Ужо ў трыццаты раз у Беларусі праходзіць самая маштабная дабрачынная акцыя — «Нашы дзеці», напоўненая навагоднімі падарункамі і сюрпрызамі для юных жыхароў краіны. Яе цэнтральнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца галоўныя ёлкі вобласці і рэспублікі, на якія традыцыйна адпраўляюцца і пастаўскія школьнікі.
Сёлета ўдзельнікамі абласнога навагодняга свята, якое адбылося 22 снежня ў канцэртнай зале «Віцебск» і сабрала 950 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з усяго паўночнага рэгіёна, сталі 22 пастаўчаніны. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, дзеці са шматдзетных і прыёмных сем’яў. Разам са школьнікамі з іншых раёнаў яны акунуліся ў захапляльныя падзеі інтэрактыўнага мюзікла, наведалі гульнявыя і навагоднія пляцоўкі, забаўляльныя лакацыі і разнастайныя майстар-класы. Запрошаных на свята прывітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён пажадаў дзецям больш перамог у надыходзячым годзе і каб у іх дамах панавалі шчасце і дабрабыт.
Двое нашых землякоў пабывалі ў Віцебску на абласной ёлцы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. А заўтра для хлопчыкаў і дзяўчынак з інваліднасцю, тых, хто выхоўваецца ў шматдзетных, малазабяспечаных, прыёмных і апякунскіх сем’ях, запаліць агні раённая дабрачынная ёлка. Свята ў Доме культуры збярэ больш за 400 юных жыхароў Пастаўшчыны. Акрамя салодкіх падарункаў і віншаванняў прадстаўнікоў улады, іх чакае навагодняя музычная казка «Аленький цветочек», падрыхтаваная работнікамі РДК.
29 снежня 9-класнік СШ №4 імя В. Ф. Франтова Альберт Макоўскі, 8-класнік СШ №1 Уладзіслаў Якубовіч, яго равеснік з гімназіі Міхаіл Міхасёнак і 7-класніца СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Марыя Касцень адправяцца ў Мінск, у Палац Рэспублікі, на галоўную ёлку краіны. Як заўсёды, запрошаных на яе — а гэта каля 2 000 найлепшых вучняў з розных куткоў Беларусі — павіншуе з надыходзячым Новым годам і Раством Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Будуць таксама сюрпрызы, падарункі, інтэрактывы і, канешне ж, казачнае навагодняе прадстаўленне.
Алена Шапавалава

