Вернікі абнавілі каталіцкі крыж пры дарозе на выездзе з Лучая ў бок Дунілавіч быў

Духовность

Каталіцкі крыж пры дарозе на выездзе з Лучая ў бок Дунілавіч быў устаноўлены, можа, сотню гадоў назад. І калі мясцовы касцёл закрылі, вернікі збіраліся на малітву менавіта каля яго. З часам стала разбурацца цагляная аснова, пацямнела фарба на самім крыжы. У Год добраўпарадкавання краіны вяскоўцы вырашылі абнавіць гэты сімвал веры і духоўнасці.

Ініцыятарам выступіла Таццяна Лешчык. Яна жыве і працуе ў Паставах, а ў Лучаі некалі жылі яе бабуля і дзядуля. Таццяна даглядае іх дом. Ідэяй пра абнаўленне крыжа ў дарагім сэрцу куточку падзялілася з суседзямі. І большасць з іх ахвотна яе падтрымалі.

Крыж — адзін з галоўных сімвалаў хрысціян, духоўны шчыт, знак Божай міласэрнасці, — гаварыла Таццяна. — Пакланяючыся яму, успамінаем Хрыста, які праз сваю пралітую кроў аб’яднаў розныя народы у адзін Божы люд. Вельмі ўдзячная, што на рамонт крыжа ахвяраванні склалі не толькі католікі, але і праваслаўныя. Дзякуючы добрым людзям усё задуманае ўдалося ажыцця­віць. 

Вернікі абнавілі каталіцкі крыж пры дарозе на выездзе з Лучая ў бок Дунілавіч быў

Лілія Каралёнак аператыўна сабрала грошы на рамонт. Дамовіліся з майстрам з Варапаева, і той акуратна выканаў усе работы: адрэстаўраваў крыж, замацаваў яго на новай аснове, паклаў тратуарную плітку, памаляваў агароджу. Жанчыны пасадзілі хрызантэмы. Іраіда Каралёнак ўпрыгожыла крыж стужкамі і кветкамі. А калі ўсё было гатова, папрасілі пробашча лучайскага касцёла ксяндза Яўгена Міхайлава асвяціць адрэстаўраваны крыж. На гэту падзею запрасілі старшыню Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяну Пякарскую.

Паехала з задавальненнем, — расказвала Дзіяна Іванаўна. — Так радасна, калі людзі самі праяўляюць ініцыятыву, імкнуцца добраўпарадкоўваць не толькі сваё жыллё, тэрыторыю каля яго, але і іншыя месцы. Ужо не раз казала, што лучайцы — прыклад для іншых. Яны летам дружна арганізаваліся на вясковы суботнік, падчас якога павысякалі хмызняк, памалявалі агароджу, крыжы пры ўваходзе на каталіцкія могілкі, абнавілі помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. І вось ажыццявілі чарговую задуму. Крыж «памала­дзеў», а тэрыторыя вакол яго радуе вока. Цяпер закупляю туі, якія будуць высаджаны каля крыжа.

На асвячэнне прыйшлі не толькі католікі, але і праваслаўныя. А гэта ўжо іншы прыклад — еднасці паміж людзьмі. Няхай прыдарожны крыж абараняе лучайцаў ад няшчасцяў, умацоўвае ў веры.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.