6 работников районного Дома культуры ежегодно готовят и проводят около 350 мероприятий

Главное Культура

Самі артысты, рэжысёры і сцэнарысты — так гавораць пра сябе работнікі раённага Дома культуры. Сваім невялікім калектывам, у якім усяго 6 чалавек, яны рыхтуюць і праводзяць штогод каля 350 розных мерапрыемстваў — ад дзіцячых ранішнікаў і спектакляў да маштабных праграм з нагоды галоўных дзяржаўных свят.

Калектыў РДК — гэта яго дырэктар Ала Чарнюк, мастацкі кіраўнік Алена Слядзеўская, рэжысёр Таццяна Кухальская, кіраўнікі: узорнай цыркавой студыі «Каскад» — Алёна Дзіль, народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» — Аляксей Конанаў і ўзорнай вакальнай студыі «Юніта» — Вольга Тоўсцік. Практычна ў такім складзе яны працуюць ужо два дзесяцігоддзі. За гэты час у каманду ўлілася толькі Вольга Тоўсцік, якая адносна нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску. Усе астатнія штатныя культработнікі — сапраўдныя аксакалы. За плячыма кожнага вялізны не толькі прафесійны стаж, але і вопыт. Найбольшы ён у Алы Чарнюк, якая прысвяціла галіне 40 гадоў, у тым ліку 30 з іх — Пастаўскаму раённаму Дому культуры.

6 работников районного Дома культуры ежегодно готовят и проводят около 350 мероприятий

— Працаваць з калектывам мне лёгка, — прызнаецца Ала Баляславаўна. — Таму што ўсе з паўслова, паўпогляду разумеюць адно аднаго, ведаюць, што і як трэба рабіць, і імкнуцца выка­наць сваю работу максімальна якасна. Мерапрыемствы мы рыхтуем сумесна, укладваючы ў кожнае душу. Штотыдзень збіраемся на планёрку і абмяркоўваем да дэталяў, якія будуць касцюмы ў артыстаў, якую песню лепш выканаць.

Вынік працы культработнікаў пастаўчане бачаць не толькі на сцэне Дома культуры і на іншых пляцоўках горада, але і ў сацыяльных сетках: «Инстаграм», «Одноклассники», «Фейсбук», «ТикТок». Там змяшчаюцца відэасправаздачы з усіх мерапрыемстваў, якія збіраюць вялікую колькасць праглядаў. Толькі ў «Инстаграм» за апошні месяц іх 270 тысяч.

— Хто не даходзіць да нас фізічна, той з намі анлайн, — кажа Ала Чарнюк. — Гэта таксама добра. Таму што, як і ў выпадку жывых зносін з гледачом, ёсць рэакцыя ў адказ — лайк. У сучасным жыцці ён з’яўляецца своеасаблівым абменам энергіяй паміж намі і тымі, для каго мы працуем. І да гледача і яго рэакцыі ставімся вельмі сур’ёзна.

Побач з падрыхтоўкай шматлікіх мерапрыемстваў работнікі Дома культуры, як ужо адзначалася вышэй, кіруюць мастацкімі калектывамі, якія існуюць на базе ўстановы. Так, Аляксей Конанаў узначальвае яшчэ і народны хор ветэранаў, Алена Слядзеўская — народны лялечны тэатр «Вытворяшки», Таццяна Кухальская — тэатры рук і роставых лялек. Апошні ў будучым мае намер абараніць званне «народны» і папоўніць спіс знакамітых калектываў. Сёння ў РДК іх сем. Акрамя пералічаных, гэта таксама вакальна-інструментальны ансамбль «Скіфы» і хор настаўнікаў. Усе творчыя аб’яднанні актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, прывозячы з іх дыпломы лаўрэатаў.



Мы пастаянна ў творчым працэсе. Шукаем і прыдумваем штосьці новае, арыгінальнае, каб здзівіць гледача, падарыць яму асалоду ад наведвання нашых мерапрыемстваў.

Ала Чарнюк



Вялікая заслуга работнікаў РДК і ў тым, што сёлета Паставы перамаглі ў конкурсе на права быць у наступным годзе культурнай сталіцай Беларусі. Яны самі і ўдзельнікі іх калектываў змагаліся за гэта званне на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, уражваючы прафесійнае журы сваёй яркасцю і самабытнасцю. Зараз рыхтуюцца пераняць эстафету ў горада Іванава Брэсцкай вобласці. З дапамогай раённай улады адрамантавалі фасад Дома культуры, дзе будуць праходзіць важныя рэспубліканскія мерапрыемствы, у прыватнасці нацыянальны адбор на дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Займаюцца закупкай новага сцэнічнага асвятлення і дадатковага гукавога абсталявання. Разам з тым працягваецца звычайная работа — напісанне сцэнарыяў розных шоу, пастаноўка спектакляў, распрацоўка канцэртных праграм.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.