20 верасня РУП «Белпошта» адзначае 30-годдзе з дня заснавання. За тры дзесяцігоддзі прадпрыемства стала неад’емнай часткай жыцця кожнага беларуса, забяспечваючы надзейную сувязь і доступ да сваіх паслуг. За гэты час і Пастаўскі рэгіянальны вузел паштовай сувязі прайшоў шлях ад традыцыйнай службы да сучаснага шматфункцыянальнага прадпрыемства.
— Змянілася многае, — расказвала яго начальнік Таццяна Гайлюн. — Мы перайшлі ад костачкавых лічыльнікаў да калькулятара, ад фанерных скрынак да гофратары, ад сургутніцы да скотча «Белпошта», ад папяровага дакументаабароту да персанальнага камп’ютара, ад ручных квітанцый да апаратна-праграмнага комплексу, ад звычайных канвертаў да першага класа.
З’явіліся новыя паслугі, лічбавыя сэрвісы: атрыманне паштовых адпраўленняў па QR- кодзе, прыём паштовых адпраўленняў online, прыём паштовых адпраўленняў з накладзеным плацяжом ад фізічных асоб з паслугай па залічэнні накладзенага плацяжу на рахунак.
Адбыліся значныя змены ў структуры прадпрыемства. Раней гэта быў Пастаўскі раённы вузел паштовай сувязі, са снежня 2018 года пераўтвораны ў рэгіянальны ў сувязі з далучэннем да яго Браслаўскага раёна, а ў 2021 годзе — і Докшыцкага.
30 гадоў назад дзейнічалі 44 стацыянарныя аддзяленні, з 2008 года на змену ім сталі адкрываць перасоўныя. З красавіка 2024-га мы адкрылі 2 пошты-маркеты — у гарпасёлках Варапаева і Лынтупы. У мінулым месяцы першымі ў вобласці адкрылі пункт выдачы заказаў Wildberris на базе лынтупскага аддзялення сувязі.
У нашым рэгіянальным вузле паштовай сувязі працуе больш за 260 чалавек. Усіх віншую з 30-годдзем «Белпошты»! Асаблівыя словы ўдзячнасці — ветэранам прадпрыемства, чые прафесіяналізм і мудрасць сталі асновай дасягненняў, якімі мы сёння ганарымся. Жадаю моцнага здароўя, душэўнага камфорту, упэўненасці ў сабе, мэтанакіраванасці. І няхай над нашай роднай Беларуссю заўсёды будзе мірнае неба!
Даражыць даверам
Адна з форм абслугоўвання насельніцтва — перасоўныя аддзяленні сувязі. Нават не верыцца, што першае такое аддзяленне з’явілася ў раёне ажно 17 гадоў назад. І з першага дня (гэта было 1 кастрычніка 2008 года) яго начальнікам з’яўляецца Алена Падгайская. Яна абслугоўвае Коўзаны, Лучай, Цешалава, Лукашова, Груздава і іншыя вёскі. Начальнік РВПС Таццяна Гайлюн адзначае, што Алена Падгайская працуе ўзорна, у яе адрас паступае шмат падзяк, яна неаднойчы заахвочвалася прадпрыемствам за сваё старанне. А сама Алена Антонаўна гаварыла:
— Добра ведаю вяскоўцаў, а яны — мяне. Заўсёды ветліва сустракаюць, і я еду да іх з радасцю, бо прыемна рабіць людзям дабро. Яны нам давяраюць, а мы даражым іх даверам.
Перасоўнае аддзяленне сувязі аказвае такія ж паслугі, як і стацыянарнае: дастаўляе карэспандэнцыю, пасылкі і бандэролі, прымае адпраўленні і розныя плацяжы. Акрамя таго, прывозіць харчовыя тавары, якія карыстаюцца ў вяскоўцаў вялікім попытам, бо заўсёды якасныя і па прымальных цэнах.
Усяго ў рэгіянальным вузле паштовай сувязі паспяхова дзейнічаюць 7 перасоўных аддзяленняў.
Стаж у некалькі дзесяцігоддзяў
Пра каго, як не пра найбольш вопытных работнікаў, расказваць з нагоды юбілейнай даты? Такіх на прадпрыемстве дзясяткі, на гэтым здымку — усяго 5. Пра кожную можна хоць нарыс пісаць, ды абмяжоўвае газетная плошча.
