Сёння прафесійнае свята адзначаюць людзі, чыя работа — гэта бясконцыя лічбы, працэнты, табліцы, бюлетэні. Яны штодзень збіраюць, апрацоўваюць і аналізуюць даныя, якія паступаюць ад арганізацый і насельніцтва краіны, і забяспечваюць статыстычнай інфармацыяй органы дзяржаўнага кіравання. Менавіта ад іх аналізу і глыбіні апрацоўкі атрыманых звестак залежаць правільнасць кіраўніцкіх рашэнняў і напрамкі развіцця дзяржавы. Разам з іншымі свой уклад у гэту справу ўносяць работнікі аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці.
— Сёлетняе свята для нас асаблівае: органам дзяржстатыстыкі Беларусі спаўняецца 105 гадоў, — адзначыла начальнік райаддзела Ганна Бялевіч, калі я завітала да яе напярэдадні важкай даты. — За гэты час наша служба перажыла шэраг пераўтварэнняў: яна пастаянна рэарганізоўвалася і ўдасканальвалася. Але на фоне ўсіх змен ранейшымі засталіся мэты і задачы — ажыццяўленне дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці і задавальненне патрэб грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.
Для гэтага пастаўскія статыстыкі вывучаюць усе сферы жыцця раёна: сельскую і жыллёва-камунальную гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, узровень жыцця насельніцтва, дэмаграфічнае становішча і многае іншае. Атрыманую інфармацыю падаюць у Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці, дзе яна групіруецца, а затым распаўсюджваецца карыстальнікам у выглядзе буклетаў, статыстычных аглядаў, інфаграфікі.
За 2024 год і першае паўгоддзе 2025-га супрацоўнікамі аддзела выканана 367 статработ па розных галінах статыстыкі.
— Нам падаюць справаздачнасць каля 290 юрыдычных асоб, — расказвала Ганна Зянонаўна. — Акрамя таго, мы праводзім выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці ў Курапольскім сельсавеце. Таксама штоквартальна рэгіструем аб’ёмы продажу і цэны на тавары на рынку «Гарызонт» у Паставах і выбарачна абследуем хатнія гаспадаркі з мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва ў райцэнтры і Варапаеўскім сельсавеце. Для нас лічбы — гэта не проста сімвалы. Мы прымушаем іх гаварыць пра тое, як функцыянуе эканоміка і якія сацыяльныя працэсы адбываюцца ў рэальнасці.
Сёння аддзел статыстыкі Пастаўскага раёна паспяхова спалучае правераныя часам метады работы з сучаснымі тэхналогіямі, якія павышаюць эфектыўнасць дзейнасці. З 2013 года ў краіне функцыянуе Адзіная інфармацыйная сістэма дзяржаўнай статыстыкі — сучасная інфраструктура збору і апрацоўкі даных. Усе справаздачы паступаюць на адзін сервер праз веб-партал Белстата ў анлайн-рэжыме. Ажыццёўлены поўны пераход на электронны фармат падачы справаздачнасці рэспандэнтамі. Але пры ўсіх новаўвядзеннях ключавую ролю ў зборы, апрацоўцы і аналізе інфармацыі па-ранейшаму адыгрывае чалавек.
Работнікі статыстыкі — гэта людзі, якім уласцівыя вялізная адказнасць, уважлівасць, дакладнасць у выкананні сваіх абавязкаў і, безумоўна, прафесіяналізм. Такімі якасцямі валодаюць намеснік начальніка аддзела Алена Зубкова, галоўны спецыяліст Кацярына Будзіч, вядучы эканаміст Вольга Галубоўская, спецыяліст па правядзенні абследаванняў Галіна Вежан і, канешне ж, Ганна Бялевіч. Палова прадстаўніц гэтага невялікага калектыву працуе ў статыстыцы больш за 15 гадоў, а стаж Ганны Зянонаўны ў аддзеле складае амаль 21 год, з якіх 15 узначальвае яго.
— Наш аддзел заўсёды вызначаўся прафесіяналізмам і кампетэнтнасцю работнікаў, — гаварыла суразмоўца. — Традыцыі і вопыт у ім перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Мы ганарымся ветэранамі, якія прысвяцілі статыстыцы дзесяцігоддзі свайго жыцця. Гэта Людміла Пятроўна Драбовіч, Ірына Мікалаеўна Шамовіч, Марыя Аркадзьеўна Ражко, Марыя Казіміраўна Бердымірадава, Вольга Пятроўна Лаўнікоўская, Галіна Уладзіміраўна Мацюшонак, Алена Вітальеўна Федзіна, Эльвіра Іванаўна Палюлян. Менавіта яны закладвалі традыцыі дакладнасці і адказнасці, якія беражліва захоўваюцца сёння.
Напярэдадні свята хачу падзякаваць былым і цяперашнім работнікам за працу, адданасць справе, адказнае выкананне службовых абавязкаў, а нашым рэспандэнтам — грамадзянам і суб’ектам гаспадарання — за актыўнае супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнай статыстыкі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!
Алена Шапавалава

