Штогод з наступленнем восені нас пачынаюць адольваць прастудныя захворванні. Кашаль, боль у горле, насмарк, тэмпература — з гэтым сутыкаўся кожны. Чаму мы хварэем і як засцерагчыся ад прастуды? Такія пытанні карэспандэнт «ПК» задала ўрачу агульнай практыкі Пастаўскай ЦРБ Алесі Гауль.
— У першую чаргу «вінавата» надвор’е, — кажа Алеся Георгіеўна. — Паніжэнне тэмпературы паветра і высокая вільготнасць садзейнічаюць размнажэнню вірусаў. Да таго ж дзеці ідуць у школу, сад. Гэта закрытыя калектывы. Варта захварэць аднаму — праз дзень-два аналагічныя сімптомы будуць у іншых. Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам і вельмі хутка распаўсюджваецца, калі адразу ж не ізаляваць хворага. Што да дарослых, то не ва ўсіх атрымліваецца своечасова пайсці на бальнічны. Таксама часта мы лёгка апранаемся: думаем, што будзе яшчэ цёпла. Не займаемся загартоўваннем.
Па словах медыка, зараз цыркулююць у асноўным звычайныя рэспіраторныя інфекцыі. Грып пачне з’яўляцца ў нас дзесьці ў кастрычніку-лістападзе. Напярэдадні стартуе прышчэпачная кампанія супраць яго. Рабіць прышчэпкі вельмі важна, хоць многія лічаць, што яны не дапамагаюць, маўляў, прышчапіліся і ўсё роўна захварэлі, тым больш што кожны год новыя штамы віруса.
— Нават калі вы прышчэпленыя супраць штаму, які быў летась, і захварэлі ў перыяд эпідэміі, перанесяце грып намнога лягчэй, — заўважае Алеся Гауль. — Ён не пяройдзе ў пнеўманію, як гэта часта бывае. Сёлета ў нас былі нават выпадкі энцэфаліту на фоне грыпу. Асабліва неабходна прышчэплівацца людзям з хранічнымі захворваннямі: цукровым дыябетам, ішэмічнай хваробай сэрца, тым, хто перанёс інфаркт, інсульт.
Каб не хварэць, раіць спецыяліст, трэба не пераахалоджвацца, апранацца ў адпаведнасці з надвор’ем і выконваць правілы асабістай гігіены. Калі кантактавалі з хворым на вострыя рэспіраторныя інфекцыі — не церці вочы, не датыкацца да твару нямытымі рукамі. Выкарыстоўваць медыцынскую маску (у тым ліку калі прастылі самі, каб не разносіць вірус), антысептыкі, прамываць нос салявымі растворамі («Аквамарыс», «Аквафлор» і інш.). Можна памазаць у носе аксалінавай маззю, якая «перахопіць» вірус.
Пры першых сімптомах захворвання не варта прымаць дарагія супрацьвірусныя прэпараты — іх эфектыўнасць не даказана. Лепш адразу звярнуцца да ўрача.
Алена Шапавалава

