Кузняй кадраў для ўсяго раёна з’яўляецца Пастаўскі дзяржаўны каледж, які сёння адзначае свой 70-гадовы юбілей.
Ад рамеснага вучылішча да каледжа.
Гісторыя каледжа пачалася 27 жніўня 1955 года, калі ў адпаведнасці з загадамі Галоўнага ўпраўлення працоўных рэзерваў пры Савеце Міністраў СССР на базе былога педагагічнага вучылішча ў Паставах па вуліцы 17 Верасня адкрылася рамеснае вучылішча па механізацыі сельскай гаспадаркі №2, якое ўзначаліў Мікалай Камісараў. Ужо 1 кастрычніка ў яго былі залічаны 150 маладых людзей з 12 раёнаў Беларусі для атрымання імі прафесій трактарыста і слесара 3-га разраду. Пасля заканчэння паўгадавога тэрміну навучання большасць з іх была накіравана на работу ў Паўладарскае абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі Акмалінскай вобласці Казахскай ССР, астатнія размеркаваны на Пастаўскую МТС.
1 лютага 1957 года адбыўся прыём моладзі для навучання новай прафесіі — механік-камбайнёр. Праз паўгода яна таксама адправілася асвойваць цалінныя землі Казахстана. З лістапада 1959 года вучылішча пачало рыхтаваць шафёраў, спачатку — для ваенкаматаў, а потым — і для сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці і Пастаўскага раёна. Так паступова павялічвалася колькасць прафесій. З цягам часу да названых дабавіліся электраманцёр, электразваршчык, повар, швачка, кравец, плодаагароднік, аператар машыннага даення, лабарант ХБА, рахункавод-касір і прадавец. Навучэнцы не толькі вывучалі тэорыю, але і шмат займаліся практычнай дзейнасцю. Вытворчую практыку праходзілі ў тых гаспадарках, адкуль былі накіраваны на вучобу.
Расшыралася і ўмацоўвалася база вучылішча. У 1963 годзе да старога будынка прыбудавалі новы корпус. Пазней былі ўзведзены гаражы, яшчэ два вучэбныя корпусы, клуб на 350 месцаў, майстэрні, пляцоўкі для захоўвання тэхнікі, інтэрнат на 395 месцаў. У будаўніцтве прымалі ўдзел навучэнцы, майстры вытворчага навучання, выкладчыкі. Працавалі самааддана і з натхненнем, нягледзячы на цяжкасці. Напрыклад, на месцы цяперашняга інтэрната было балота, і будаўнічую тэхніку з яго даводзілася выцягваць танкам.
З 1998 года пачалася падрыхтоўка спецыялістаў для сельскай гаспадаркі па сістэме бесперапыннага навучання сумесна з Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам на падставе заключанага з ім дагавора. У гэты час выпускнікі школ набывалі прафесіі майстра сельскагаспадарчай вытворчасці, гаспадыні сядзібы, камерцыйнага агента, спецыяліста па інфармацыйным і арганізацыйным абслугоўванні, бухгалтара. Пазней аналагічныя дагаворы былі заключаны з 6 вышэйшымі і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі Віцебскай вобласці.
З гадамі мяняліся не толькі прафесіі, якія маладыя людзі атрымлівалі ў сценах вучылішча, і сістэма іх падрыхтоўкі, але і назва ўстановы адукацыі і яе кіраўнікі. Рамеснае вучылішча перайменавалі ў прафесійна-тэхнічнае, затым — у ліцэй, а потым — у каледж. За 70-гадовую гісторыю дырэктарамі былі Дзмітрый Лявіцкі, Эдуард Жаўрыд, Аляксандр Шэвелеў, Аляксандр Дзеравянка, Пётр Курто, Мікалай Лысёнак, Сяргей Герасіменка. З 2023 года Пастаўскі дзяржаўны каледж узначальвае Сяргей Шамовіч.
