«Дажынкі» — самае напоўненае, яркае, каларытнае свята, на якім ушаноўваюць руплівых гаспадароў зямлі. Іх праца нялёгкая і вельмі патрэбная, а яе вынікі ў многім залежаць ад надвор’я. Сёлета яно асабліва выпрабоўвала аграрыяў, а жніво з-за пераўвільгатнення глебы стала сапраўднай бітвай за ўраджай.
Ну а якія галоўныя сімвалы завяршэння жніва? Вядома ж, каравай і дажыначны сноп. У адным з папярэдніх нумароў «ПК» мы расказвалі пра тое, як натхнёна працуе над вырабам снапа народны майстар Беларусі, дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. А сёння паказваем яго ў гатовым выглядзе. Вельмі прыгожы, аздоблены васількамі, ружамі, тканай дарожкай, увянчаны гербам Пастаў. Таксама нагадаем, што кожны год пастаўскі дажыначны сноп афармляецца па-іншаму, але заўсёды абласное журы прысуджае яму прызавое месца.
А дзе, як не ў нашым раёне, магло вырасці хлебнае дрэва? Яго «вырасцілі» таксама ў Доме рамёстваў і летась здзівілі ўдзельнікаў абласных «Дажынак». Сёлета на гэтым дрэве яшчэ багацейшы хлебабулачны ўраджай.
Пра гасціннасць пастаўчан ведаюць не толькі на ўсёй Віцебшчыне, але і за яе межамі. Багата пачастункаў прыгатавалі да «Дажынак» супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. А каб тым, хто загляне на пастаўскае падвор’е, весялей елася і пілося, падрыхтавалі цікавую культурна-забаўляльную праграму.
Ёсць ураджай — ёсць і каравай. У пастаўчан гэты нязменны сімвал галоўнага свята хлебаробаў кожны год — новы шэдэўр. Раней яго выпякалі на хлебазаводзе, сёлета — у кандытарскім цэху Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Над яго аздабленнем пашчыравала майстар-кандытар Святлана Карандашова. І зрабіла ўсё настолькі эстэтычна, што каравай выглядае як твор мастацтва. Спадзяёмся, што на выстаўцы-конкурсе на «Дажынках» ён атрымае высокую ацэнку.
Фаіна Касаткіна

