Мінулай восенню ў нашым горадзе ўпершыню прайшло раённае сямейнае свята пад такой назвай. Пастаўчанам яно спадабалася, было шмат добрых водзываў. Таму арганізатары вырашылі правесці такое мерапрыемства і сёлета.
Прымеркавалі яго да Дня народнага адзінства, бо з чаго, як не з адзінства сем’яў, складаецца і адзінства народа? Калі летась свята ладзілі на абноўленым стадыёне пастаўскай СШ №1, то сёлета перанеслі на абноўлены гарадскі стадыён. Адбылося яно ў мінулую суботу.
Вечарам у пятніцу сонечны і лагодны да гэтага верасень раптам спахмурнеў, праліўся дажджом, разгуляўся ветрам. «Ці не сапсуе надвор’е свята?» — непакоіліся яго арганізатары і патэнцыяльныя ўдзельнікі. Аднак хваляванне аказалася дарэмным. Праўда, зранку было халаднавата, але без дажджу, а ў другой палове дня нават сонейка выглянула. Ну а настрой удзельнікаў мерапрыемства і да гэтага быў сонечны. Яго адразу ж стварылі і падтрымлівалі ўвесь час творчыя калектывы раённага Дома культуры, Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко, раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Як і кожны раз, асабліва ўразілі ўдзельнікі ўзорнай цыркавой студыі РДК «Каскад». Ды і ўсе юныя музыканты, спевакі і танцоры былі на вышыні.
Самай захапляльнай і азартнай дзеяй стаў, безумоўна, вялікі сямейны квэст, у якім трэба было адолець 12 этапаў. На кожным дарослыя і дзеці павінны былі як найлепш праявіць сябе і атрымаць адзнаку аб тым, што этап паспяхова пройдзены. А іх ладзілі прадстаўнікі РГА «Белая Русь», ФАКа, раённага інфармацыйна-турыстычнага цэнтра, Дома рамёстваў, рэдакцыі райгазеты, аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі, РАНС і іншых арганізацый.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзелы ідэалагічнай работы і па справах моладзі, культуры, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы раённых арганізацый БРСМ, РГА «Белая Русь» і партыі «Белая Русь».
Бачу цэлы натоўп ля пляцоўкі РЦДМ. Тут, у «Беларускай гасцёўні», заданні былі наступныя: назваць самыя папулярныя беларускія стравы з бульбы, сабраць з асобных элементаў нацыянальны арнамент і зрабіць са шматкоў тканіны беларускую ляльку, якую стваральнік і атрымліваў у падарунак. Спраўляліся з заданнем паспяхова.
Як і летась, на пляцоўцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прыцягальнай для дзяцей і дарослых стала сямейная расфарбоўка. На вялікім палатне контурна былі абазначаны мясціны і будынкі нашага горада. Іх трэба было адшукаць і расфарбаваць фламастарамі ў пэўны колер. Як жа азартна ішла гэта работа! І вельмі хутка на палатне не засталося ніводнай белай плямы. Пасля чаго ля гэтай лакацыі ахвотна фатаграфаваліся ўдзельнікі свята.
Яшчэ адна станцыя — пляцоўка раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага крыжа. Тут трэба было прадэманстраваць уменне зафіксаваць ступню ў выпадку, калі дзіця падверне яе. У выніку ўдзельнікі атрымлівалі не толькі адзнаку аб праходжанні этапа, але і невялічкія падарункі. Акрамя таго, дэманстраваўся майстар-клас па аказанні першай дапамогі пры сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.
А ці адгадаюць дзеці і дарослыя, якія словы, што абазначаюць радню, прапушчаны ў назвах такіх кніг, як «Отцы и дети», «Братья Карамазовы», «Дед Мазай и зайцы», «Дядя Стёпа», «Сын полка» і іншых? Пэўныя цяжкасці з гэтым узнікалі, аднак у рэшце рэшт удзельнікі ўсё ж успаміналі назвы твораў. А калі расшыфроўвалі словы з раскіданых у беспарадку літар, увогуле панавала весялосць. Пазнавальную станцыю трэба было прайсці і на пляцоўцы нашай райгазеты. Заданні аказаліся не з простых: гэта пераклад слоў с рускай мовы на беларускую і наадварот, адказы на пытанні журналісцкай тэматыкі, а таксама трэба было назваць канкрэтны фразеалагізм па апісанні.