Скажам, паштальён 1-га гарадскога аддзялення сувязі Данута Драгун прыйшла сюды на работу, калі ёй і 20 гадоў не было, а сёння жанчыне 71. Стаж большы за паўстагоддзя, а паважаны ўзрост ніколькі не перашкаджае выдатна выконваць свае абавязкі. Жыхары мікрараёна 6-га гарадка нават уявіць не могуць, што замест Дануты Іванаўны да іх прыйдзе іншы паштальён.
40-гадовы стаж у Марыі Тананы з Сяргеевіч. Атрымаўшы па накіраванні раённага вузла паштовай сувязі профільную адукацыю, давала водпускі аператарам, а потым стала паштальёнам. Абслугоўвае Сяргеевічы, Сергі, Каліты, хутар Зарэжжа. Да справы адносіцца з душой.
31 год назад у сельскай мясцовасці пачынала свой паштальёнскі шлях Людміла Зарэцкая. Пазней перайшла ў 3-е гарадское аддзяленне. Людміле Міхайлаўне ўдзячныя за працу жыхары вуліц Варашылава, Кірава, Гайдара, Заводскай і іншых.
А паслухайце, як гаворыць пра сваю прафесію Марыя Дзедавец:
— Работа паштальёнам — гэта заўсёды пазітыў. Люблю сустракацца з людзьмі. Шмат гаспадарлівых, адкрытых, таленавітых. Здаецца, пра многіх сама напісала б, ды не рашаюся. Яны актыўна падпісваюцца на раёнку, знаходзяць на яе старонках шмат цікавага. Мая работа падабаецца мне яшчэ і тым, што гэта бясплатны фітнес — столькі руху!
Як не паверыць у гэта, калі ў жанчыны з 35-гадовым працоўным стажам фігура, як у маладой дзяўчыны!
Рабочае месца Вольгі Дунец, у якой таксама 35 гадоў стажу, — цэнтральнае аддзяленне сувязі. Яна спецыяліст па паштовай дзейнасці і дасканала ведае ўсе яе тонкасці. Заўсёды ветлівая, тактоўная, уважлівая да кліентаў. Хутка спраўляецца з усімі аперацыямі, актыўна рэкламуе новыя паштовыя паслугі.
Вось такія яны, пастаўскія паштовыя сувязісты, — адданыя свайму прадпрыемству, са стажам, які вымяраецца дзесяцігоддзямі.
А сёння і Wildberris
На працягу рабочага дня ніяк не магла пагутарыць па мабільным тэлефоне з начальнікам лынтупскага АПС Наталляй Домжай — настолькі яна была занятая. Размову перанеслі на вечар.
Жанчыну можна зразумець: са жніўня бягучага года ў яе намнога больш клопатаў, бо ў аддзяленні адкрылі пункт выдачы заказаў Wildberris. Такіх пунктаў, якія карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва, у раёне некалькі, але ў Лынтупах да апошняга часу яго не было. Гэту нішу і занялі сувязісты.
Новая паслуга не ва ўрон асноўным, з якімі разам з начальнікам аддзялення паспяхова спраўляюцца паштальёны Таццяна Масцяніца і Відастасія Грэська.
Не толькі праца аб’ядноўвае
Абсалютная большасць работнікаў паштовай сувязі — жанчыны. Вось і ў варапаеўскім аддзяленні іх 6. Узначальвае яго Аксана Іванісава. Агульны стаж яе работы ў сувязі — 38 гадоў, у якасці начальніка — больш за 20. Яшчэ большы стаж у паштальёнаў Таццяны Собаль і Валянціны Балай. У паштальёна Ліліі Шкорнік і спецыяліста па паштовай дзейнасці Анастасіі Пашковай меншы вопыт, аднак яны таксама паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Жыхары Ажун, Мышак, Свініцы, Васевіч і іншых вёсак ухваляюць працу начальніка перасоўнага аддзялення сувязі Таццяны Кавалёвай. А ўсяго варапаеўскія сувязісты абслугоўваюць больш за 2 тысячы чалавек.
— Нас аб’ядноўвае не толькі праца, але і жыццёвыя інтарэсы, — гаварыла Аксана Іванісава. — Цікавімся сямейнымі справамі, дзелімся рэцэптамі, расказваем навіны, падтрымліваем адна другую словам. А калі ў калектыве ўзаемаразуменне, то і поспех ёсць у агульнай справе.
Фаіна Касаткіна





