Калі я спытала ў настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ№1 г. Паставы Галіны Іжмайловіч, чаму яна выбрала такую прафесію, пачула ў адказ: «Хацелася быць падобнай на сваю настаўніцу роднай мовы з Навасёлкаўскай СШ Янію Яўгеньеўну Анкудовіч — чалавека вельмі харызматычнага. З цягам часу зразумела, што не памылілася з выбарам».
Ужо амаль 30 гадоў Галіна Гжаславаўна прывівае дзецям любоў да роднага слова, не страціўшы запал, з якім пачынала працаваць пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Успамінаючы той час, кажа, што прыйшла ў школу ўнутрана напоўненая, насычаная ведамі. Адразу далі і 5-я, і 10-я класы. 10-класнікаў трэба было рыхтаваць да экзамену па роднай мове і літаратуры. Гэта было вельмі адказна і надзвычай цікава.
Настаўніца прызнаецца, што ёй больш падабаецца выкладаць літаратуру. У параўнанні з мовай яна дае шырэйшыя магчымасці для камунікацыі і ў большай ступені арыентаваная на асобу вучня, які выказвае свае думкі адносна апісаных у кнізе падзей. На кожны ўрок мая суразмоўца ідзе з натхненнем, імкнецца даць вучням як мага больш ведаў, адкрыць для іх скарбы і таямніцы роднай мовы. Як і ў кожнага педагога, у яе ёсць уласныя прыёмы, з дапамогай якіх зацікаўлівае дзяцей сваім прадметам, абуджае іх матывацыю да вучобы. Гэта і дыферэнцыраванае дамашняе заданне, і пячатка з каронай, якая асабліва добра працуе ў сярэдніх класах. «Атрымаць карону можна за правільны адказ, працу на ўроку, — паясняла мне. — Некалькі сабраных карон у далейшым становяцца адзнакай ці дадатковым балам да нейкай адзнакі».
Вялікую работу Галіна Іжмайловіч праводзіць па падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Рыхтаваць алімпіяднікаў пачынае ўжо з 5 класа, па сутнасці складаючы для кожнага вучня індывідуальны план работы, бо ўсе яны розныя, са сваімі моцнымі бакамі і белымі плямамі.
Ну а што да вынікаў працы, то яны добра вядомыя чытачам раёнкі. На рахунку настаўніцы два ўдзельнікі рэспубліканскага этапа і некалькі — абласнога. І там, і тут ёсць прызёры.
Яшчэ адзін пласт работы — навукова-даследчая дзейнасць з дзецьмі, якая таксама адзначана дыпломамі на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Так, праект «Народная лялька на Пастаўшчыне» перамог у рэспубліканскім конкурсе «Нашчадкі традыцый», навукова-даследчая праца пра фразеалагізмы нашага краю — у конкурсе, арганізаваным Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі. Маюцца поспехі і ў конкурсе чытальнікаў «Жывая класіка».
У апошні час Галіна Гжаславаўна з галавой пагрузілася ў тэатр. Піша сцэнарыі на аснове мясцовых легенд і ставіць іх з вучнямі. Сёлета стварыла ў школе тэатральны гурток. Такая актыўная, а галоўнае — рэзультатыўная дзейнасць не застаецца незаўважанай: сёлета жанчына ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
На працягу 7 гадоў Галіна Іжмайловіч кіруе метадычным аб’яднаннем настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры раёна. Дзеліцца з калегамі сваім багатым прафесійным вопытам і пастаянна павышае ўласны прафесійны ўзровень.
— Настаўнік, як і вучань, павінен вучыцца, — кажа яна. — Асабліва зараз, калі хутка развіваюцца навука і тэхналогіі. Я не памятаю аўтара наступных слоў, але яны чырвонай ніткай праходзяць праз усю маю працоўную дзейнасць, з’яўляюцца для мяне дэвізам: «Не трэба цягнуць вучняў у свой час. Трэба вучыцца ісці ў нагу з часам, у якім жывуць твае вучні».
Алена Шапавалава

