Мини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчан

Общество

З 13 па 26 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. 14 кастрычніка асаблівай пяшчотай ахіналі матуль. Учора не скупіліся на словы прызнання татам. Вось што карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пачула ад сваіх рэспандэнтаў, калі спытала пра ролю бацькі ў іх жыцці.

Мини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчанМини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчан

Вадзім Крыштафовіч, начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы:

У мяне няма ні братоў, ні сясцёр. Але я не быў спешчаным дзіцем, таму што выхоўваўся ў сям’і вайскоўцаў. Тата быў строгім, але любячым. Мужнасць, справядлі­васць, дысцыпліна, адказнасць, акуратнасць, прыстойнасць — вось што я пачэрпнуў ад яго. Бацька быў для мяне прыкладам ва ўсім. Таму з дзяцінства марыў пра пагоны, і мара збылася. Пры бацьку я палюбіў тэхніку і навучыўся ў ёй разбірацца.

Мне было 26, калі тата раптоўна памёр. Ён толькі паспеў парадавацца за маё афіцэрскае званне. Я многае не паспеў яму сказаць, падзякаваць. Мінула 18 гадоў. І сёння добра памятаю бацькоўскую навуку: умець слухаць людзей, паважаць іх, у любой сітуацыі прыйсці на дапамогу, быць чалавекам слова.

Мини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчан

Святлана Ожэль, мнагадзетная мама, г. Паставы:

Ад шчырай любовi нараджаюцца шчаслiвыя дзецi — гэта я і мая сястра Таццяна. Нашы бацькi Ала і Часлаў Міхалевічы жывуць у шлюбе 48 гадоў. Удзячныя ім за тое, што яны падарылi нам жыццё. Тату, напэўна, хацелася мець сына, бо нас з сястрой з дзяцінства вучыў кіраваць машынай, забіваць цвікі. Мы дапамагалі ў мужчынскай рабоце і імкнуліся ні ў чым не падвесці тату, разам хадзілі ў грыбы. Калі выйшлі замуж, у нашых бацькоў з’явіліся чатыры ўнукі і ўнучка. Тата прывівае ім любоў да сялянскай працы, прыроды, хатняй жывёлы, тэхнікі. І як жа ўнукі цэняць дзядулеву навуку! Наш тата — апора для кожнага з нас. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку, клопат і бацькоўскую любоў.

 

Мини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчанМая Масцяніца, г. Масква:

Мой бацька Святаслаў Масцяніца жыве ў Лынтупах, працуе вадзіцелем машыны хуткай дапамогі. Мы з братам звяртаемся да яго «тата», але паміж сабой называем «баця». Гэта наш сакрэт. Я вельмі шчаслівая, што вырасла ў поўнай сям’і. Тата — гэта падтрымка, упэўненасць у заўтрашнім дні, абарона. Як жа цудоўна, калі бацька ўсяляе ў дзіця такія пачуцці! Наш тата — чалавек без лішніх сентыментаў, але з добрым пачуццём гумару і скарбніца анекдотаў. Ён сапраўдны гаспадар, вадзіцель па прызванні і выдатны повар. Ведалі б вы, якія апетытныя ў яго шашлыкі і плоў! Бязмежна ўдзячная яму за ўсё.

 

Мини-опрос: какую роль отец сыграл в жизни поставчанКсёндз Антон Лагунёнак, пробашч дунілавіцкага касцёла:

У сям’і я наймалодшы з траіх. Дзяцінства прыпала на няпросты час перабудовы. Тата — урач, мама — інжынер-тэхнолаг. Колькі памятаю, трымалі вялікую гаспадарку і ў кожнага з нас, дзяцей, былі свае абавязкі. Тое, чаму навучыўся ад таты ў дзяцінстве, спатрэбілася. Не баюся ніякай фізічнай працы. А яшчэ бачыў, наколькі тата адказны, справядлівы, спагадны.

За гады святарства давялося служыць у Міёрах, Дзеркаўшчыне, Канстанцінаве, Віцебску. Цяпер нясу адказ­насць за парафіяльную сям’ю ў Дунілавічах. Я таксама доктар, толькі лячу людскія душы. Звычайна дзеці про­сяць у бацькоў дапамогі матэрыяльнай, а сваімі перажываннямі, чымсьці патаемным дзеляцца не заўсёды. У такіх выпадках раю: даверце свае праблемы, клопаты Айцу Нябеснаму. Памаліцеся шчыра да Бога і пастарайцеся пачуць Яго голас. Ён абавязкова падкажа выйсце з сітуацыі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.