31 кастрычніка завяршылася рэспубліканская акцыя «Адновім лясы разам!». У апошні яе дзень на пасадку елак адправіліся дэпутаты Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў на чале з яго старшынёй Юрыем Кісялёвым, работнікі раённага аддзела Следчага камітэта, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне.
З карэспандэнтам і аператарам «Паставы ТВ» каля вёскі Соўкі даганяем картэж машын, за якім даязджаем да ўскрайку лесу. Працоўны дэсант адразу выгружае з лясгасаўскай «Газелі» скрыні з маленькімі елачкамі. Інжынер па аднаўленні лесу і меліярацыі Пастаўскага лясгаса Віталій Хаткевіч нагадвае ўдзельнікам акцыі правілы тэхнікі бяспекі, выдзяляе мячы Колесава і паказвае дарогу да месца пасадкі насаджэнняў.
— Мы знаходзімся ў 90-м квартале Пастаўскага лясніцтва, — расказваў Віталій Хаткевіч. — Тут на плошчы 3,7 гектара растуць навагоднія елкі. Першыя пасадкі адбыліся ў 2018 годзе. Елкі дасягнулі пэўнай вышыні, і ў мінулым годзе частку іх высеклі і рэалізавалі на пераднавагодніх кірмашах. Сёння правядзём дапаўненне пасадак.
Настрой ва ўсіх, хто пажадаў удзельнічаць у акцыі «Адновім лясы разам!», быў бадзёры: толькі што скончыўся дождж, выглянула сонца, лёгка дыхалася чыстым паветрам. Практычна ўсе ўдзельнікі акцыі — не навічкі. Яны добра ведаюць тэхналогію пасадкі, спраўна ўпраўляюцца з мячом Колесава.
— Захаванне і прымнажэнне лясоў — абавязак кожнага грамадзяніна, — гаварыў Юрый Кісялёў. — Лес — народнае багацце. І мы як гаспадары сваёй краіны абавязаны клапаціцца пра яго. Акцыі па пасадцы лесу ў Беларусі праводзяцца два разы на год. І падчас кожнай дэпутаты дораць лясному фонду новае жыццё. Наступныя пакаленні беларусаў убачаць гэту прыгажосць і возьмуць наш прыклад — працягнуць пасадку лесу, увасобіўшы гэту справу ў новыя фарматы. Радуе, што да акцыі актыўна далучаюцца многія пастаўчане.
Мужчыны, узброіўшыся мячамі Колесава, рабілі ямкі, жанчыны садзілі маладзенькія елачкі, прытоптвалі глебу каля каранёў. Цікава было даведацца, што, каб вырасціць елку да паўтара-два метры вышынёй, патрабуецца 8-9 гадоў. З маленькага насення да двух гадоў саджанец расце ў пасяўным аддзяленні гадавальніка, затым адпраўляецца ў школьнае аддзяленне. Там развіваецца каранёвая сістэма, раслінка набіраецца сіл. Яшчэ праз два гады саджанцы высаджваюць у лясныя ўгоддзі. Плантацыі навагодніх елак закладваюцца, як і звычайныя, толькі з больш шырокім крокам пасадкі, каб дрэўцу хапала месца для развіцця.
Пасадзіць — не значыць вырасціць. Маладыя насаджэнні патрабуюць пільнага догляду. Кожны год леснікі абкошваюць траву паміж радамі, высякаюць самасеяныя дрэўцы і хмызняк, якія растуць значна хутчэй, чым елкі. Я была на гэтай плантацыі сем гадоў назад, калі пасадкі вяліся на першых гектарах. На гэты раз убачыла вынік карпатлівай працы леснікоў: елкі з роўнымі стваламі і густымі «прычоскамі» быццам спаборнічаюць паміж сабой у прыгажосці.
— Мы не проста садзім дрэўцы, — гаварылі ўдзельнікі акцыі. — Мы папаўняем лясныя багацці Пастаўшчыны, развіваем экасістэму. Пройдзе некалькі гадоў — і, магчыма, елкі менавіта з гэтай плантацыі ўпрыгожаць наш дом на перыяд навагодніх свят, будуць радаваць нашых унукаў.
У той дзень было высаджана каля 500 маленькіх елачак. За перыяд акцыі «Адновім лясы разам!» у ёй паўдзельнічалі прадстаўнікі розных працоўных калектываў. Іх дапамога работнікам лясніцтваў у пасадцы і дапаўненні лясоў адчувальная. Малады лес на Пастаўшчыне пасаджаны прыкладна на 20 гектарах. Работы працягваюцца.
Анна Анішкевіч



