Механізатар Уладзімір Іваноў з ААТ «Хацілы-агра» першым сярод маладых перавёз тысячу тон збожжа.
З гэтай нагоды ў поле прыехала другі сакратар райкама БРСМ Анастасія Зайкоўская. Камбайны заканчвалі ўбіраць азімую пшаніцу за вёскай Пашкава. Уладзіміра чакалі на ўскрайку поля. Сюды яго трактар з загружаным прычэпам выцягнуў трактар, прызначаны для буксіроўкі. Хуценька адчапіўшы трос і адпусціўшы механізатара па чарговы рэйс, перадавік спыніўся для віншаванняў. Анастасія падзякавала тысячніку за старанне. А ён прызнаўся, што сваю работу заўсёды выконвае добрасумленна. І падчас жніва проста імкнуўся хутчэй адвозіць збожжа ад камбайнаў на зернесушыльны комплекс і вяртацца назад, каб тэхніка не прастойвала.
Тысячнікам Уладзімір Іваноў становіцца не ўпершыню. І гэта сведчыць пра яго руплівасць. Ён падкрэсліў, што поспеху спрыяе тое, што ў гаспадарцы высокая ўраджайнасць і пшаніцы, і ячменю, і рапсу. Не вырасла б збажына — не было б намалотаў і перавезеных тон. Таму вялікая заслуга ў гэтым дырэктара сельгаспрадпрыемства Вячаслава Крыштафовіча, галоўнага агранома Канстанціна Кульманскага, усіх механізатараў, што рыхтавалі глебу, сеялі зерневыя, падкормлівалі.
Анастасія Зайкоўская адзначыла, што на Пастаўшчыне нямала моладзі задзейнічана на жніве. Прыемна, што маладое пакаленне дэманструе высокія вынікі работы.
Анна Анішкевіч

