У суботу вернікі наймаладзейшай парафіі пастаўскага дэканата — Езуса Міласэрнага ў 5 гарадку — урачыста сустракалі копіі найбольш шануемых абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.
Як жа пашанцавала католікам Пастаўшчыны ў юбілейны, 2025, год, які мы пражываем пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», прымаць у касцёлах сямі парафій дэканата Маці Божую! У канцы жніўня копіі абразоў знаходзіліся ў касцёле Святога Антонія Падуанскага. Затым наведалі камайскі, лынтупскі, дунілавіцкі, лучайскі, варапаеўскі храмы.
— Прыняць Маці Божую ў розных вобразах у нашым касцёле была магчымасць і раней, — гаварыў ксёндз-канонік, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага Павел Самсонаў. — Але як звычайна мы рыхтуемся да прыходу гасцей? Найперш прыбіраем у доме. У нашай святыні на той час актыўна вяліся будаўнічыя работы. Не была пакладзена тратуарная плітка. І Марыі трэба было б ісці па гразі. Цяпер парадак наведзены. Напярэдадні ў касцёле нават падключылі ацяпленне. Утульна будзе і Маці Божай, і вам, шаноўныя парафіяне, маліцца каля абразоў.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў пробашч касцёла апостала Андрэя з мікрараёна «Уручча» ў Мінску ксёндз Яўген. Ён нагадаў пра тое, як нарадзілася ідэя перэгрынацыі абразоў Маці Божай.
— Гэта быў час пандэміі, — расказваў святар. — Спыніліся пілігрымкі вернікаў у вядомыя санктуарыі, людзі былі ў няведанні. І ксёндз-канонік Уладыслаў Завальнюк, на той час пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, выступіў ініцыятарам і арганізатарам перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Багародзіцы. Першая пілігрымка адбылася ўздоўж мяжы Беларусі. Тады яе ўдзельнікі маліліся ў трох інтэнцыях: аб спыненні пандэміі, адбудове пасля пажару касцёла ў Будславе і спакоі на тэрыторыі Беларусі і ў сэрцы кожнага яе жыхара. І, як бачым, Марыя выслухала просьбы і зрабіла ўсё, аб чым маліліся. Сёння яна прыйшла да вас. Яна выслухае кожнага і ахіне сваім цудадзейным плашчом. Як нашы дзяды і прадзеды з ружанцам у руках кленчылі перад цудадзейнымі абразамі, так і мы з вамі маем цудоўную магчымасць звярнуцца да Маці Божай.
За 4 гады перэгрынацыі абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі па нашай краіне парафія Езуса Міласэрнага стала 121 месцам, куды яны прыбылі. Касцёл поўны людзей. Бачыла сярод іх тых, хто наведвае храм толькі па вялікіх святах. Было шмат незнаёмых. Ведаю, што ў касцёл Святога Антонія Падуанскага пакланіцца Маці Божай і папрасіць яе дапамогі ў вырашэнні розных праблем прыходзілі не толькі католікі, але і праваслаўныя.
Цудадзейныя абразы для ўшанавання вернікамі застануцца ў касцёле Езуса Міласэрнага да 13 снежня. Касцёл будзе адчынены ў буднія дні з 15 да 19 гадзін, у суботу – з 8 да 12, у нядзелю – з 8 да 16.
Можна прыйсці і ў цішыні сэрцам прытуліцца да Маці Божай.
Анна Анішкевіч