Работнікі Дома рамёстваў праверылі ўменне дзяцей рабіць з нітак абярэгі. Здавалася б, нічога складанага, але многім дапамагалі маці або бабулі. Зрэшты, гэта і ёсць сямейная ўзаемавыручка.
Пераможцы вялікага сямейнага квэста атрымалі ў падарунак інтэрактыўныя калонкі, тэрмакубкі, флэшкі, навушнікі і інш. Яны набытыя за дзяржаўныя сродкі, выдзеленыя на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі.
Асобна варта сказаць пра спартыўныя пляцоўкі, тут дзеці ўдзельнічалі асабліва азартна і спраўляліся з заданнямі найбольш лёгка. Гэта невыпадкова: у нашым горадзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, асабліва яны расшырыліся пасля абнаўлення стадыёнаў СШ №1 і гарадскога. А хіба не цікава было выконваць заданні, якія прапаноўвалі РАУС і РАНС? Атрымаўшы адзнакі аб праходжанні ўсіх 12 этапаў, сем’і падыходзілі да арганізатараў і атрымлівалі віншаванні, дыпломы і падарункі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладдзі райвыканкама Юлія Чагарына ўручае музычную калонку чарговай сям’і, якая вызначылася ў квэсце, а я прашу мнагадзетную маці Вольгу Сідэрку падзяліцца ўражаннямі.
— На свята я прыйшла з трыма дачушкамі, якім 8, 6 і 4 гады. Старэйшая і ў канцэрце ўдзельнічала, і квэст мы прайшлі паспяхова. Вельмі рады падарунку. Свята цікавае, спартыўнае, пазнавальнае!
Радуецца і Ульяна Кавака, якая разам з мамай паспяхова прайшла ўсе выпрабаванні і ў падарунак атрымала навушнікі. Ды не злічыць, колькі дзяцей іх атрымалі!
Сустракаю яшчэ адну маці, у якой таксама тры дачушкі. У квэсце сям’я не змагла ўдзельнічаць, бо тата нёс міліцэйскую службу на гэтым мерапрыемстве, а іх меншая дачушка, якой яшчэ няма і паўтара года, пастаянна патрабавала ўвагі. Тым не менш Вікторыя Сеніна задаволеная, што трапіла з дзецьмі на свята. «Шыкоўны стадыён і шыкоўнае свята! — гаварыла яна. — Малайцы, пастаўчане! Ёсць чаму радавацца».
Працоўныя калектывы, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў і ўстаноў горада, грамадскія аб’яднанні прадставілі свае зоны адпачынку і тэматычныя пляцоўкі, куды запрашалі прысутных весела і з карысцю правесці час, адпачыць сем’ямі.
Прыцягвалі да сябе ўвагу змястоўныя, яркія, з густам аформленыя пляцоўкі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і ТЦСАН. Малочны завод прапаноўваў дэгустацыю сыроў, навучэнцы дзяржаўнага каледжа выпякалі бліны і частавалі імі ўсіх, хто жадаў. А колькі было забаў для дзяцей! Пры фінансавай падтрымцы райвыканкама, грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і палітычнай партыі «Белая Русь» былі ўстаноўлены надзіманыя атракцыёны і відэаплатформа.
Павесяліліся і дарослыя. Маю на ўвазе жартоўны турнір па гіганцкім футболе. Цікава і смешна было назіраць, як дарослыя мужчыны ў спецыяльным абутку спрабавалі забіць у вароты вялізны полы футбольны мяч.
Тым часам пад прасторным шатром збіраліся каманды на інтэлектуальны турнір, і тут ужо было не да жартаў — з кожнай хвілінай нарастала хваляванне. У турніры ўдзельнічала 9 каманд. Перамогу атрымалі інтэлектуалы з СШ №1. На 2-м і 3-м месцах адпаведна каманды ТЦСАН і малочнага завода. А на завяршэнне дня адбыўся кінапаказ пад адкрытым небам. Прысутныя паглядзелі фільм «На деревню дедушке».
Такім чынам, агульнымі намаганнямі арганізатараў і ўдзельнікаў звычайны суботні дзень ператварыўся ў яркае, эмацыянальнае, крэатыўнае свята. Хочацца верыць, што яно не толькі згуртавала сем’і, але і матывавала іх на змястоўны адпачынак, заняткі спортам, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей і Фаіны Касаткінай










