Усе мы бываем пасажырамі і ў такім выпадку давяраем сваю бяспеку і жыццё вадзіцелю. Асабліва спакойна адчуваем сябе, калі за рулём прафесіянал. Менавіта з іх ліку вадзіцель раённага Савета дэпутатаў Алег Германовіч. Яго вадзіцельскі стаж — паўстагоддзя, з іх 30 гадоў — у гэтай установе.
Вадзіцельскую спецыяльнасць Алег набыў у 1975 годзе на курсах пры пастаўскай аўтакалоне. У ёй жа застаўся працаваць на ГАЗ-53. Адтуль пайшоў у армію. Служыў у каменданцкім узводзе ў Германіі — кіраваў баявой дазорнай разведвальнай машынай. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў аўтакалону, але спраўнай машыны не знайшлося, таму ўладкаваўся на малаказавод.
Некалькі гадоў вазіў дырэктара прадпрыемства. Аднак зарплата была невысокай. Ажаніўшыся, перасеў на малакавоз. Сам ездзіў па яго ажно ў Палтаву. Пазней давялося папрацаваць на прарабскім участку, у кінатэатры. А са снежня 1995-га і па сёння Алег Германовіч — вадзіцель раённага Савета дэпутатаў.
— Алег Лявонавіч — вельмі вопытны і адказны вадзіцель, — гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. — Машына заўсёды дагледжаная, у спраўным стане, ён у любую хвіліну гатовы адправіцца ў дарогу. А ездзім мы не толькі па Пастаўшчыне, але і ў іншыя раёны, у абласны цэнтр, Мінск. Хачу сказаць і пра тое, што Лявонавіч — прыкладны сем’янін, дбайны гаспадар,чулы і сціплы чалавек.
Сам Алег Германовіч узгадаў, што сёлета 9 мая яны з жонкай Ленай адзначылі 45-годдзе шлюбу. Шчыра павіншавалі бацькоў з гэтай датай сыны, нявесткі, унукі. Іх старэйшы сын, Віктар, у званні падпалкоўніка служыць у штабе Ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь, малодшы, Аляксандр, — дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, выкладае ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Абодвух кіраванню машынай бацька навучыў, калі тыя яшчэ былі школьнікамі, а вадзіцельскія пасведчанні атрымалі, скончыўшы адпаведныя курсы. Такім чынам, у сям’і тры вадзіцелі — прафесіянал і два аматары.
Хачу пажадаць Алегу Лявонавічу заўсёды лёгкай і бяспечнай дарогі. Няхай кожная паездка прыносіць яму радасць, а наперадзе чакаюць толькі шчаслівыя павароты лёсу.
Ганна Літвіновіч, старшыня раённага савета ветэранаў

