Людмила и Александр Гедройцы торжественно отпраздновали золотую свадьбу

Общество

Май 1975-га. Маладзенькая настаўніца СШ №3 Людміла Шурпік позна вяртаецца дадому. (Акрамя работы ў школе, яна выкладае яшчэ і на вячэрніх курсах для афіцэраў, якія рыхтуюцца паступаць у Ваенную акадэмію.) На плошчы, у Доме афіцэраў, — танцы. Як не заглянуць? Скіроўвае да знаёмых дзяўчат і бачыць ля іх прыгажуна ў марской форме. (Хлопец толькі што вярнуўся з тэрміновай службы на падводнай лодцы.) Завязваецца агульная размова. А калі пачынаецца белы танец (па традыцыі ён апошні), дзяўчаты спяшаюцца да сваіх кавалераў.

— Мы з мараком аказваемся ўдваіх, і мне не застаецца нічога іншага, як запрасіць яго на танец, — успамінае той далёкі вечар Людміла Міфодзьеўна Гедроец.

— Мне ж — пасля танцаў правесці дадому дзяўчыну, якая спадабалася з першага погляду, — з усмешкай працягвае аповед жонкі Аляксандр Яўгеньевіч.— З таго вечара мы і пачалі сустракацца. А праз паўгода згулялі вяселле.

Людмила и Александр Гедройцы торжественно отпраздновали золотую свадьбу

А размаўляю я з імі ў тым самым будынку Дома афіцэраў, дзе яны пазнаёміліся. Зараз тут размяшчаецца ЗАГС, і перада мной сужонцы з сямейным стажам у паўстагоддзя. Загадчыца аддзела Аніта Несцяровіч прапанавала Аляксандру Яўгеньевічу і Людміле Міфодзьеўне ва ўрачыстай абстаноўцы зарэгістраваць залаты юбілей сям’і, і яны прынялі прапанову.

У пакоі чакання такое ж хваляванне, як і перад кожнай рэгістрацыяй. Розніца толькі ў тым, што сярод гасцей пераважае не моладзь, а людзі старэйшага ўзросту — равеснікі сужонцаў. Усе ў святочных строях, з букетамі кветак. Самыя эфектныя, безумоўна, віноўнікі ўрачыстасці.

Людмила и Александр Гедройцы торжественно отпраздновали золотую свадьбу

І вось пачынаецца цырымонія рэгістрацыі залатога шлюбу. Аніта Несцяровіч пад кранальныя мелодыі расказвае гісторыю кахання, пранесенага праз 50 гадоў, запрашае мужа і жонку распісацца ў самай шчаслівай кнізе рэгістрацыі залатых юбіляраў. У пацвярджэнне шчаслівага шлюбу ставяць свае подпісы ў гэтай кнізе сведка Тамара Гуль, дачка Гедройцаў Вольга, унукі Цімафей і Мацвей. Усё тут было: прызнанне ў каханні, пацалункі, абмен пярсцёнкамі, танец, віншаванні родных і сяброў, кветкі, шампанскае…

Безумоўна, у тыя хвіліны віноўнікам урачыстасці ўспамінаўся і лістападаўскі дзень 1975 года, калі яны, таксама ва ўрачыстай абстаноўцы, рэгістравалі свой шлюб у Пастаўскім РДК. У зале Дома культуры не было свабодных месцаў — прыйшлі не толькі госці, але і калегі па рабоце, проста гара­джане, каб палюбавацца прыгожай дзеяй.

Людмила и Александр Гедройцы торжественно отпраздновали золотую свадьбу

А зараз варта сказаць, што месцам жыхарства пастаўскія маладажоны выбралі сталіцу. Там у іх нарадзілася дачка. Спачатку здымалі жыллё, а ў 1982 годзе пабудавалі кааператыўную кватэру. Людміла працавала ў Заводскім райкаме партыі, Аляксандр — на аўтазаводзе і паралельна вучыўся на тэхнолага апрацоўкі металаў рэзаннем. Сямейнае гняздо напаўнялася цяплом і любоўю, для дачкі бацькі заўсёды былі і застаюцца прыкладам.

Хапала і цяжкасцей, асабліва ў гады перабудовы. У 1994 годзе муж і жонка фактычна засталіся без работы. Прыйшлося ўсё пачынаць па-новаму. З дзяржаўных пасад абое пайшлі ў камерцыйныя структуры. Аднак з часам Аляксандр вярнуўся тэхнолагам на Мінскі аўтазавод. Людміла засталася ў камерцыйных структурах і працуе да гэтага часу.

Людмила и Александр Гедройцы торжественно отпраздновали золотую свадьбу

Паставы па-ранейшаму з’яўляюцца для Гедройцаў родным горадам, а дом бацькоў Людмілы, якіх ужо няма ў жывых, па вуліцы Заслонава — іх ціхім, утульным прыстанкам. Аляксандр Яўгеньевіч, пайшоўшы на пенсію, увогуле праводзіць тут больш часу, чым у сталіцы, і заўсёды знаходзіць для сябе карысны занятак.У гэтым доме яны і сваё залатое вяселле адзначылі.

А вяртаючыся да ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, хачу працытаваць словы Аніты Несцяровіч, адрасаваныя юбілярам: «Няхай яшчэ шмат гадоў вам будзе хораша і лёгка побач. Няхай заўсёды маладымі застаюцца вашы сэрцы, радуюць дачка і зяць, унукі, кожнага цеплынёй сустракае ваш дом». І дадаць ад сябе: «Хацелася б і ваша ­брыльянтавае вяселле ўбачыць».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.