Арыентуюцца на запыты рынку
Сёння каледж у Паставах — адзін з найлепшых у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны. Ён карыстаецца папулярнасцю ў выпускнікоў школ не толькі заходняга рэгіёна нашай вобласці, але і паўночнай часткі Міншчыны. На дзвюх адукацыйных ступенях тут навучаюцца амаль 480 юнакоў і дзяўчат. На ўзроўні ПТА атрымліваюць прафесіі трактарыста, вадзіцеля, слесара, кандытара, прадаўца, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў і электраманцёра, на ўзроўні ССА — тэхніка-механіка, слесара, вадзіцеля, повара і афіцыянта. Акрамя вочнай, ёсць завочная форма навучання, дзе рыхтуюць будучых тэхнікаў-механікаў і бухгалтараў.
— Мы арыентуемся на запыты рынку працы і рыхтуем тых спецыялістаў, якія патрэбныя на дадзены момант, — гаварыў Сяргей Шамовіч. — Так, летась набралі групу станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў пад заказ ААТ «Паставымэбля». Зараз яны праходзяць на прадпрыемстве вытворчую практыку, а пасля атрымання дыпломаў прыйдуць туды на работу. Сёлета пачалі падрыхтоўку электраманцёраў для Глыбоцкіх электрычных сетак. Заказчык дапамог нам з правядзеннем прафарыентацыі, абсталяваннем вучэбных кабінетаў і таксама гатовы прыняць нашых навучэнцаў на практыку.
Вельмі запатрабаваная перападрыхтоўка рабочых кадраў. Штогод да ацяпляльнага сезона каледж навучае дзве групы качагараў для УП ЖКГ, іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна, дзе ёсць кацельні. Арганізуе падрыхтоўку насельніцтва і павышэнне кваліфікацыі па прафесіях повара, зваршчыка і трактарыста. Трактарыстаў тут вучаць працаваць на энерганасычаных машынах, пагрузчыку «Амкадор», харвестары, іншай сучаснай тэхніцы. Для правядзення практычных заняткаў яе арандуюць у прадпрыемстваў.
Ды і свая матэрыяльна-тэхнічная база ў каледжа нядрэнная. Кіраўніцтва пастаянна працуе над яе ўмацаваннем. Ёсць абсалютна ўсё неабходнае абсталяванне для якаснай падрыхтоўкі повараў і кандытараў. За апошнія 3 гады істотна абнавіўся машынна-трактарны парк: з’явіліся два новыя трактары «Беларус» і самазвал «МАЗ». Зразумела, мець усю самую сучасную тэхніку немагчыма. Таму навучэнцы разам з выкладчыкамі рэгулярна ездзяць на тыдзень-другі ў спецыяльна створаныя Цэнтры кампетэнцый у Вілейку, Віцебск і Гарадок, куды паступаюць навінкі з заводаў-вытворцаў.
За 70 гадоў Пастаўскі дзяржаўны каледж падрыхтаваў па розных спецыяльнасцях больш за 15 тысяч чалавек
Умеюць рыхтаваць
Выпускнікі каледжа працуюць абсалютна на ўсіх прадпрыемствах нашага горада і раёна, а таксама ў суседніх раёнах. Найбольш іх у сельскай гаспадарцы. Многія добра вядомыя на Пастаўшчыне і за яе межамі як пераможцы раённага і абласнога спаборніцтваў сярод работнікаў палёў і фермаў, прызёры абласных і нават рэспубліканскіх «Дажынак». Нямала і тых, хто, атрымаўшы прафесію, вярнуўся ў родныя сцены выкладаць спецпрадметы, працаваць майстрам вытворчага навучання, слесарам, лабарантам і г.д. Гэта Анастасія Краўчанка, Кацярына Ядзевіч, Анжаліка Кажарновіч, Адам Кузміч, Таццяна Касцень, Дзмітрый Мажэйка, Сяргей Шылёнак, Паліна Маісеева, Арцём Нікалаеў.
