Пара залатая — так характарызуюць сваё жыццё на пенсіі наведвальнікі пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Таццяна Бучнева, Леанід Касарэўскі, Алена Касарэўская і Марына Грыбоўская.
З імі я сустрэлася ў аддзяленні, куды яны прыйшлі на рэпетыцыю канцэртнай праграмы. Леанід Сямёнавіч дзяліўся з жанчынамі ўражаннямі ад рэспубліканскай сустрэчы ветэранаў банкаўскай сістэмы. Яна праходзіла ў Полацку. На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі кожнай вобласці. Прыязджала былая старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзея Ермакова. На працягу двух дзён ветэраны банкаўскай сферы мелі цудоўную магчымасць адпачыць у коле аднадумцаў, узгадаць гады работы, расказаць пра сённяшнія клопаты.
Насычанае на падзеі жыццё ў Таццяны Бучневай. Яна шмат падарожнічае, сустракаецца з сябрамі, якія жывуць у розных куточках былога Саюза. Сёлетнім летам адпачывала ў Егіпце, у снежні збіраецца ў санаторый. Памяць пра кожную паездку захоўваецца і ў сэрцы, і ў здымках.
— Кожны чалавек жыве ў пэўным рытме, — гаварыла жанчына. — Для некага і ў маладосці няма нічога лепшага, як паляжаць на канапе і паглядзець тэлевізар. Мне шкада на гэта марнаваць час: у жыцці столькі цікавага! Люблю падарожнічаць. Але нідзе няма лепш, чым дома. З радасцю наведваю аддзяленне дзённага знаходжання. Тут спяваю, танцую. І дома маю заняткі для душы. Сумаваць часу няма.
— Цяперашняе наша жыццё — сапраўды залатая пара, — упэўненыя Алена Касарэўская і Марына Грыбоўская. — У дзяцей свае сем’і, выраслі ўнукі, за якімі трэба было прыглядваць у іх дзяцінстве. І мы жывём у сваё задавальненне. Пенсійны ўзрост — новы адрэзак жыцця, час новых магчымасцей. Дзякуем Богу, што яго дачакаліся. Нам вельмі цікава бавіць час у аддзяленні: тут не адчуваем адзіноты, адпачываем душой. З прыходам сюды ў многіх з нас адкрыліся розныя таленты і здольнасці. Дзякуй раённай уладзе, кіраўніцтву ТЦСАН і аддзялення за клопат пра пажылых, арганізацыю разнастайных мерапрыемстваў, экскурсій. Усё гэта ўзбагачае, акрыляе, дазваляе адкрыць для сябе нешта новае.
З гэтымі людзьмі сустракаюся не першы раз. Таленавітыя, актыўныя, маладыя душой. Заўсёды на пазітыве і з гумарам. Мяне падкупляюць іх задор, няўрымслівасць, энергічнасць. Такіх старасць дома не застане!
Анна Анішкевіч

