Доўгі час падняцца ўгору па правым баку вуліцы Савецкай да аўтатранспартнага прадпрыемства ў райцэнтры для пешаходаў было складана. Мала таго, што лесвіца знаходзілася ў напаўразбураным стане, падымацца па ёй было рызыкоўна, асабліва людзям пажылога ўзросту, з абмежаванымі магчымасцямі. Не было поручняў, каб падстрахавацца. Нязручнасці адчувалі і веласіпедысты, і бацькі з дзіцячымі каляскамі. Ім прыходзілася падымацца па схіле побач з лесвіцай. Але зімой на ёй лёгка можна было паслізнуцца і ўпасці, атрымаць траўму. Ды і выгляд у гэтага ажыўленага ўчастка быў, мякка кажучы, не эстэтычны. А побач жа дарога да фізкультурна-аздараўленчага комплексу, абноўленага гарадскога стадыёна!
Сёлетнім летам работнікі УП ЖКГ старую лесвіцу разабралі і зрабілі новую, абуладкавалі яе поручнямі. Побач — дарожка для веласіпедыстаў, тых, хто карыстаецца інваліднай каляскай. Зараз, калі праязджаю каля гэтага месца, заўсёды назіраю за задаволенымі пешаходамі, любуюся зробленым. У адрас работнікаў УП ЖКГ чую шмат удзячных слоў ад пастаўчан, якія часта ходзяць па вуліцы Савецкай у напрамку ад гасцініцы да бальніцы. Удала ўпісалася ў «інтэр’ер» шмат’ярусная клумба. Стала і прыгожа, і зручна. Душа радуецца ад такіх станоўчых перамен.
Анна Анішкевіч


