Сёння – Дзень чыгуначніка
На ўчастку дарогі ад Лынтуп да Навасёлак за бяспеку руху цягнікоў адказваюць работнікі 8-га акалодка Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Напярэдадні прафесійнага свята я пабывала ў Лынтупах, пазнаёмілася з майстрам, манцёрамі і даведалася пра асаблівасці іх работы.
І ў спякоту, і ў холад
— Толькі недасведчаныя лічаць, што чыгунка не патрабуе пільнага догляду, — гаварыў майстар Рышард Гіруць. — Пад уздзеяннем высокіх тэмператур рэльсы могуць расшырацца і дэфармавацца. Каб дарога надзейна служыла, трэба пастаянна рабіць абходы, сачыць за станам шпалаў, насыпу, рэльсаў, палос адводу, пераездаў. На ўчастку ў 54 кіламетры, які за намі замацаваны, работы хапае кожны дзень і круглы год. Нас не палохаюць ні снег, ні мароз, ні лівень, ні спёка. Усе забяспечаны спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы. Мы ў адказе за тое, каб рэльсы былі роўнымі, шпалы — надзейнымі, а стрэлкі — рабочымі.
Планёрка на 8-м акалодку праходзіць, звычайна, вечарам. Падчас яе вызначаецца аб’ём работы на наступны дзень. І ўжо ў 7.40 многія манцёры пуці, брыгадзір, а нярэдка і майстар цягніком Лынтупы—Крулеўшчына адпраўляюцца да таго месца, дзе будуць мяняць шпалы або рэльсы, рамантаваць крэставіны, абточваць рэльсы, рабіць выпраўку пуці і многае іншае.
У аўторак, калі я прыехала на акалодак, манцёры пуці Уладзімір Шантар, Леанід Вежан, Алег Цыльвік, Аляксандр Янкун і Леанід Цярэнцьеў, прайшоўшы інструктаж па тэхніцы бяспекі, рыхтаваліся ехаць мяняць шпалы. Выставілі сігналістаў і загружалі ў цялежку лапаты, ламы, лапы. Майстар Рышард Гіруць, брыгадзір Віктар Лоўкіс і манцёр Аляксандр Бартунскі абмяркоўвалі некаторыя дэталі бягучага плана.
Пашанцавала з калектывам
—У падпарадкаванні ў мяне 20 чалавек, — расказваў Рышард Уладзіміравіч. — 14 з іх — манцёры пуці, 4 — брыгадзіры. Яшчэ ёсць вадзіцель Сяргей Свіла. Машына ў яго заўсёды на хаду. Сёння рана паехаў у дыстанцыю пуці за закладнымі і клемнымі балтамі, іншым матэрыялам. Паколькі грузападымальнасць машыны невысокая, за адзін рэйс усё не прывязе. Давядзецца ехаць яшчэ раз. За адзін дзень праедзе каля 200 кіламетраў.
Рышард Гіруць на акалодку ў Лынтупах працуе з 1992 года. Пачынаў манцёрам пуці на Літоўскай чыгунцы. Пасля развалу СССР перайшоў на Беларускую.
— Які рух быў на чыгунцы ў пачатку маёй працоўнай біяграфіі! — успамінаў. — Пасажырскія цягнікі хадзілі з Вільнюса на Віцебск, Гродна. Цягалі па сем вагонаў і вагон-рэстаран. Курсіравалі чатыры дызелі па маршруце Вільнюс—Дзіджасаліс. А колькі грузавых! Везлі збожжа на Лынтупскі спіртзавод, удабрэнне для мясцовых калгасаў. З Лынтуп адгружалі лес, перад Новым годам — елачкі, ды шмат іншых грузаў! Чыгунку на Вільнюс разабралі ў 2000-м годзе, нядаўна дэманціравалі пад’язныя пуці да спіртзавода.
Абавязкі ў манцёраў пуці не змяніліся. Іх прафесія не з лёгкіх. Людзі на 8-м акалодку маюць вялікі вопыт работы. Практычна па тры дзесяцігоддзі тут працуюць брыгадзір Анатолій Кузьміноў, манцёры Аляксандр Бартунскі, Леанід Манкевіч, Павел Цапелік, Анатолій Барташэвіч. Гэта не проста пуцейцы — сапраўдныя прафесіяналы. Яны ведаюць пра чыгуначныя пуці ўсё, умеюць іх абслугоўваць і рамантаваць.
— Мне вельмі пашанцавала з калектывам, мы — адна каманда, — гаварыў майстар. — Разумеем адзін аднаго не тое што з паўслова — з погляду. Практычна ніколі не ўзнікае ніякіх непаразуменняў. Варта толькі сказаць: «Хлопцы, трэба!» І будзе зроблена бездакорна.
Кардыяграма пуці
Ад кожнага з пуцейцаў патрабуецца асаблівая ўважлівасць пры абследаванні пуці. Яны кантралююць, ці не прасеў грунт, ці не пашкодзіліся шпалы, ці не з’явілася трэшчына ў рэльсе. Для гэтага на ўзбраенні ёсць штангенцыркуль, рулетка, лінейка, шаблон універсальны КОР. З дапамогай названых інструментаў робяць замеры і правяраюць стан стыкавых зазораў рэльсаў, выяўляюць велічыню, глыбіню і працягласць дэфекта. Па словах майстра, не горш за любы інструмент стан пуці вызначае напрактыкаванае вока манцёра.
Больш дакладную ацэнку пуці кожны месяц даюць спецыялісты вагона-пуцевымяральніка, якія аб’язджаюць участкі. Раздрукоўка вынікаў абследавання на паперы нагадвае электракардыяграму сэрца чалавека. На ёй падрабязна адлюстроўваецца стан кожнага ўчастка. Вывучыўшы няспраўнасці, майстар вызначае, дзе трэба замяніць шпалы, дзе правесці выпраўку пуці.
Работнікі 8-га акалодка выдатна спраўляюцца са сваімі службовымі абавязкамі, а яшчэ механізатары Валянцін Шалкоўскі і Сяргей Адамовіч дапамагаюць ільнозавадчанам на льняных палетках. І ніхто ні на што не наракае. У Варапаеўскай дыстанцыі пуці стабільная зарплата, гарантаваны сацыяльны пакет. І кожны работнік ганарыцца тым, што ўносіць свой уклад ў бяспеку руху цягнікоў.
Анна Анішкевіч