Зараз у калектыве каледжа амаль 100 чалавек. Каля паловы з іх — абслуговы персанал, бо навучальная ўстанова мае даволі вялікую базу: 5 вучэбных карпусоў, клуб, інтэрнат, сталовую, аўтадром, трактарадром, агароднінасховішча, вопытны ўчастак, сельскагаспадарчыя землі, дзе будучыя механізатары вучацца працаваць на тэхніцы і вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Другая палова калектыву — гэта адміністрацыя і педагагічны склад: майстры вытворчага навучання і выкладчыкі агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметаў, у большасці сваёй людзі з вялікім багажом ведаў і практычных навыкаў, якія ўмеюць перадаць іх маладому пакаленню. Пра якасць адукацыі ў каледжы сведчаць у тым ліку шматлікія дыпломы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, заваяваныя педагогамі і навучэнцамі ў конкурсах прафесійнага майстэрства і аглядах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Сяргей Шамовіч, дырэктар Пастаўскага дзяржаўнага каледжа
Мы стараемся самі рыхтаваць для сябе кадры. Прыглядаемся да навучэнцаў, выбіраем найлепшых пасля выпуску і адпраўляем іх вучыцца на майстроў, накіроўваем на перападрыхтоўку. Усяляк падтрымліваем маладых спецыялістаў, якія прыходзяць да нас на работу. Замацоўваем за імі на паўгода вопытных настаўнікаў. Дзейнічае таксама школа маладога педагога. Тым, хто родам не з Пастаў, даём блок у інтэрнаце, дапамагаем з рамонтам.
Стаў домам для сям’і
Хоць у каледжы пакуль няма сваіх паўнавартасных працоўных дынастый, прыклады работы тут некалькіх прадстаўнікоў адной сям’і маюцца. Імі з’яўляюцца Шылёнкі, Базелевы і Мажэйкі.
У Мажэйкаў першым у прафтэхвучылішча прыйшоў Алік Цімафеевіч. У 1977 годзе яго прынялі ў штат майстрам вытворчага навучання. Потым назначылі памочнікам дырэктара па гаспадарчай частцы. А праз некаторы час ён прыняў рашэнне вярнуцца на пасаду майстра.
Марына Уладзіміраўна ўладкавалася ў СПТВ у 1979 годзе. На працягу двух дзесяцігоддзяў выкладала навучэнцам рускую і беларускую мову і літаратуру, затым стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Як і муж, сваю работу вельмі любіла.
— Зацвярджаючы мяне на пасаду намесніка дырэктара, начальнік упраўлення па адукацыі аблвыканкама спытаў: «Якім метадам збіраецеся карыстацца ў выхаваўчай рабоце: ціснуць на навучэнцаў аўтарытэтам, браць іх строгасцю або прымяняць дабрыню?» — расказвала Марына Мажэйка. — Я адказала, што буду спрабаваць апошні. І ён аказаўся эфектыўным. Вельмі многія дзеці разумелі дабрыню і адгукаліся на яе. Сёння тыя, каго некалі вучыла і выхоўвала, вітаюцца, цікавяцца справамі. Запрашаюць на сустрэчы групы, у якой была куратарам, просяць правесці з імі ўрок, пачытаць вершы. Навучэнцам было цікава са мной, а мне — з імі. Пра каледж у мяне засталіся самыя светлыя ўспаміны.
З такой жа светлай настальгіяй успамінаў гады работы ў ім і Алік Мажэйка, заўсёды з радасцю прымаў запрашэнне сустрэцца з былымі калегамі. На жаль, некалькі гадоў назад мужчыны не стала. Але тыя, з кім працаваў, памятаюць яго і вельмі цёпла адзываюцца.
Бацькаву справу зараз працягвае сын Мажэйкаў — Дзмітрый. Скончыўшы Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, а потым Мазырскі педуніверсітэт, дзе атрымаў дыплом інжынера, ён без ваганняў вярнуўся на малую радзіму. Працуе з групамі ўзроўню прафтэхадукацыі, навучае будучых трактарыстаў-машыністаў. І таксама кажа, што падабаюцца работа, зносіны з навучэнцамі. Яго выхаванцы ўдзельнічаюць у абласных конкурсах прафтэхмайстэрства і нядрэнна сябе паказваюць.
