У сераду ў Віцебску адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны прафесійнаму святу работнікаў лясной гаспадаркі вобласці. У ім удзельнічала і шматлікая дэлегацыя з Пастаўскага лясгаса. А вальшчык лесу Лынтупскага лясніцтва Генадзій Пякарскі, вадзіцель лесапункта Юрый Іваноўскі і майстар лесу Пастаўскага лясніцтва Аляксандр Свіла атрымалі высокія ўзнагароды.
Гэта найбольш працавітыя, старанныя і адказныя работнікі прадпрыемства. Агульны стаж Генадзія Пякарскага складае больш за 40 гадоў, з іх у лясной сферы — 28. У 2019 годзе ён быў узнагароджаны нагрудным знакам выдатнасці Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі «20 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Прафесія ў вальшчыка складаная, адказная і небяспечная. Тут галоўнае — не спяшацца і быць дакладным. Яго работа вымяраецца кубаметрамі нарыхтаванай лесапрадукцыі. За 5 месяцаў бягучага года на рахунку Генадзія Пякарскага іх больш за 500. План выканання нормы на ўсіх відах работ — 117,2%.
Вадзіцель Юрый Іваноўскі займаецца вывазкай драўніны з лесу і пагрузкай яе ў вагоны. За мінулы год вывез 12 594 кубаметры, сёлета за 5 месяцаў — амаль 4 000. Столькі ж пагрузіў у вагоны. Свае службовыя абавязкі выконвае ўзорна, карыстаецца аўтарытэтам у калег.
З лесам звязана практычна ўся працоўная біяграфія майстра лесу Аляксандра Свілы. Спраў і клопатаў у яго хапае незалежна ад пары года. На сваім участку Аляксандр забяспечвае выкананне ўсіх відаў лесагаспадарчых работ, сочыць за правільнасцю лесакарыстання, аднаўлення лясоў, дакладна вядзе сістэму ўліку драўніны. Майстра лесу можна сустрэць за зборам шышак, на нарыхтоўцы навагодніх дрэўцаў, вядома ж, на пасадцы новых плантацый. Але лес мала пасадзіць, яго трэба даглядаць: на адных участках правесці асвятленне — выдаліць у міжраддзі ўсё лішняе, каб маладым дрэўцам хапала святла для росту, на іншых — зрабіць прарэджванне.
Сёлета на ўчастку Аляксандра Свілы малады лес пасаджаны на плошчы 8,2 гектара, дапаўненне культур праведзена на 10,6 га, догляд — на 23,6 гектара.
Анна Анішкевіч

