14 лістапада жыхарцы вёскі Балаі Валянціне Бункевіч споўніцца 95 гадоў. Напярэдадні ў рэдакцыю пазваніла старэйшына вёскі Марына Табола і папрасіла напісаць у газеце пра найстарэйшую жыхарку Балаёў.
Выпрабаванняў хапіла
З кім бы з доўгажыхароў я ні сустракалася за многія гады журналісцкай працы, кожны ўспамінаў перажытае падчас Вялікай Айчыннай. І гэта зразумела: вайна прынесла іх пакаленню цяжкія выпрабаванні. Прайшлося ваеннае ліхалецце і па лёсе Валянціны Бункевіч.
— Мне было 11 гадоў, калі пачалася вайна, таму добра памятаю ўсе жудасныя падзеі, — расказвала жанчына. — Калі ляцелі варожыя самалёты, мы хаваліся ў бульбу, стагі сена, пад мостам, у зямлянках. Тата ўмацаваў сцены зямлянкі дошчачкамі, ніз заслаў саломай, лаз замаскіраваў дзірваном і льном. Усю выкапаную зямлю скідаў у раку, каб не было бачна слядоў. Аднойчы дзядуля не палез у зямлянку, бо моцна кашляў і баяўся тым самым выдаць нас. Сказаў: «Застануся ў хаце. Заб’юць дык заб’юць». Праз нейкі час мы чуем з зямлянкі, што над вёскай нібыта ўраган нясецца: шум, трэск, плач, крыкі, равуць каровы, вішчаць свінні, нясе дымам. Было вельмі страшна. Калі ўсё сціхла і мы выбраліся наверх, убачылі жахлівае — ад усёй вёскі засталіся адны коміны. На папялішчы сваёй хаты сталі шукаць костачкі дзядулі. Не знайшлі! Аказалася, акупанты забралі яго разам з іншымі вяскоўцамі, каб вывезці на прымусовыя работы ў Германію. Але які са старога работнік? Таму ў Дунілавічах адпусцілі, і ён вярнуўся дадому. А менш чым праз год памёр.
У тыя дні немцы спалілі Косаўшчыну, Рымкі, Шымукоўшчыну, Тузбіцу, Стахоўскія, Дуброва і іншыя вёскі. Людзі выжылі падчас акупацыі і пасля яе толькі дзякуючы таму, што хоць нейкую частку дабра закапалі ў зямлю. Адны жылі ў зямлянках, іншых, у тым ліку і сям’ю Валянціны з пяці чалавек, прытулілі родныя ці знаёмыя ў вёсках, якія ўцалелі. Бацька меў залатыя рукі: шыў і рамантаваў абутак, рабіў драўляныя бачкі і цабэркі. Маці з бабуляй пралі для вяскоўцаў воўну і кудзелю. Таму сям’я не галадавала. А многія пасля вайны жабравалі. І ўсе пачыналі будавацца на папялішчах…
І сёння ў клопатах
— Бог адвёў мне вялікі век, — гаварыла Валянціна Віталісаўна. — Усё жыццё прайшло ў Балаях. Тут упершыню ўбачыла свет, вырасла, выйшла замуж, нарадзіла сыноў. Ніхто — ні муж, ні сыны і нявесткі, ні ўнукі — не пакрыўдзіў мяне ні адным словам. І я ўсёй душой хінуся да родных і аднавяскоўцаў.
— Яна стала для мяне другой мамай і вельмі дарагім чалавекам, — са слязамі на вачах дзялілася нявестка Ія, якая жыве разам са свекрывёй з першага дня, як выйшла замуж (а гэта было ў 1987 годзе). — Разам зведалі шмат гора. У 2009 годзе разбіўся на машыне мой 22-гадовы сын Юра. Колькі радасці было нам, калі вярнуўся дадому пасля службы ў арміі, уладкаваўся на работу! Але мала пацешыліся… А ў 2010-м на сям’ю абрынулася яшчэ адна бяда — заўчасна памёр ад цяжкай хваробы брат майго мужа. У той жа год мы пахавалі і бабулю, якой было 98. Аўдавелая нявестка Марына жыве ў суседнім доме, і мама па-ранейшаму даражыць ёй і дзвюма ўнучкамі, а таксама нашым з Віталіем сынам Жэнем, які з сям’ёй жыве ў Мінску.
Суцяшэнне Валянціна Віталісаўна знаходзіць у малітве. Адзін раз на месяц у вёску прыязджае ксёндз з Пастаў і адпраўляе Імшу ў мясцовай каплічцы. Бабуля — пастаянная яе ўдзельніца. Шмат моліцца і дома. А пра тое, якая яна працаўніца, зноў жа расказала яе нявестка Ія:
— Мама шыла розныя рэчы, вязала. Іншы раз і цяпер бярэ пруткі ў рукі, садзіцца за швейную машынку. Яшчэ яна валіла валёнкі, вязала венікі, пляла кошыкі, да гэтага года цепліла рускую печ і гатавала ў ёй стравы. А як любіць працаваць у агародзе і кветніках! Вось і гэтай восенню двойчы прапалола градкі з клубніцамі. Парнік — таксама цалкам яе клопат. Кажу: «Мама, давай дапамагу!» Адмаўляецца. Бачылі б вы, як клапатліва яна даглядае раслінкі! Вясной высявае шмат петуній, аксамітак, якія потым рассаджвае, да 50 кустоў вяргіняў цвіло штогод. Летась задумала пасадзіць у адкрытым грунце салодкія гарбузы і дыні. Сама ўскапала пад іх дзірван, нанесла перагною. Выраслі! Сёлета не паспрыяла надвор’е.
Праз вуліцу ад іх дома расце маладзенькі сад (пладаносіць толькі трэці год). Такую памяць Валянціна Віталісаўна вырашыла пакінуць унукам і праўнукам. Выкапала ў лесе дзічкі і пасадзіла іх. Калі дрэўцы ўмацаваліся, знаёмы чалавек прышчапіў іх. Да лесу ў яе асаблівая любоў. Расказвала, што была заядлай аматаркай збору ягад і грыбоў, любіла бываць у лесе і вясной, калі цвітуць пралескі і кураслеп і ідзеш па іх, як па дыване. І сёлета прасіла сына Віталія, каб завёз у Чырвоны бор паглядзець, ці паспелі брусніцы.
Час ад часу яна і адна адпраўляецца на аўтобусе ў дарогу. Праўда, не па лясныя дары, а ў Варапаева (раней ездзіла туды нават на веласіпедзе). Вось і на мінулым тыдні пабывала ў гарпасёлку, убачылася з унучкамі і праўнукам (а ўсяго ў яе 7 праўнукаў), накупляла прысмакаў і вярнулася дадому.
— Мне на душы становіцца лёгка, калі памалюся ў каплічцы або з’езджу ў Варапаева, — прызналася доўгажыхарка. — Па дарозе любуюся прыгожымі дамамі, кветкамі, людзьмі і ажно здаравейшай станаўлюся, нібыта якую таблетку выпіла. Хачу працаваць, у думках усё парабіла б, а сіл ужо не хапае…
Любуюся светлым тварам імянінніцы, адкрытым поглядам, слухаю ўспаміны — і ніяк не магу паверыць, што маёй субяседніцы 95. У гэтай сувязі ўзгадалася даўно пачутае: «Прырода дае чалавеку твар пры нараджэнні, а ў старасці ён мае яго такім, які заслугоўвае».
Фаіна Касаткіна

