Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Пераможны поступ «Атланта»
Чарговы тур нацыянальнага першынства зноў прайшоў у трох гарадах краіны – Салігорску, Брэсце і Паставах. У зале Фака нашага горада ў мінулыя выхадныя не было свабодных месцаў. Пры моцнай падтрымцы аматараў валейбола «Атлант» выдатна правёў абодва матчы і давёў яркую пераможную серыю да пяці матчаў.
«Атлант» (Паставы)–«Барысаў-БДУФК-2» – 3:0
1 дзень. 3:0 (25:20; 25:21; 27:25)
У першай сустрэчы пастаўчане змагаліся з дзеючым чэмпіёнам 1-й лігі з Барысава. Дагэтуль перамагчы гэтага моцнага саперніка ім не ўдавалася. Напярэдадні барысаўчане дома з аднолькавым лікам (3:0) адолелі магілёўскі «Камунальнік-2» і выхаванцаў «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск). Яны дагналі нашых у турнірнай табліцы, а ў пачатку стартавага сэта мацней падавалі, былі наперадзе з перавагай у два-тры мячы. Пералом пачаўся ў сярэдзіне партыі, калі некалькімі эйсамі навылет вызначыўся 26-гадовы даігроўшчык пастаўчан Аляксей Трацэўскі. У ходзе гульні яго атакі цяжка было стрымаць, а ўсяго ён набраў 18 выніковых балаў. Падтрымалі свайго таварыша пры завяршэнні камбінацый Аляксандр Пятрэвіч, Ягор Дашкевіч і Міхаіл Маляёнак. Нашы мацней правялі канцоўку і выйшлі наперад.
У пачатку другой партыі сур’ёзную траўму нагі атрымаў вопытны блакіроўшчык, кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец. Яго замяніў і ўдала ўвайшоў у гульню дэбютант Руслан Вяткін. У няпростай сітуацыі распасоўшчык пастаўчан Уладзімір Юзвовіч умела стаў кіраваць гульнёй і таксама прынёс камандзе 4 ачкі. «Атлант» займеў камфортную перавагу, але канчатковага поспеху ў заключнай партыі дабіўся толькі праз паўгадзіны.
У канцоўцы паядынку нашы былі наперадзе (20:15), але сапернік дагнаў іх і займеў сэт-бол (24:25). Пастаўчане не разгубіліся — зраўнялі лік на табло. Трэнеры фаварыта ўзялі тайм-аўт, аднак гэта не дапамагло. Барысаўчан падвялі крыўдныя памылкі пры падачы і завяршальным удары. «Атлант» дабіўся важкай перамогі.
У другой сустрэчы віцебскае «Марка-ВДТУ-2» з лікам 3:2 перамагло СДЮШАР «ВК «Мінск». У Брэсце мясцовая каманда была мацнейшай (3:2) за гомельскую «Энергію-2», а рэзервісты гродзенцаў саступілі (0:3) віцэ-чэмпіёну лігі — «Газавіку-Гомель». Няўдала згулялі ў Салігорску выхаванцы РДВАР-2009 (Мінск). Яны прайгралі (2:3) магіляўчанам, а затым у трох партыях — дублёрам салігарчан.
«Атлант» (Паставы)–СДЮШАР «ВК «Мінск» – 3:0
2 дзень. 3:0 (25:9; 25:17; 25:20)
Падтрымаць мінчан у гульні з пастаўчанамі са сталіцы прыехала група падтрымкі. Але наша на чале з кіраўніком раёна Сяргеем Чэпікам была больш унушальная. На пляцоўку выйшлі нашы новыя валейбалісты — Мікіта Петух, Аляксей Канаш і Глеб Пучынскі, якія напярэдадні не гулялі.
«Атлант» пачаў сустрэчу на сапраўдным куражы і адразу выдатна загуляў на блоку над сеткай. Гэтым тэхнічным прыёмам зарабіў сабе 17 выніковых балаў. Выдатна атрымліваліся і атакуючыя камбінацыі першым тэмпам. Разгромлены на старце сапернік апрытомнеў толькі напрыканцы другой партыі.
Барацьба на роўных, ачко ў ачко, распачалася ў трэцім сэце. Мінчане нарэшце сталі дэманстраваць сваё майстэрства і дагналі нашых пры ліку 17:14. Гледачы захваляваліся, але вопытны Уладзімір Юзвовіч правёў падманны ўдар, а затым займеў падачай навылет важнае ачко (усяго на яго рахунку 6 балаў). Пераламаць ход гульні сапернік ужо не змог. У патрэбны момант вярнуліся на пляцоўку Аляксандр Пятрэвіч і Руслан Вяткін, якія правялі некалькі паспяховых атак. «Атлант» упэўнена давёў паядынак да чарговай перамогі і застаўся адным з лідараў першынства.
У абодвух матчах дома поспеху дабіліся Пятрэвіч, Варанец, Вяткін, Юзвовіч, Дашкевіч, Петух, Трацэўскі, Маляёнак, Канаш, Пучынскі і лібера Скалабан, Зарэцкі.
На другі дзень у Брэсце гродзенскі «Легіён-2» вёў з перавагай у дзве партыі, але саступіў (2:3) гомельскай «Энергіі-2». Маладыя брэстаўчане ва ўпартай барацьбе з лікам 1:3 прайгралі гомельскаму «Газавіку», які з 18 ачкамі ідзе наперадзе. Услед за лідарам размяшчаюцца пасля трох тураў «Атлант» (15), «Барысаў-БДУФК-2» (12), ДЮСШ «ВК «Брэст», ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск), гомельская «Энергія-2» (у іх па 8 ачкоў), гродзенскі «Легіён-2» (6), «Марка-ВДТУ-2» (Віцебск), СДЮШАР «ВК «Мінск» (па 4), магілёўскі «Камунальнік-2» (2 балы).
Напрыканцы лістапада пастаўчане на туры ў Магілёве згуляюць з мясцовай камандай і салігарчанамі.
Уладзімір Шык