Не расстаюцца з ветэранамі
Багацце каледжа — не толькі яго дасягненні і ўзнагароды, але і ветэраны. Многія з іх прысвяцілі справе навучання і выхавання моладзі не адзін дзясятак гадоў. З усімі кіраўніцтва навучальнай установы падтрымлівае пастаянную сувязь: рэгулярна віншуе з Днём пажылых людзей і Днём прафтэхадукацыі — наведвае дома, запрашае на мерапрыемствы. Нават знаходзячыся на пенсіі, ветэраны дапамагаюць выхоўваць маладое пакаленне.
Сярод тых, хто не парывае сувязь з калектывам, Наталля Шылько. На работу ў тады яшчэ СПТВ №2 яна прыйшла ў 1982 годзе. Узялі замяніць педагога, які пайшоў у дэкрэтны водпуск, а затрымалася на 40 гадоў. Працавала выкладчыкам, потым — метадыстам, апошнія 28 гадоў была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
— За час маёй працоўнай дзейнасці каледж прайшоў вялізны шлях развіцця, — успамінае Наталля Аляксандраўна. — І я была ўдзельніцай эпахальных падзей, якія тут адбываліся. Зараз уважліва сачу за яго жыццём і поспехамі на сайце. Рада, што каледж мае патэнцыял і перспектывы для далейшага развіцця, што яго ўзначальвае Сяргей Сцяпанавіч, які раней некаторы час працаваў тут метадыстам. Больш талковага метадыста, чым ён, у мяне не было. Радуюся таксама за Наталлю Юр’еўну Лятоху, якая маладзенькай дзяўчынкай пачынала з пасады майстра вытворчага навучання. А цяпер яна — намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце.
Яшчэ большы стаж у каледжы ў Ларысы Жук. Сюды яе перавялі з Гуцкай васьмігадовай школы, дзе была піянерважатай, на камсамольскую работу. 8 гадоў адпрацавала вызваленым сакратаром пярвічнай арганізацыі, якая налічвала больш за 600 чалавек. А калі распаўся Савецкі Саюз і камсамола не стала, прапанавалі пасаду выхавальніка ў інтэрнаце. Ім з’яўляецца ўжо 38 гадоў. Вядзе аматарскі клуб «Наша спадчына», аб’яднаўшы вакол сябе 12 такіх жа, як сама, захопленых гісторыяй навучэнцаў, і ўзначальвае ветэранскую арганізацыю каледжа.
Працягвае працоўную дзейнасць і Кацярына Лысёнак. Упершыню парог прафтэхвучылішча маладая настаўніца матэматыкі і фізікі пераступіла ў 1979 годзе. Адпрацавала да выхаду на пенсію. А праз 7 гадоў адпачынку запрасілі на замену бальнічнага, ды так і засталася ў калектыве. Кацярына Аляксандраўна прызнаецца, што сваю прафесію выбрала па прызванні. У 9 класе цвёрда вырашыла: будзе настаўнікам. І з таго часу ні разу не пашкадавала пра гэта. Многіх навучэнцаў яна падрыхтавала да паступлення ў ВНУ. Жанчына ганарыцца тым, што ў яе сям’і склалася дынастыя фізікаў-матэматыкаў. Гэтыя прадметы выкладаюць у гімназіях і школах рэспублікі дачка, унучка і малодшая сястра. А пляменніца працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
Пастаўскі дзяржаўны каледж упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень. Гэта ўпэўненасць грунтуецца на шматгадовым вопыце работы ў сферы адукацыі, дзе ён цвёрда займае сваю нішу. Усяляе яе і тое, што кожны год ва ўстанову набіраецца прыкладна на 30 навучэнцаў больш, чым летась. А значыць, у яе ёсць будучыня.
Алена Шапавалава





