Вынікі ўборачнай кампаніі штогод падводзяцца на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі». Тут жа адбываецца ўшаноўванне найлепшых яе ўдзельнікаў. Свята праходзіць ва ўсіх абласцях краіны. У мінулую суботу аграрыяў Віцебшчыны, сярод якіх была і дэлегацыя нашага раёна, сардэчна віталі Чашнікі.
Выйгралі мільён у капрызнага надвор’я
Вырашчаны ўраджай сёлета ўбіраць было складана ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. А асабліва экстрэмальныя ўмовы склаліся ў нашай вобласці. Пра гэта на абласным свяце ў Чашніках гаварылі ўсе. Прывітальны адрас аграрыям паўночнага рэгіёну ад Прэзідэнта Беларусі на ўрачыстай цырымоніі зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. У ім, у прыватнасці, сказана: «Сёлета надвор’е выпрабоўвала Віцебшчыну на трываласць. Падчас жніва вашы палі залівалі дажджы. Гэта ўскладняла выхад тэхнікі. Для нарошчвання тэмпаў у вобласць былі накіраваны зводныя атрады з трох суседніх рэгіёнаў краіны. Сваё плячо падставілі ветэраны, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі МНС. Разам змаглі сабраць важкі ўраджай».
Павіншаваць аграрыяў Віцебшчыны і ўручыць узнагароды прыехалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў, першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў. Мікалай Снапкоў прывёў наступныя факты: у ліпені дажджлівых дзён было 18, у жніўні, калі асноўнае жніво, — 25. І пры гэтым Віцебская вобласць на 40% у параўнанні з мінулым годам павысіла валавы збор збожжа і атрымала больш за мільён тон. Гэта максімальны вынік, які магчыма было дасягнуць у экстрэмальных умовах.
— Прырода — самы строгі экзаменатар, — гаварыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка. — Тым не менш жорсткую праверку на трываласць аграрыі Віцебшчыны вытрымалі. Капрызам надвор’я яны супрацьпаставілі дакладную арганізацыю працы, высокую культуру земляробства, дысцыпліну, зладжанасць.
Маякамі Віцебшчыны сёлета сталі Віцебскі, Аршанскі і Бешанковіцкі раёны, якія ўнеслі найбольш важкі ўклад у мільённы каравай вобласці. Ім прысуджаны 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна.
З поля – на п’едэстал
Лідараў жніва вызначалі ў розных намінацыях. Галоўнымі героямі свята сталі кіраўнікі раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў, аграномы, камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў і іншыя ўдзельнікі ўборачнай. Заслужаных узнагарод удастоены і пастаўчане, для якіх гэты год быў асабліва няпростым: засушлівая, анамальна халодная вясна негатыўна адбілася на фарміраванні ўраджаю ўсіх культур. У самы адказны перыяд — жніво — задажджыла. Але дзякуючы гаспадарчаму падыходу, выкананню тэхналогій, прафесіяналізму і залатым рукам хлебаробаў ураджай удалося ўратаваць.
Валавы збор збожжа па раёне склаў 56 380 тон, што на 17 тысяч тон больш, чым летась.
Найбольш важкі ўклад у раённы каравай унеслі ААТ «Навасёлкі-Лучай» (16 285 тон) і «Хацілы-агра» (11 624 тоны). На гэтых сельгаспрадпрыемствах атрымалі ў сярэднім 45,7 і 60,2 цэнтнера з гектара.
На абласных «Дажынках» галоўны аграном ААТ «Хацілы-агра» Канстанцін Кульманскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
— Вынік жніва — калектыўная праца, — гаварыў ён. — Ураджай вырас добры, а ўбіралі яго ў найскладанейшых умовах. Стараліся ўсе. У гэтай узнагародзе ёсць часцінка кожнага. А найбольшая — дырэктара гаспадаркі Вячаслава Крыштафовіча, які ніколі не лічыцца з часам, усё трымае на кантролі і стварае ўмовы для плённай працы.
Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта адзначаны старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і вадзіцель ААТ «Навасёлкі-Лучай» Генадзій Літвіновіч, Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама — намеснік дырэктара гэтага сельгаспрадпрыемства Міхаіл Дайлідзёнак. Навасёлкаўскі камбайнер Яўгеній Грышчанка ад холдынгу «Гомсельмаш» атрымаў сертыфікат на набыццё скутара.
Радуе, што на свяце былі ўшанаваны найлепшыя работнікі не толькі сельгаспрадпрыемстваў, але і малочнага завода, ільнозавода. Падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўдастоены дырэктар Пастаўскага малочнага завода Георгій Касцень. Старанне механізатара льнозавода Дзмітрыя Скурацёнка адзначана абласной прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў АПК пуцёўкай у санаторый «Лётцы».
Ганаровыя граматы пастаўскага аграпрамысловага аб’яднання атрымалі механізатары малочнага завода Васілій Чабуранаў і Аляксандр Шыкуць, а таксама вадзіцель ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрый Квач. Дырэктару гэтага сельгаспрадпрыемства Максіму Чагарыну ўручаны сертыфікат на 35 тысяч рублёў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадаркі.
Весялілі, частавалі, вырабамі здзіўлялі
Каб абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі» атрымаўся вясёлым, яркім, шчодрым, пастараліся работнікі многіх сфер. Цікавымі былі экспазіцыі сельскагаспадарчай тэхнікі, караваяў, дажыначных снапоў, гастранамічныя зоны. Гандлёвыя рады расцягнуліся больш чым на 1 000 метраў. Традыцыйныя беларускія стравы гатавалі на мангале, грылі і нават калодзе. У шырокім асартыменце былі мясныя, кандытарскія вырабы, мёд, агародніна і многае іншае.
Прадпрыемствы Віцебшчыны разгарнулі выставы-продажы сваёй прадукцыі, а таксама яе дэгустацыю. Удзельнічалі ў выставе і прадстаўнікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Шматлюдна было каля павільёна нашага малочнага завода. Адразу ўвагу кожнага прыцягвала выразаная з сыру галава каровы, а потым наведвальнікі не маглі адарвацца ад смачных сыроў, тварагу і іншай прадукцыі гандлёвай маркі «Паставы-гарадок».
Было што паглядзець і набыць у рамеснікаў. Майстры Дома рамёстваў «Стары млын» праводзілі майстар-класы па розных відах рамяства.
Асабліва багатай выглядала лакацыя, у якой размясціліся падворкі раёнаў. Кожны — па-свойму ўнікальны, са сваімі прысмакамі і далікатэсамі. У якасці дэкору былі выкарыстаны агародніна, садавіна, ягады, арэхі. Самадзейныя артысты ў каларытных касцюмах імкнуліся прыцягнуць як мага больш гасцей, забаўлялі іх песнямі, танцамі, конкурсамі, гульнямі. Прэзентацыі былі вельмі насычанымі, бо кожны раён уклаў у іх падрыхтоўку душу.
Аматары актыўнага адпачынку і вострых адчуванняў маглі паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, падняцца ў неба на дэльтаплане і паветраным шары.
Народныя гулянні доўжыліся ўвесь дзень. Вечарам адбыўся вялікі святочны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады, які плаўна перайшоў у маляўнічы феерверк і захапляльнае лазернае шоу.
Эстафету фестывальнай сталіцы «Дажынак» Чашнікі перадалі Міёрам.
Анна Анішкевіч
Фота Наталлі Налей










