Сёлетнім красавіком ва ўкраінкі Юліі Шпак былі ажно дзве юбілейныя даты: 30 гадоў з дня нараджэння і 10 — як яна жыве ў Беларусі.
— Спачатку ў краіну прыехаў мой муж, — расказвала жанчына. — Фёдар па нацыянальнасці венгр, а пазнаёміліся мы з ім у маім родным горадзе Мелітопалі. Калі ў нас ужо быў сынок, муж з сябрам адправіліся на будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі. Менш чым праз год ён забраў мяне з сынам. Жылі на здымнай кватэры спачатку ў Астраўцы, затым — у Смаргоні. Пазней вырашылі купіць дом у Лынтупах.
У Беларусі маладой пары спадабалася. Праўда, у першыя гады Юля мерзла, нават летам хадзіла захутаўшыся. Розніца ў клімаце Запарожжа і поўначы Беларусі вялікая. Там тэмпература паветра летам даходзіць да 50 градусаў, у нас яна напалову ніжэйшая, а то і больш.
— Але адаптаваліся хутка, — успамінае Юля. — Галоўнае — беларускі клімат падышоў не толькі нам, але і сыну з дачкой, якая нарадзілася ўжо ў Лынтупах. Тут вельмі прыгожая прырода, багаты на дары лес. На Мелітопальшчыне лясоў няма. Там у асноўным стэпы, бываюць працяглыя засухі, часта — пясчана-пыльныя буры.
Маці Юлі таксама пераехала з Мелітопаля ў Лынтупы, купіла тут дом. І ёй падабаецца на беларускай зямлі. Любіць збіраць ягады, грыбы. Можа адправіцца на веласіпедзе ў лес хоць за 20 кіламетраў ад дома.
Пасля прыезду ў Лынтупы Шпакі абзавяліся шматлікай жыўнасцю. Каго толькі не было на іх падвор’і! Свінні, авечкі, куры, гусі, козы. Юля варыла з казінага малака сыры і прадавала іх.
— Было шмат цяжкай працы, і з часам усё гэта мяне стаміла, — прызналася яна. — Захацелася пажыць лягчэй. І мы збылі жыўнасць.
Пасля школы Юля набыла прафесію цырульніка-мадэльера. Аднак вельмі хутка зразумела, што гэта справа не для яе. Зараз працуе ў гарпасёлку прадаўцом у магазіне. А найбольшае задавальненне атрымлівае ад свайго хобі — кулінарыі. Выпякае смачныя тарты, ды і любыя стравы гатуе выдатна, умее прыгожа накрыць стол для гасцей.
— З’явіліся ў маім меню і беларускія дранікі, пра якія нават не чула, калі жыла ва Украіне, — расказвала жанчына. — А зараз і сама іх люблю, і дзеці, і для гасцей гатую.
Будуць дранікі на навагоднім стале Шпакоў або не, не ведаю. А вось Дзед Мароз загляне ў сям’ю абавязкова, бо сямігадовая Сафія яшчэ верыць у яго. І дзе жыць Дзеду Марозу, як не ў лесе, што падступае да самага іх дома? Некаторыя сосны і елкі ўвогуле ў двары. Летам пад імі вырастаюць грыбы, і літаральна за некалькі хвілін іх можна назбіраць на суп ці падсмажыць. А якімі «канцэртамі» радуюць птушкі! Зімой, калі выпадае снег, — іншае хараство. Ды яшчэ зайцы ці казулі могуць заглянуць у госці. Поўная еднасць з прыродай!
Дык як не любіць такія мясціны? А галоўнае — тут мірна і спакойна, добрыя людзі, у нас з’явілася шмат сяброў. Адным словам, мы парадніліся з Беларуссю.
Юлія Шпак
Фаіна Касаткіна




