Сёння спаўняецца 80 гадоў былому старшыні калгаса «Перамога» Уладзіміру Адамчыку.
Звычайна пра юбіляраў рэдакцыі паведамляюць у раённым савеце ветэранаў. На гэты раз іх апярэдзілі былыя падначаленыя імянінніка. За паўмесяца да даты мне пазваніла Валянціна Гайдыш, якая на працягу многіх гадоў загадвала ў калгасе жывёлагадоўчай фермай.
— Уладзімір Уладзіміравіч быў дбайным гаспадаром, — расказвала жанчына. — Пры ім у калгасе пабудавалі дарогі, заасфальтавалі пад’езды да ферм, рэканструявалі зернясклад, майстэрню, пілараму. Сачыў за парадкам і дысцыплінай. Не кожнаму падабалася яго патрабавальнасць, але старшыня ўсё рабіў на карысць агульнай справе.
Сам Уладзімір Адамчык успамінаў, як упарта адмаўляўся ад старшынёўства. З 1972 па 1988 год ён працаваў у калгасе «Рассвет»: спачатку брыгадзірам, потым — галоўным аграномам. У 1974-м узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Цэнтр «Рассвета» — Груздава — яго родная вёска. Тут жыла маці, у мясцовай школе працавала жонка і вучыліся іх дзеці, быў наладжаны быт, ён добра ведаў людзей. Навошта кудысьці зрывацца? Аднак у райкаме партыі бачылі ў яго асобе не толькі агранома, але і кіраўніка.
— Праблем у «Перамозе» было шмат, — узгадваў Уладзімір Уладзіміравіч пачатак свайго старшынёўства. — Вясковыя дарогі разбітыя, пад’езды да ферм плавалі ў гнаі, на зерняскладзе — гразь, будынкі развальваліся, бульба і лён няўбраныя, а на дварэ — кастрычнік. Не ведаю, што і рабіў бы, калі б не падтрымка кіраўніка раёна Васілія Чэпіка. На ўборку ўраджаю накіравалі школьнікаў. За калгасам на працяглы час замацавалі дарожны атрад райсельгастэхнікі. Дзякуючы яму, пабудавалі 49 кіламетраў дарог, выклалі аэрадромнымі плітамі або заасфальтавалі пад’езды да ферм, на вялікай плошчы правялі культуртэхнічныя работы.
Далей усё ішло сваёй чаргой: і поспехаў дабіваліся, і няўдачы здараліся. У 1999-м «Перамогу» аб’ядналі з саўгасам імя Леніна, і гаспадарка стала насіць назву «Блакітныя азёры». Лёгка не было ніколі — не такая старшынёўская пасада. А ён кіраваў гаспадаркай каля двух дзесяцігоддзяў, у тым ліку 2 гады пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
Уладзімір Адамчык з удзячнасцю ўспамінаў спецыялістаў і радавых калгаснікаў, якія адказна адносіліся да выканання сваіх абавязкаў, а таксама кіраўнікоў раёна Васілія Чэпіка, Ванду Януковіч, старшыню райсавета дэпутатаў Віктара Арэхава, ад якіх атрымліваў і добрыя парады, і падтрымку справай. Нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы. Радуецца паступленню ў раён новай тэхнікі, поспехам жывёлаводаў і хлебаробаў. Засмучаецца, калі бачыць незасеяныя кавалкі зямлі, іншыя недапрацоўкі.
— Маркотна, што здае здароўе (перанёс некалькі аперацый), — гаварыў юбіляр. — Нават ля свайго дома не магу спраўляцца з работай, якая раней давалася лёгка. Дзеці далёка: сын — у Маскве, дачка — у Мінску. Прыходзіцца звяртацца па дапамогу. Такія гады…
Але 80 — яшчэ не глыбокая восень жыцця. То няхай жа яна сагравае вас, паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, золатам любові жонкі, дзяцей, унука, а таксама павагай тых, з кім разам працавалі!
Фаіна Касаткіна

