Дмитрий Юргелевич рассказал о новых видах преступлений среди детей и подростков

Безопасность

Папярэджанне злачынстваў, якія здзяйсняюць дзеці, — першачарговая задача для любой дзяржавы. Бо ад таго, наколькі законапаслухмяным мы зможам выхаваць маладое пакаленне, залежыць будучыня краіны.

У апошняе дзесяцігоддзе колькасць зарэгістраваных злачынстваў з удзелам непаўналетніх у Беларусі знізілася больш чым удва разы — з 3 тысяч да 1 400. Асноўнымі іх відамі з’яўляюцца крадзяжы, удзельная вага якіх складае каля 25%, хуліганствы, незаконны абарот наркотыкаў і махлярствы. Як і раней, галоўная прычына парушэння дзецьмі і падлеткамі закону — карысць. Аднак спосабы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў з цягам часу змяніліся. Цяпер, каб украсці, на вуліцу можна не выходзіць — дастаткова націснуць некалькі кнопак на клавіятуры камп’ютара або смартфона.

Сёння большасць злачынстваў пераходзіць у інтэрнэт, — канстатуе начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Пастаўскага РАУС Дзмітрый Юргелевіч. — У першую чаргу гэта дзеянні, звязаныя з махлярствам і незаконным абаротам наркотыкаў.

Дмитрий Юргелевич рассказал о новых видах преступлений среди детей и подростков

Махлярства ў інтэрнэце, у якое ўцягваюцца дзеці, ідзе поруч з продажам тавараў праз маркетплэйсы. Часцей за ўсё «гандаль» ажыццяўляецца на платформе «Куфар». Падлетак размяшчае аб’яву аб продажы тавару (як правіла, гэта красоўкі, сумачкі і спартыўнае адзенне) з яго фотаздымкамі. Калі пакупнік пераво­дзіць частку грошай на абаненцкі нумар, «прадавец» перастае выходзіць на сувязь. У 90% выпадкаў пацярпелымі ад такіх супрацьпраўных дзеянняў выступаюць тыя ж непаўналетнія.

У сусветным павуцінні адбываецца і ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў. Паведамленні з прапановай высокааплатнай работы адпраўляюцца праз сацыяльныя сеткі або ў месенджары. Пасля таго як патэнцыйны работнік праявіў зацікаўленасць, размова пераходзіць у Telegram. У далейшым высвятляецца, у якім рэгіёне будучы нарказакладчык гатовы працаваць. Абмяркоўваюцца заработная плата, умовы і варыянты яе выплаты, праводзіцца інструктаж наконт канспірацыі. Непаўналетняга пераконваюць у тым, што пры выкананні ўсіх мер бяспекі рызыка быць затрыманым практычна адсутнічае. Але гэта — хлусня.

У сярэднім «працоўны стаж» закладчыка да моманту прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці складае ад 1-2 дзён да некалькіх тыдняў, — працягвае Дзмітрый Юргелевіч. — А некаторых затрымліваюць пры першай жа спробе зарабіць. Уладкоўваючыся на «работу», маладыя людзі добра разумеюць, чым будуць займацца, і ўсведамляюць існуючыя рызыкі. Аднак юнацкі максімалізм, самаўпэўненасць, жаданне лёгкіх і хуткіх грошай прымушаюць іх наіўна спадзявацца на ўдачу, думаць, што пазбегнуць адказнасці. Бацькам неабходна адсочваць актыўнасць сваіх дзяцей у інтэрнэце, цікавіцца, з кім яны перапісваюцца, што спрабуюць знайсці з дапамогай пошукавых сістэм. Для гэтага існуюць розныя праграмы бацькоўскага кантролю, якія бясплатна можна ўстанавіць на мабільны тэлефон, ноўтбук або камп’ютар.

Па словах праваахоўніка, не страчвае актуальнасці і праблема здзяйснення непаўналетнімі грабяжоў і махлярстваў, дзе прадметам злачынных замахаў выступаюць электронныя сістэмы курэння. Сёння яны сталі для падлеткаў абавязковым аксесуарам, з якім тыя не расстаюцца на вуліцы і нават ва ўстановах адукацыі. Лёгкая даступнасць вейпаў для непаўналетніх з’яўляецца галоўнай прычынай іх выкарыстання. Між тым за курэнне «электронак» у забароненых месцах нароўні са звычайнымі цыгарэтамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь (артыкул 19.9 КаАП).

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.