі, Шырках, Груздаве, Сакунах, Хацілах і іншых сельскіх населеных пунктах.
— Гандлёвае абслугоўванне для мяне самае балючае пытанне, — дзялілася старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько. — Раней на тэрыторыі сельсавета працавала 7 магазінаў райспажыўтаварыства: у Ярэве, Балаях, Васілінах, Хацілах, Андронах, Кураполлі, Целяках. Застаўся толькі ў Ярэве. Закрыццё магазінаў выклікае незадаволенасць людзей. Не, яны не засталіся без гандлёвага абслугоўвання (прыязджаюць аўталаўкі), але яго якасць ужо іншая. Праўда, курапольцам пашанцавала: тут адразу ж пасля закрыцця магазіна спажыўкааперацыі адчыніў свае дзверы міні-маркет Пастаўскага міжраённага вузла паштовай сувязі. Новая гандлёвая кропка багата насычаная таварамі. Адкрыць магазін у Хацілах паабяцаў Пастаўскі малочны завод, але гэта пакуль не зроблена.
Аналагічная сітуацыя і ва ўсіх іншых сельсаветах раёна.
Пра аўтамагазіны хачу сказаць асобна. Іх у раёне 15. 9 належаць міжраённаму вузлу паштовай сувязі, 6 — філіялу аблспажыўтаварыства, 1 — малочнаму заводу, 1 — ААТ «Клімюк » Асноўную нагрузку па выязным гандлёвым абслугоўванні нясе філіял аблспажыўтаварыства. 6 яго аўтамагазінаў абслугоўваюць 212 населеных пунктаў (у 101 з іх пражывае да 10 чалавек) па 31 маршруце. Нярэдка здараецца так, што вяскоўцы, да якіх аўтамагазіны даязджаюць у апошнюю чаргу, застаюцца без таго або іншага неабходнага ім тавару. Немагчыма хвіліна ў хвіліну захаваць і графік руху аўтамагазінаў, і людзям даводзіцца падоўгу чакаць іх на вуліцы. У цёплую пару года няхай сабе, а халадамі? А як набыць тавар у аўтамагазіне людзям, якія працуюць? Скажам, муж — механізатар, жонка — даярка, дзеці — школьнікі. Бацькі не кінуць работу, дзеці — вучобу і не будуць марнаваць час у чаканні аўтамагазіна.
У нашым раёне рознічны гандаль ажыццяўляюць магазіны такіх сеткавых кампаній, як «Евроопт», «Соседи», «Санта», «Маяк», «Светофор», «Копеечка», «Світанак» «Мила» і іншыя. Але іх паслугамі карыстаюцца толькі гараджане. Ісці ў вёскі яны не жадаюць — нявыгадна. Прэзідэнт на нарадзе заявіў у дачыненні да крупных сетак: «Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнес у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўцоў у вёсцы». І даручыў прыцягнуць сеткі ў невялікія, нават неперспектыўныя населеныя пункты.
Заўсёды найбольшую сацыяльную нагрузку па абслугоўванні сельскага насельніцва несла спажыўкааперацыя. Да нядаўняга часу гэта сістэма ў аб’ёме рознічнага тавараабароту ў раёне займала каля 40%, а за 7 месяцаў бягучага года — усяго 2,7%. Застаецца толькі спадзявацца, што сітуацыя пачне мяняцца ў лепшы бок.
Прэзідэнт запатрабаваў ад адказных асоб да 1 студзеня 2026 года стварыць эфектыўную сістэму гандлёвага абслугоўвання па ўсёй краіне, і найперш — у сельскай мясцовасці. Па яго словах, схема арганізацыі гандлю павінна быць простай: у раённым цэнтры працуе некалькі добрых, максімальна напоўненых таварамі гандлёвых цэнтраў, у аграгарадках — меншыя магазіны. У вялікіх вёсках Прэзідэнт паставіў задачу навесці парадак і арганізаваць работу звычайнага магазіна, пабудаваць, адрамантаваць, забяспечыць кадрамі і якаснымі таварамі.
Такім чынам, ёсць надзея, што і ў нашым раёне ў некаторыя закрытыя ў сельскай мясцовасці магазіны вернецца жыццё, а гандлёвае абслугоўванне ў цэлым будзе ўдасканальвацца.
Фаіна Касаткіна

